Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Колас: Да налепак “Запрашаем у рэальны сьвет” я дачыненьня ня маю


Любоў Лунёва, Менск У сталіцы Беларусі на фасадах дамоў і аўтобусных прыпынках зьявіліся налепкі з заклікам прыйсьці 21 ліпеня на плошчу Якуба Коласа. Супрацоўнікі міліцыі атрымалі загад знайсьці распаўсюднікаў налепак і газэты “Освобождение”.

Заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцыі 21 ліпеня падалі дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас, Ірына Красоўская і дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімер Парфяновіч і Сяргей Скрабец.

Пакуль вядзецца фармаваньне аргкамітэту. Плянуецца, што туды войдуць прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных сілаў у Беларусі. Пакуль дазволу на правядзеньне акцыі няма.

Тым часам, у горадзе пачалі зьяўляцца ўлёткі з заклікам прыйсьці на плошчы Якуба Коласа 21 ліпеня, каб такім чынам выказаць сваё стаўленьне да кіраўніка краіны. Праваахоўныя органы шукаюць распаўсюднікаў гэтых налепак і ўлётак.

Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) "Мы падалі заяўку на мітынг з нагоды сканчэньня 10-гадовага тэрміну знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнты краіны. Мы лічым, што гэта сапраўды важная дата. Варта абмеркаваць тое, што зрабіў Лукашэнка на гэтай пасадзе".

(Лунёва: ) "У горадзе налепкі й газэта "Освобождение". Вось, напрыклад, налепка – "Запрашаем у рэальны сьвет. 21 ліпеня а 18-й гадзіне на пл. Якуба Коласа". Як вы лічыце, гэткія налепкі маюць нейкі эфэкт?"

(Колас: ) "Любая прапаганда мае нейкі эфэкт. Шчыра кажучы, я ня маю ніякага дачыненьня да гэтых налепак, а таксама да гэтай газэты. Тым ня менш я лічу, гэта абсалютна натуральна, што ня толькі я асабіста і ня толькі аргкамітэт думае пра гэтую дату і пра тое, як трэба апавясьціць народ пра гэтую акцыю".

(Лунёва: ) "Як вы лічаце, колькі людзей прыйдзе на плошчу?"

(Колас: ) "Вельмі цяжка пра гэта меркаваць. Усе кажуць, што лета – гэта час грамадзянскага і палітычнага штылю, але вось гэтая падзея, гэтая дата, пасьля якой сканчаецца легітымны тэрмін знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта – настолькі важная дата, што мы спадзяемся, што будзе шматлюдна".

Паводле новага адміністрацыйнага кодэксу, распаўсюднікаў налепак і газэт чакаюць даволі жорсткі санкцыі: ад штрафаў, да арышту. Гэта кваліфікуецца як дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі альбо заклік да акцыі, на якую няма дазволу ўладаў. Магчыма з гэтай прычыны налепкі маюць даволі абстрактныя выявы, бяз згадкі якіх-небудзь арганізацыяў і сымбаляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG