Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маскоўская камісія не зацьвердзіла праект помніка Янку Купалу, плянаваны на ўсталяваньне ў Маскве


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня 122-я гадавіна з дня нараджэньня Янкі Купалы. Напярэдадні ў Менску адбылося выязное паседжаньне экспэртнай рады Камітэту культуры Масквы, якая адмовілася зацьвердзіць праект помніка Янку Купалу, які плянуецца ўсталяваць на Кутузаўскім праспэкце расейскай сталіцы. Падставай для гэтага стала нібыта недасканаласьць мастацкай часткі праекту. Аднак беларускія адмыслоўцы кажуць пра надуманасьць заяваў расейскіх экспэртаў і выказваюць думку, што помнік так і ня будзе ўсталяваны.

Камісія расейскіх экспэртаў на чале з намесьнікам галоўнага архітэктара Масквы Юрыем Грыгор’евым працавала ў Менску 6 ліпеня. Гэткім чынам, адмоўнае рашэньне ў справе зацьверджаньня праекту помніка было прынятае напярэдадні 122-й гадавіны з дня нараджэньня Янкі Купалы. Вось што ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў супрацоўнік ўправы Міністэрства культуры Беларусі Вадзім Лукашык:

(Лукашык: ) “Камісія яго разгледзела, адзначыла несумнеўныя перавагі й некаторыя недахопы, якія цягам трох месяцаў аўтарскі калектыў будзе выпраўляць”.

Што менавіта не задаволіла расейскіх экспэртаў, непасрэдна ў спадара Грыгор’ева высьветліць не ўдалося. Але вось што паведаміў сябра праўрадавай суполкі маскоўскіх беларусаў і супрацоўнік мэрыі Юры Ваўчок:

(Ваўчок: ) “Праблема ў задумцы аўтараў: Купала абдымае нейкі камень. Уражаньне такое, што ён нібыта п’яны — абняў слуп і стаіць, як алькаголік. Ніводзін помнік у Маскве не абдымае камяня. Мы, беларусы, супраць гэткай трактоўкі”.

Заяву Юрыя Ваўчка зьняпраўджвае адзін з аўтараў манумэнту, Сяргей Гумілеўскі. Скульптар мяркуе, што сапраўдныя прычыны непаразуменьняў палягаюць у нежаданьні расейскіх чыноўнікаў усталёўваць помнік Янку Купалу ўвогуле. Гаворыць Сяргей Гумілеўскі:

(Гумілеўскі: ) “Было вырашана, каб фігура абапіралася на валун — і зьвязаць гэта з паэзіяй Купалы. Гэты варыянт мы паказвалі ў Маскве, і ўсе падтрымалі. Грыгор’еў цяпер хоча іншы варыянт, а праца ўжо зробленая ў памеры, і там нешта зьмяніць вельмі цяжка. Увогуле, устаноўка помніка пад вялікім пытаньнем — ці ў гэтым варыянце, ці ў іншым, бо яны вельмі агрэсіўна настроеныя супраць помніка. З аднаго боку, быццам і выдзелілі месца, а зь іншага — спасылаліся, што, маўляў, жыхары прылеглых дамоў не жадаюць, каб там помнік стаяў. Акрамя таго, гэтулькі часу ўсё гэта доўжыцца, што зразумела, што няма жаданьня там ставіць гэты помнік”.

Сябра мастацкага савету пры Мінкульце Беларусі, які высока ацаніў працу Сяргея і Льва Гумілеўскіх, скульптар Анатоль Арцімовіч гэтаксама трымаецца меркаваньня, што ўстаноўка помніка клясыку беларускай літаратуры ў Маскве адтэрміноўваецца наўмысна. Гаворыць Анатоль Арцімовіч:

(Арцімовіч: ) “Яны ехалі з адным спадзяваньнем — адкласьці ўсё гэта ў вельмі доўгую скрыню. Маўляў, над Чэхавым працавалі дваццаць гадоў, над яшчэ нечым — дваццаць пяць, і гэтак далей. І гэта ўжо ня першая праца, якая ідзе на завал, нібыта наўмысна. Ідзе нейкая тузаніна, якой мы ня ведаем”.

Паводле спадара Арцімовіча, аналягічны лёс можа напаткаць і помнік Францішку Скарыну, аўтарам якога ён зьяўляецца. Меркавалася, што манумэнт будзе ўсталяваны ў Калінінградзе пры канцы чэрвеня. Аднак зь невядомых прычынаў гэтая падзея была адкладзеная на нявызначаны тэрмін.

Паводле міждзяржаўных дамоўленасьцяў, помнік Янку Купалу мусіў быць усталяваны ў Маскве да 120-гадовага юбілею паэта ў якасьці падарунку расейскай сталіцы. Гэтага, аднак, не адбылося і да 122-гадавіны нараджэньня паэта, якая адзначаецца сёньня, 7 ліпеня. Да ўгодкаў клясыка нацыянальнай літаратуры каля помніка Янку Купалу ў Менску сёньня адбыліся ўрачыстасьці з удзелам пісьменьнікаў і паэтаў. Афіцыйную імпрэзу прадоўжылі грамадзкія літаратурныя чытаньні, якія ў гонар паэта зладзілі аматары творчасьці Янкі Купалы.
XS
SM
MD
LG