Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учынены напад на былога дэпутата Сяргея Антончыка


Уладзімер Глод, Менск 7 ліпеня а 8-й гадзіне раніцы трое невядомых напалі на дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, вядомага актывіста рабочага руху Сяргея Антончыка. Напад адбыўся на аўтамабільнай стаянцы па праспэкце Газэты “Правда”, 13, дзе звычайна спадар Антончык пакідае на ноч свой “Нісан”.

Сяргей Антончык — дэпутат Вярхоўнага савету 12 скліканьня, ён вядомы з свайго дакладу аб карупцыі ў камандзе Аляксандра Лукашэнкі, распавядае пра тое, як усё адбывалася:

(Антончык: ) “Толькі сеў у машыну, яшчэ не пасьпеў ключа выцягнуць, як убачыў, што падбеглі тры моцныя хлопцы, гадоў пад 25. Адзін паспрабаваў адчыніць заднія дзьверы, другі кінуцца на маё месца, а трэці зь месца пасажыра таксама хацеў адчыніць дзьверы. І гэта так раптоўна адбылося. Калі бы я хаця б мінуту ці нават сэкунду пачакаў... Але я штурхнуў ад сябе дзьверы і выскачыў. Той чалавек гэтага не чакаў. Ён думаў, мабыць, што я стары дзед, тоўсты, малы. Я выскачыў. Яны за мной пабеглі ўтрох. Але ж я ў футбол гуляў, таму добра бегаю на кароткія дыстанцыі. Я выбег на дарогу, а людзей няма. Восем гадзін раніцы, крама яшчэ не працуе. Я пабег у бок бара, яны за мной. Потым бачаць, што нейкі чалавек, які ехаў машынай, прыпыніўся, другі прыпыніўся. Яны тады кінулі, селі ў машыну 21-38 МІ, зацемненую “дзявятку”, і яшчэ была адна машына. І яны зьніклі. Але людзі запісалі нумары, міліцыю выклікалі...”

У Менскім гарадзкім аддзеле міліцыі капітан Аляксандар Дрозд выдаў Сяргею Антончыку квіток уведамленьня №1318, што сьведчыць пра тое, што міліцыя зафіксавала гэты выпадак. Але капітан Дрозд ня ўпэўнены, што гэтай справай далей будзе займацца менавіта ён:

(Дрозд: ) “Я ад Антончыка проста прыняў заяву і тлумачэньне, як усё гэта адбывалася. А вось хто будзе рабіць праверку, непасрэдна займацца гэтай справай, я ня ведаю. Вы зьвярніцеся да дзяжурнага. Той, каму даручаць разьбірацца, будзе ведаць больш. Я ведаю, толькі тое, што ведае Антончык. Але зь ягоных словаў. Зь ягоных словаў я ўсё і пісаў”.

Дзяжурны ў гарадзкім аддзеле міліцыі сказаў мне, што “кіраўніцтва аддзелу расьпіша гэты матэрыял на канкрэтнага выканаўцу заўтра”.

Паводле Сяргея Антончыка, у міліцыі яго спыталі, ці ня можа ён ацэньваць гэты выпадак як спробу скрасьці ягоную машыну. Спадар Антончык адкідае такую думку:

(Антончык: ) “Гэта старая машына, яна зусім паржавелая, яе нават ніхто рамантаваць ня хоча. Потым, калі яны на мяне кінуліся, я ж адкінуў барсэтку. А ў ёй былі сотавы тэлефон, кашалёк, дакумэнты. Яны гэтага нічога не ўзялі”.

Сяргей Антончык паведаміў, што ён зьвязвае напад на сябе з той працай, якую ён цяпер робіць і якая накіраваная на падрыхтоўку да выбараў — парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх:

(Антончык: ) “Я хачу сказаць, што цяпер мы, вялікая група людзей, ствараем адмысловую сетку людзей, згодна з Канстытуцыяй рыхтуемся да выбараў. Мы ў кожным горадзе ствараем гэтую сетку дзеля таго, каб зрабіць сапраўдны і кантроль за выбарамі, і сваіх кандыдатаў падтрымаць, і правесьці новага кандыдата на прэзыдэнта. І, я думаю, што з гэтым і зьвязаны напад. Ва ўладаў пачалі здаваць нэрвы. Я думаю, што яны невыпадкова абралі сёньняшні дзень, 7 ліпеня, калі быў скрадзены Завадзкі. Прычым, такім жа чынам, з машынай. Я думаю, што яны хацелі мяне скрасьці й на маёй жа машыне вывезьці. А потым машыну дзесьці прыпаркаваць і кінуць”.
XS
SM
MD
LG