Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цытаты мінулага – 8 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 8 ліпеня

“Крыніца”, 1924 год. Зь мястэчка Ёды Дзісьненскага павету:

“Шкада нашага войта. Быў ён слаўны чалавек. Служыў лоўка: людзям дагаджаў, толькі нешта свайму старасту быў не пад нароў. Людзі кажуць, што гэтаму войту стараста адмовіў службу за тое, што ён у гміне гукаў па беларуску… Ёсьць загад солтыса, каб у гміне па беларуску не гукалі. Гэтакі зварот жыцьця ў нас дужа падабаўся нашым мяшчанам, што думаюць аб сабе быццам яны каранныя палякі. Але так думаюць толькі дурнейшыя сярод іх, а разумнейшыя разьбіраюцца ў гэтым: яны ведаюць, што зь іх такія палякі, як, скажам, з казла сьпівак”.

“Камунар Магілеўшчыны”, 1934 год:

“Заводскія арганізацыі скурзавода імя Сталіна многа аддаюць увагі палепшанню матэрыяльна-бытавога становішча рабочых. Для развіцця індывідуальнай харчовай базы закуплены 30 парасят, якія разданы рабочым ударнікам завода. У бліжэйшыя дні будзе набыта і раздана яшчэ 30 парасят”.

“Свабода”, 1994 год:

“3 ліпеня калёна БНФ не змагла прайсьці да помніка Перамогі, каб ушанаваць памяць палеглых у другой сусьветнай вайне. Гэтую калёну пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, у якой ішлі вэтэраны, грамадзкія і палітычныя дзеячы, актывісты Народнага Фронту, двойчы спынялі шэрагі міліцыянтаў. У трэці раз спынілі перад самым пляцам Перамогі. Падбегла некалькі дзесяткаў адстаўнікоў і нейкіх малойчыкаў. “Толькі праз мой труп пройдзеце!” — крычаў маёр-адстаўнік. У гэты дзень на пляцы Перамогі гаспадарылі тыя, хто абараняў не сваю Радзіму, а сталінскі таталітарызм”.
XS
SM
MD
LG