Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вэбсайце park.by адбылася online-канфэрэнцыя Ўрала Латыпава і дарадцы Лукашэнкі ў інфарматызацыі Валерыя Цапкалы


Ігар Карней, Менск Абмяркоўвалася чарговае пытаньне дзяржаўнай важнасьці: стварэньне ў Беларусі аналягу самага вядомага ў навуковым сьвеце інтэлектуальнага цэнтру — Крэмніевай, альбо, як пайшло зь чыёйсьці лёгкай рукі, Сыліконавай даліны ў Каліфорніі.

Ідэю Парку высокіх тэхналёгіяў у Беларусі агучвалі ўжо неаднаразова, але гэтак жа лёгка пра яе і забываліся. Сёньня і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў, і кіраўнік праекту Валеры Цапкала пераконвалі ўдзельнікаў віртуальнай канфэрэнцыі, што пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ўзяў беларукі аналяг Сыліконавай даліны пад кантроль, справа зь месца зрушыцца. Аднак такі аргумэнт пераканаў ня ўсіх.

Вось вытрымкі зь некаторых пытаньняў, дасланых на park.by: “Ці не здаецца вам, што і без прывіднай Сыліконавай даліны справаў да горла? Тое, што гэта ўтопія, не разумее толькі немаўля. І дзе грошы ўзяць — зноў накруціць і без таго завоблачныя падаткі? Ці, як заўсёды, усе “добраахвотна” скінуцца, як у выпадку зь бібліятэкай?” “Калі вы мяркуеце, што за 200 даляраў зможаце ўтрымаць у Беларусі спэцыяліста, то лепей і не пачынайце. Маючы аклад у ЗША ці Нямеччыне 50–100 тысяч даляраў на год, ніхто сюды не прыедзе, і ўсё пераўтворыцца ў чарговы фарс. І паводле якіх крытэраў будзе фармавацца кіраўнічы пэрсанал: паводле адданасьці камусьці ці прафэсіяналізму?”

Бальшыня адзначае, што стварыць па камандзе аналяг навуковага цэнтру немагчыма. Як напісаў адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі, “культура вытворчасьці фармуецца эвалюцыяй разьвіцьця прадукту, а не адміністрацыйнай рэвалюцыяй”. А навуковец зь вялікім досьведам, акадэмік Аляксандар Вайтовіч дадае, што ідэю стварэньня высокатэхналягічнага парку дзяржаўныя ўстановы ўжо некалькі разоў адхілялі.

(Вайтовіч: ) “Я ня ведаю, для каго гэтая канфэрэнцыя робіцца? Навукоўцы і тэхнічная інтэлігенцыя і так усё разумеюць. Трэба рабіць канкрэтную справу. А што канфэрэнцыя? Рэкляма. Рэклямаваць яшчэ няма чаго, калі толькі намер. А намеру чамусьці ад 1998 году дзяржава не рэалізавала. Чыноўнікі з адміністрацыі прэзыдэнта, Савету міністраў не прапускалі, і ўсё. А задума была арганізаваць вакол Акадэміі Навук зону высокіх новых тэхналёгіяў. Нам гэта ўсё адсякалі, нічога не прапускалі”.

(Карэспадэнт: ) “Чаму трэба апэляваць абавязкова да Сыліконавай даліны?”

(Вайтовіч: ) “Бо гэта ўсё піяршчына. Сама назва ў ЗША — “Silicon Vаlley” — азначае Крэмніевая даліна. Тады інтэгральныя схемы рабілі на аснове крэмнія, таму і назва была адпаведная. А ў нас нехта даслоўна пераклаў Сыліконавая даліна. А сылікон вы ж ведаеце, што такое, сылікон — гэта матэрыял, якім жанчынам бюсты падпраўляюць. І гучыць для людзей, якія ведаюць мовы замежныя і разьбіраюцца, што такое крэмень і што такое сылікон, недарэчна. У Амэрыцы гэта называецца Крэмніевая даліна, а мы перакладаем “Silicon Vаlley” наўпрост як “сыліконавая”.

Кіраўнік беларускага праекту Парку высокіх тэхналёгіяў Валеры Цапкала сёньня зазначыў, што прынамсі для навукоўцаў СНД Беларусь павінна стаць такой жа мэкай, як Крэмніевая даліна. У гэтым зьвязку варта зазначыць, што ў Каліфорніі базуюцца найлепшыя з найлепшых: фірма ў вытворчасьці мікрапрацэсараў “Іntel”, вытворца кампутараў “Apple”, кампанія электроннага абсталяваньня “Hewlett Packard”, вытворца праграмнага забесьпячэньня “Sun Microsystems”. Ці можа ў гэты шэраг уклініцца Беларусь? — пытаньне спрэчнае, — лічыць прафэсар фізыкі, доктар фізыка-матэматычных навук Юры Хадыка. З улікам таго, што абнаўленьне экспэрымэнтальнай базы ў Акадэміі Навук не адбывалася 15 гадоў, прэтэндаваць на ўсясьветныя ляўры цяжка.

(Хадыка: ) “Усе “даліны” ад пачатку ствараліся пад вялікія дзяржаўныя замовы і былі звычайна цэнтрамі вывучэньня ваенных тэхналёгіяў. Вельмі сумняюся, што такую праграму можа стварыць наш урад і фінансаваць яе адпаведным чынам. Таму ўсё гэта мне здаецца прапагандай, спробай чарговых абяцаньняў навукоўцам, каб яны не зьяжджалі”.

***

Усяго Ўралу Латыпаву і Валерыю Цапкалу было даслана амаль паўтары сотні пытаньняў. Адказалі чыноўнікі ў часе двухгадзіннай канфэрэнцыі толькі на траціну. Аднак на асноўныя пытаньні – калі, дзе менавіта пачнецца будаўніцтва навуковага гарадка, хто складзе інтэлектуальны касьцяк Парка высокіх тэхналёгіяў і, нарэшце, на якія сродкі будзе весьціся дзейнасьць беларускай “крэмніевай даліны” – адказаў так і не было.
XS
SM
MD
LG