Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандр Дабравольскі: “Цэнтральная ўлада паставіла высокі плот паміж сабою і грамадзтвам”


Казімір Яноўскі, Гомель 6 ліпеня ў другой палове дня прадстаўнікі народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” наведалі Хойнікі, каб абмеркаваць набалелыя чарнобыльскія пытаньні з жыхарамі райцэнтру і паінфармаваць іх аб дзейнасьці палітычных партыяў.

Як так сталася, што кіраўнікі хойніцкай вэртыкалі адважыліся на сустрэчу з прадстаўнікамі народнай кааліцыі? Паводле беларускіх законаў, палітычныя партыі маюць права на сустрэчы з грамадзянамі. Але сытуацыя выглядае так, што намесьнік старшыні райвыканкаму Вячаслаў Шчацінін перахітрыў сам сябе. У афіцыйным адказе ён прапанаваў найперш правесьці ня сход з жыхарамі, а абмеркаваць набалелыя хвалюючыя пытаньні з кіраўнікамі выканкаму, управаў і аддзелаў.

Прадстаўнікі “Пяцёркі плюс” Аляксандр Дабравольскі, Юры Хадыка, Сяргей Калякін, Уладзімер Стах, Алег Грамыка, Анатоль Астапенка расцанілі прапанову як запрашэньне і прыехалі ў Хойнікі. Мяркую, што хойніцкім вэртыкальным кіраўнікам, і найперш намесьніку старшыні Шчацініну, проста не было куды дзявацца. Ён так і сказаў: “Ну калі прыехалі, то будзем размаўляць”.

Зь іншага боку, мясцовым чыноўнікам, хочуць яны таго ці не, але неяк трэба вырашаць і чарнобыльскія, і розныя сацыяльныя праблемы. Шмат людзей незадаволена. Нейкай альтэрнатыўнай інфармацыі чыноўнікі ня маюць, а ў апазыцыйных партыяў ёсьць добрыя інтэлектуальныя сілы.

Намесьніца старшыні райвыканкаму Натальля Васілеўская адразу пачала з прэтэнзіяў да ўлёткі сябра АГП Леаніда Судаленкі, распаўсюджанай ў Хойніках. Ва ўлётцы сьцьвярджалася, што ёсьць шляхі дзеля таго, каб прывесьці аплату жытла і камунальных паслугаў у адпаведнасьць з рэальнай плацёжнай здольнасьцю людзей.

Спадарыня Васілеўская сказала, што асабіста яна ня бачыць годнага выйсьця з сытуацыі. Сяргей Калякін і Аляксандр Дабравольскі паабяцалі хойніцкім чыноўнікам даслаць канцэпцыю рэфармаваньня ЖКХ і разам з калегамі здолелі-такі перавесьці гаворку ў больш канструктыўнае рэчышча.

Размова ішла пра забесьпячэньне пацярпелых раёнаў спэцыялістамі, аказаньне людзям мэдычнай дапамогі, кампэнсацыю выдаткаў на гаспадарчую дзейнасьць на заражаных тэрыторыях, пра аздараўленьне дзяцей і харчаваньне насельніцтва ва ўмовах радыяцыйнага забруджваньня. Прадстаўнікі “Пяцёркі плюс” пераканаўча паказалі, што многія сацыяльныя праблемы закладваюцца цяперашнімі дэпутатамі Нацыянальнага сходу яшчэ на стадыі сьцьвярджэньня бюджэту краіны.

Пасьля лідэры палітычных партыяў выйшлі на пляц каля райвыканкаму, каб пагутарыць з жыхарамі. Іх было няшмат, але людзі ўсё-такі даведаліся пра прыезд у райцэнтр лідэраў палітычных партыяў. Урэшце на пляц прыйшоў і старшыня райвыканкаму Мікалай Садчанка, які, казалі, адсутнічаў і толькі быў прыехаў зь нейкай нарады.

Я папрасіў лідэра ПКБ Сяргея Калякіна падзяліцца ўражаньнямі пра сустрэчы ў выканкаме і непасрэдна з шараговымі жыхарамі на пляцы.

(Калякін: ) “Ствараецца ўражаньне, што яны жывуць у паралельным сьвеце. Людзі самі сабе, а супрацоўнікі выканкаму ў якімсьці папяровым, выдуманым сьвеце: ёсьць нейкія рэзалюцыі, яны выконваюцца, усё ідзе больш-менш някепска”.

У Аляксандра Дабравольскага свае ўражаньні:

(Дабравольскі: ) “Людзі гавораць пра адно, а вось гэтыя працаўнікі мясцовай ўлады – яны сапраўды хвалююцца пра тое, што робіцца, але баяцца падняць гэтыя пытаньні. І нават нам яны распавядалі пра некаторыя пытаньні, якія ня могуць вырашыць. У любой краіне, калі ўлада штосьці робіць, а апазыцыя крытыкуе, то гэта вельмі важна, бо ўлада атрымлівае інфармацыю, якую б інакш не атрымала. Пра тое, што робіцца ня так, пра тое, як можна зрабіць інакш. Гэтага пазбаўлена і мясцовая ўлада, гэтага, на жаль, пазбаўлена і цэнтральная ўлада. Цэнтральная ўлада паставіла высокі плот паміж сабою і грамадзтвам і ня хоча чуць гэтага грамадзтва. Вось у гэтым бяда”.

З Хойнікаў лідэры “Пяцёркі плюс” заехалі на непрацяглы час у забруджаную радыяцыяй вёску Стралічаў, дзе знаёміліся з умовамі жыцьця вясковых жыхароў.
XS
SM
MD
LG