Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сьвяткавалі Купальле


Альгерд Невяроўскі, Менск Мінулай ноччу многія людзі ў Беларусі адзначалі старажытнае сьвята – Купальле. У Менску асноўным месцам сьвяткаваньня стаў парк 900-годзьдзя Менску, што каля Чыжоўскага вадасховішча. Сьвяточныя фальклёрныя мерапрыемствы там арганізавалі мясцовыя раённыя ўлады. Людзі ж больш дасьведчаныя ў старажытных беларускіх традыцыях сьвяткавалі Купальле два тыдні таму – у дзень летняга сонцавароту.

Галоўныя ўрачыстасьці пачаліся а 18 гадзіне ўвечары 7 ліпеня. На бераг Чыжоўскага вадасховішча прыйшло нямала людзей – перадусім моладзі. Сьвяткаваньне пачалося тэатралізаваным шэсьцем. Спачатку зьявіліся нейкія пачвары, якія заміналі праводзіць сьвята. Потым сьвята наладзілася. Зьявілася Купалінка, пачаліся сьвяточныя гаданьні на вянках, было запаленае традыцыйнае вогнішча, шукалі Папараць-кветку і г.д. Працавалі выязныя гандлёвыя крамы, сьпявалі аматарскія фольк-калектывы.

У парку 900-годзьдзя Менску афіцыйнае Купальле сьвяткуецца ўжо каля 10 гадоў, і ўвесь гэты час арганізацыяй сьвята займаецца аддзел культуры мясцовай раённай адміністрацыі. Іншых сьвяткаваньняў Купальля ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Менску не было. Сьвяткавалася Купальле на неблагім узроўні, аднак заставалася адчуваньне нечага ненатуральнага, штучна арганізаванага. І тым ня менш, многім маладым людзям яно спадабалася. Вось, што сказала мне менская студэнтка Алёна:

(Алёна: ) “Купальле для мяне – гэта даволі магічнае сьвята. Мне прыемна заўжды зь сябрамі выехаць кудысьці за горад: вогнішча і такія абсалютна бессэнсоўныя пошукі папараць кветкі нейкім чынам разбаўляюць гэтую будзённасьць у нашым жыцьці. Такім чынам, можна проста файна “адарвацца”. Нешта ў гэтым ёсьць. Калі ў гэта верылі нашыя продкі, то, пэўна, не дарма так усё было”.

Вельмі часта Купальле адзначаецца неафіцыйна. Напрыклад, беларускія недзяржаўныя арганізацыі гэтае сьвята мінулай ноччу не адзначалі. Напярэдадні сьвяткаваньня я зьвязаўся з намесьнікам старшыні Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Зьмітром Мурашкам і кіраўніком полацкага клюбу “Усяслаў Чарадзей” Васілём Храмцовым. Гэта прадстаўнікі нешматлікіх беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, якія вельмі шануюць старажытныя традыцыі сьвяткаваньня Купальля.

Яны й іхныя сябры адзначалі Купальле ў дзень летняга сонцавароту, а менавіта 22 чэрвеня, на адным з азёраў на Віцебшчыне – паводле старажытнай традыцыі крывічоў. Напрыклад, вогнішча запальвалі толькі з дапамогай крэсіва, смажылі барана і рэканструявалі іншыя старажытныя традыцыі. Адзначэньне ж паганскага сьвята Купальля паводле праваслаўнага календара, з 6 на 7 ліпеня, яны лічаць не зусім сапраўдным, але шануюць пачуцьці тых, хто сьвяткаваў Купальле мінулай ноччу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG