Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто яны, людзі ў “чорных масках”, якія ўчынілі напады на генэрала Фралова, на Сяргея Антончыка ды іншых апазыцыянэраў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Хто яны, людзі ў “чорных масках”, якія нападаюць на апазыцыянэраў, зьбіваюць дэпутатаў, выкрадаюць найбольш уплывовых і актыўных палітыкаў? Звычайныя крымінальнікі? Ці, можа, належаць да якога сакрэтнага ведамства, альбо падпарадкоўваюцца некаму пэрсанальна?

Да якой групы могуць належаць людзі ў чорных масках і да якога ведамства належыць гэтая група? Упершыню “чорныя маскі” ў Беларусі ўзьніклі ў 1995 годзе. Апранутыя ў чорнае людзі зьбілі, захапілі і вывезьлі з будынку парлямэнту дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якія пратэставалі супраць будучага рэфэрэндуму па мове і дзяржаўнай сымболіцы. Паводле пазьнейшых зьвестак, у чорнае былі апранутыя супрацоўнікі Службы аховы прэзыдэнта, якой тады кіраваў Юры Бародзіч. А непасрэдна апэрацыяй нібыта камандаваў тагачасны камандуючы ўнутранымі войскамі генэрал Агалец. Гэтак лічыць былы сьледчы пракуратуры, цяперашні праваабаронца Алег Волчак. Паводле іншых зьвестак, гэта была група “Альфа”.

Алег Волчак не выключае, што ў 1999 годзе людзі ў чорных масках захоплівалі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага на вуліцы Фабрычнай. Паводле Алега Волчака, гэта маглі быць службоўцы з асобнай брыгады ўнутраных войскаў пад камандаваньнем палкоўніка Паўлічэнкі.

(Волчак: ) “Прыкметы кажуць за тое, што гэта была структура СОБРу. Машыны, пра якія пісалі, менавіта Паўлічэнкі. Таму, канечне, падставы меркаваць, што гэта была структура собраўская, нейкая элітная група”.

У 2000 годзе зьявіліся першыя зьвесткі пра асобную аналітычную службу, якую ўзмацнілі й перавялі з Савету бясьпекі ў пракуратуру Беларусі. Гэты перавод супаў з прызначэньнем былога кіраўніка Савету бясьпекі Віктара Шэймана генэральным пракурорам Беларусі. Неўзабаве ў друку зьявілася прозьвішча кіраўніка сакрэтнай службы — палкоўнік Васільчанка.

Журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш праводзіла журналісцкае расьсьледаваньне дзейнасьці гэтай структуры:

(Коктыш: ) “Я тэлефанавала ў пракуратуру і пыталася менавіта пра Васільчанку. І сакратарка мне адказала, што гэта сакрэтнае падразьдзяленьне, і яна ня можа мне выдаць ягоных гарадзкіх тэлефонаў”.

Пазьней у пракуратуры ўвогуле перасталі прызнаваць, што там ёсьць нейкая сакрэтная служба. Калі сёньня я патэлефанаваў у прэсавую службу пракуратуры, там адмовіліся камэнтаваць гэтую тэму.

Між тым, тое, што структура беларускіх сакрэтных службаў папоўнілася, стала шырока вядома. Паводле зьвестак дэпутата Валера Фралова, падчас леташняй нарады ў КГБ з удзелам Аляксандра Лукашэнкі той нібыта прызнаўся, што не задаволены тым, як дзейнічае супраць апазыцыі КГБ, і таму створаная дадатковая служба . “Нешта” — гэтак паводле крыніцаў генэрала, сказаў пра яе кіраўнік дзяржавы. Ці супрацоўнікі гэтай службы зьбілі дэпутата Фралова і спрабавалі скрасьці экс-дэпутата Сяргея Антончыка?

“Супраць мяне, безумоўна, дзейнічалі добра падрыхтаваныя прафэсіяналы”, — лічыць Валер Фралоў. Ён спасылаецца на выбар месца і часу нападу і на паводзіны “людзей у чорных масках”. Сярод іншага дэпутат адзначыў наступную асаблівасьць:

(Фралоў: ) “Вельмі інтэлігентныя хлопцы, як аказалася. Са мной былі дзьве кнігі, якія я набыў у Маскве. Дэтэктыў Нязнанскага і Мухін, называецца “Сьмерць Сталіна і Берыі”. Дык вось, усё вярнулі, а гэтыя кнігі зьніклі. Хлопцы чытаюць”.

Валер Фралоў ня думае, што на яго нападалі супрацоўнікі КГБ, бо гэтым “няма чаго надзяваць чорныя маскі”. Паводле дэпутата, хутчэй за ўсё ён сутыкнуўся з супрацоўнікамі сакрэтнай структуры, якая была створаная пры Савеце бясьпекі й пазьней перайшла ў падпарадкаваньне рэспубліканскай пракуратуры.

(Фралоў: ) “Маю пэўныя зьвесткі, што гэтая служба створаная і дзейнічае цяпер пры пракуратуры, яна была пашыраная і вынікі яе дзейнасьці відаць”, — казаў дэпутат Валер Фралоў, які на мінулым тыдні стаў ахвярай нападу невядомых у масках.
XS
SM
MD
LG