Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць заяву Лукашэнкі што да магчымага ўступленьня ў Эўразьвяз


Алесь Дашчынскі, Менск Падчас прыёму даверчых лістоў пасла Аўстрыі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа калі-небудзь стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Па ягоных словах, не за гарамі той час, калі палітычныя стасункі Беларусі з Эўразьвязам будуць цудоўнымі. Як рэагуюць на гэтыя словы вядомыя палітыкі?

Падобныя заявы Лукашэнка звычайна робіць у часе пахаладаньня адносінаў з Расеяй. Аднак кіраўнік камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец сьцьвярджае адваротнае:

(Чаргінец: ) “Гэтыя словы былі сказаныя якраз не ў пэрыяд пагаршэньня адносінаў з Расеяй, бо сустрэліся ўжо прэзыдэнты, расстаўленыя кропкі над “і”, намечаныя крокі наперад, прэзыдэнт выступіў на саюзным парлямэнце. Проста гэта цьвярозы разьлік і развагі палітыка, які жадае, каб у нас і ў Эўропе як мага больш было парадку і як мага цясьнейшае было супрацоўніцтва паміж краінамі эўрапейскай сям’і. Цяпер ідзе адпрацоўка любых курсаў, якія ідуць на карысьць краіны, пошук новых шляхоў, хадоў, якія паскораць умацаваньне Беларусі. Гэта нармальная зьява, тое ж самае робіцца ў Расеі. Нашы дзеяньні на міжнароднай арэне каардынуюцца з Расеяй”.

Паводле дэпутата Палаты прадстаўнікоў Івана Пашкевіча, паляпшэньне дачыненьняў з Эўрапейскім зьвязам — рэч добрая. Але падобныя заявы гучалі й раней, ды няма пэўнасьці, што яны будуць выкананыя. Паводле Пашкевіча, Захад чакае канкрэтных крокаў ад Лукашэнкі.

(Пашкевіч: ) “Сёньня, на жаль, склалася такая сытуацыя, што ў нас усё залежыць ад адной асобы. Любы крок, ён толькі бы вітаўся Захадам. Першая праява — гэта парлямэнцкія выбары. На наступным тыдні ў прэзыдэнта краіны плянуецца пашыранае паседжаньне па гэтым пытаньні, нешта высьветліцца. Паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі ў гэтым кірунку. Гэта якраз крокі да зьвязу з Эўропай, якіх патрабуюць ад нас нашы суседзі, усё чалавецтва”.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў мяркуе, што Беларусь павінна стаць сябрам Эўразьвязу, але гэта здарыцца толькі пасьля Лукашэнкі, які робіць цяпер усё, каб пагоршыць стасункі Беларусі з Эўразьвязам. Паводле Саньнікава, заява кіраўніка Беларусі мае іншы разьлік:

(Саньнікаў: ) “Гэта зьвязана з тым, што цяпер распрацоўваюцца пляны дзеяньняў і праграмы Эўразьвязу дачынна да новых суседзяў. А Лукашэнка туды не патрапляе. Там будуць выдаткоўвацца даволі сур’ёзныя сродкі на праекты менавіта для новых суседзяў. Вось ён спрабуе нешта зрабіць. Тут таксама адбываюцца перамовы па тэкстылі — можа, Лукашэнка спрабуе паўплываць на гэтыя перамовы, каб не было санкцыяў супраць дэмпінгавых цэнаў на тэкстыль”.

Былы старшыня Савету рэспублікі Аляксандар Вайтовіч глядзіць на заявы Лукашэнкі аб паляпшэньні стасункаў з Эўрапейскім зьвязам без асаблівага аптымізму.

(Вайтовіч: ) “Я думаю, што ў найбліжэйшы час нічога сур’ёзнага ня можа адбыцца, таму што кардынальнаму паляпшэньню адносінаў Беларусі з Эўразьвязам павінны папярэднічаць нейкія крокі з боку Беларусі. Усё залежыць ад таго, як далей пойдуць справы. Я так многа чуў добрых намераў, але потым нічога не рабілася. Таму я вельмі асьцярожна і пэсымістычна на гэта гляджу”.
XS
SM
MD
LG