Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя пачала пошук нападнікаў на былога дэпутата Сяргея Антончыка


Уладзімер Глод, Менск 8 ліпеня спадара Антончыка выклікалі ў Менскі гарадзкі аддзел міліцыі, дзе зь ім размаўляў опэрупаўнаважаны Вадзім Грыб. Менавіта яму кіраўніцтва даручыла весьці так званую дэпутацкую справу. Нагадаем, што раніцай 7 ліпеня трое невядомых напалі на Сяргея Антончыка, калі той садзіўся ў свой аўтамабіль на стаянцы ў менскім мікрараёне Паўднёвы Захад. Былы дэпутат здолеў зьбегчы ад нападнікаў.

У Сяргея Антончыка паўторна ўзялі паказаньні, пасьля чаго накіравалі ў адмысловую структуру міліцыі, каб зрабіць фатаробаты тых людзей, што зьдзейсьнілі напад. Былому дэпутату паказалі таксама архіўныя здымкі некаторых злачынцаў, якія, на думку сьледзтва, маглі ўдзельнічаць у гэтай справе.

Спадар Антончык гаворыць, што ў яго складаецца ўражаньне, што міліцыя сур’ёзна ставіцца да ягонай заявы:

(Антончык: ) “Яны насамрэч хочуць знайсьці, яны не імітуюць, бо яны нават уначы ўсіх сьведак падымалі й бралі паказаньні. Але сёньня мне сьледчы сказаў, што адзін сьведка ўжо адмовіўся ад паказаньняў. Адмовіўся, сказаў, што нічога ня бачыў, нічога ня чуў і адмаўляюся ад таго, што раней сказаў. Відаць, ноч перажыў, спужаўся, там, ці што...”

Сяргей Антончык паведаміў, што гэта ўжо ня першы напад на асобаў, якія ствараюць адмысловую сетку людзей, для падрыхтоўкі для чарговых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтая сетка патрэбная, паводле яго, перадусім для сапраўднага кантролю за выбарчым працэсам, падтрымкай дэмакратычных кандыдатаў:

(Антончык: ) “На аднаго нашага актывіста, які цяпер лечыцца ў Менску, напалі ў Лунінцы, зламалі руку, пяць чалавек яго зьбівалі. А ён знаходзіцца ў нашай сетцы, зьяўляецца каардынатарам па адной вобласьці. І яшчэ некаторыя людзі пацярпелі. Таму мы вымушаныя казаць пра тую справу, якую мы робім. Крыніцай гэтых нападаў ёсьць гэтая справа. Мы лічым, што ў Беларусі цяпер дастаткова людзей, якія могуць правесьці пераўтварэньні, маглі бы перамагчы на любых выбарах, якія маглі бы прымусіць улады не парушаць Канстытуцыю і пайсьці ў адстаўку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG