Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Угодкі Шагала й Купалы ў Віцебску ўпершыню сьвяткаваліся разам


Браніслава Станкевіч, Віцебск У дзень народзінаў сусьветна вядомага мастака ў Віцебску штогод праводзяцца міжнародныя Шагалаўскія дні. Cёлета замежныя госьці былі ўражаныя тым, што, аказваецца, у адзін дзень са знакамітым Шагалам нарадзіўся і слынны беларускі пясьняр Янка Купала, угодкі якога дагэтуль у Віцебску не адзначалі.

Ініцыятыва адзначаць у Віцебску ўгодкі Янкі Купалы належыць тутэйшаму паэту Барысу Беляжэнку. Дагэтуль хіба толькі ў Ляўках, на Аршаншчыне, праводзілася мясцовае літаратурнае сьвята, прычым галоўныя высілкі кіраўніцтва горада ды вобласьці былі скіраваныя не на яго, а на штогадовую падрыхтоўку да “Славянскага базару”.

Сёлета ўладам давялося падтрымаць прыватную ініцыятыву, і на Плошчы 1000-годзьдзя Віцебску ўпершыню прайшло Купалаўскае сьвята. Ягонымі гасьцямі сталі й тыя, хто прыехаў гэтымі ў Віцебск на ўгодкі да Марка Шагала. Прынамсі, прысутныя пагадзіліся, што запачаткаваную традыцыю варта працягваць, нягледзячы нават на тое, што “двайны” дзень народзінаў стварае пэўныя нязручнасьці для гараджанаў ды гасьцей, якім хочацца пасьпець адначасова на ўсе цікавыя імпрэзы.

Але Віцебск не настолькі ўжо вялікі горад, каб гэта было цалкам немагчыма, таму тутэйшы паэт Давід Сімановіч, літаральна подбегам сьпяшаючыся з аднаго сьвяткаваньня на другое, пасьпеў яшчэ й пракамэнтаваць новую для Віцебска мастацкую падзею.

(Сімановіч: ) “Няхай будзе і яшчэ адно сьвята, каму шкада! Будзем і далей так праводзіць. Чым болей такіх сьвятаў, тым лепш!”

Дарэчы, якраз Давід Сімановіч быў адным з тых, хто 14 год таму ўпершыню прапанаваў віцяблянам адсьвяткаваць угодкі Шагала. Тады гэта таксама была ня больш чым прыватная грамадзянская ініцыятыва, якая паступова набыла міжнародны статус, зрабіўшы віцебскія сьвяткаваньні ўсясьветна вядомымі.

Што да адметнасьцяў сёлетніх шагалаўскіх імпрэзаў – а гэта найперш навуковыя Шагалаўскія чытаньні, якія пачаліся ўчора ды завершацца сёньня – то іх можна было б сымбалічна назваць “Марк Шагал і ягоная тэатральная творчасьць”. Адбылася прэзэнтацыя адмысловага дасьледваньня “Тэатр Марка Шагала”: з паведамленьнямі на гэтую тэму выступілі беларускія ды замежныя навукоўцы. Як самых пачэсных гасьцей віцябляне віталі ўнучку мастака Мерэт Мэйер-Грабер ды вядомага калекцыянэра шагалаўскіх твораў Гюнтэра Каматскі, якія прыяжджаюць у Віцебск ці не штогод.

А ўвечары каля доміка Шагала на вуліцы Пакроўскай адбылося літаратурна-музычнае сьвята “Ў гасьцёх у Марка і Бэлы”, дзе пад старымі яблынямі мастацтва паяднала і аматараў Купалавай лірыкі, і прыхільнікаў ня менш паэтычнага шагалаўскага сымбалізму.

(Спадар: ) “Беларуская зямля нарадзіла сусьветнай велічыні мастака! Я не габрэй, я беларус, але я проста ў захапленьні ад Марка Шагала ды ягонай творчасьці!”

(Спадарыня: ) “Марк Шагал – гэта Мэтр, знакамітасьць віцебскай мастацкай школы!”

(Спадарыня: ) “Я памятаю, як у 80-я гады, даведаўшыся, што мы зь Віцебску, у нас заўсёды пыталіся пра Марка Шагала: ці ёсьць у родным горадзе Шагала хаця б нешта “шагалаўскае”. Тады нічога не было. А цяпер усё ёсьць, і гэта вельмі добра!”
XS
SM
MD
LG