Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

8 ліпеня 1993 году ў Менску пачаўся Першы зьезд беларусаў сьвету


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 8 ліпеня.

8 ліпеня 1993 году ў Менску пачаўся Першы зьезд беларусаў сьвету, які сабраў каля тысячы дэлегатаў з усёй Зямлі. Многія пастановы й наказы таго ўсебеларускага веча ня выкананыя дагэтуль. Напрыклад, на менскім будынку, дзе ў 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, так і не зьявілася мэмарыяльная шыльда.

8 ліпеня ў 1621 годзе нарадзіўся Жан дэ Ляфантэн – францускі паэт, які пісаў байкі – усяго 12 кніг. Многія сюжэты Ляфантэнавых твораў мы ведаем са школы, напрыклад, пра лісу і сыр. Праўда, у школе нам не казалі пра таго, хто гэта прыдумаў, а толькі пра таго, хто перайначыў байкі на расейскую мову – пра Івана Крылова.

8 ліпеня ў 1796 годзе пакінуў гэты сьвет беларускі паэт і гісторык Адам Нарушэвіч. Родам ён быў зь Пінску, дзе скончыў калегіюм, пасьля вучыўся за мяжой. Адам Нарушэвіч выкладаў паэтыку і рыторыку ў Віленскай акадэміі. Ягонае наватарства як гісторыка было ў тым, што ён разглядаў свой прадмет як сьвецкую навуку і адмаўляў уплыў боскае волі на гістарычныя падзеі.

8 ліпеня ў 1838 годзе нарадзіўся Фэрдынанд фон Цэпэлін, нямецкі граф і канструктар дырыжабляў. А праз год у такі самы дзень прыйшоў на сьвет Джон Ракфэлер. Імя гэтага амэрыканскага мільянэра стала назыўным. Сапраўды, Джон Ракфэлер быў вельмі багатым чалавекам. Ён заснаваў кампанію “Стандард ойл“, якая завалодала акцыямі 90% амэрыканскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Праўда, Ракфэлер не раскідаў грошы налева-направа, а стварыў дабрачынны фонд.

8 ліпеня 1889 году памёр беларускі кампазытар і піяніст Фларыян Мiладоўскi. Карэнны мянчук, ён вучыўся музыцы ў Вільні, Менску, Бэрліне і Вене. Пасьля канцэртаваў па ўсёй Беларусі, а перад самым паўстаньнем 1863 году эміграваў у Францыю. Напісаў апэрэту “Канкурэнты”, дзьве імшы і дзьве санаты, а таксама мноства песень, мазурак, нактурнаў ды іншых твораў.

І дзьве літаратурныя даты.

8 ліпеня 1892 году зьявіўся на сьвет Рычард Олдынгтан, ангельскі пісьменьнік, што пісаў пра “страчанае пакаленьне“ – ягоныя раманы “Сьмерць героя“ і “Ўсе людзі – ворагі“. У гэты ж дзень у 1932 годзе памёр расейскі пісьменьнік Аляксандар Грын. Шмат хто захапляўся ягонай аповесьцю “Пунсовыя ветразі”, але ня ўсе ведаюць, што сапраўднае прозьвішча пісьменьніка Грынеўскі, што ён беларус і паходзіў зь сям’і сасланага ў Сыбір паўстанца 1863 году.

Дарэчы, і свае “Пунсовыя ветразі” Грын пісаў пад Віцебскам, будучы на службе ў Чырвонай арміі.
XS
SM
MD
LG