Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Празь сем гадоў касьмічнага палёту “Касіні” даляцеў да Сатурну і перадае сэнсацыйныя фотаздымкі плянэты і яе спадарожнікаў


Юрыя Дракахруст, Прага Касьмічны карабель “Касіні” дасягнуў Сатурну і перадае сэнсацыйныя фотаздымкі плянэты Сатурн і спадарожнікаў. Інфармацыя з “Касіні” прымушае перагледзіць ранейшыя тэорыі навукоўцаў і задае новыя загадкі.

Дасьледчы карабель “Касіні” перадаў на Зямлю першыя фотаздымкі найбуйнейшага з 31 спадарожніка Сатурну – Тытану, які мае памеры плянэты Мэркуры. На дасланых каляровых фотаздымках бачныя велізарныя воблакі мэтану і гіганцкі кратэр памерам з Заходнюю Эўропу.

Навукоўцы мяркуюць, што атмасфэра Тытану складаецца з прыблізна тых жа хімічных элемэнтаў, зь якіх складалася атмасфэра Зямлі ў далёкай мінуўшчыне, і вывучэньне працэсаў, што маюць месца на Тытане, можа дапамагчы зразумець гісторыю нашай уласнай плянэты.

Гаворыць адзін з кіраўнікоў праекту “Касіні”, брытанскі навуковец Эндру Коатс:

(Коатс: ) “Гэта нешта накшталт старажытнай Зямлі. Зямлі, якой яна была 4 мільярды гадоў таму. Гэта робіць дасьледаваньне вельмі захапляльным, мы можам назіраць пачатак чагосьці такога, з чаго пазьней можа зьявіцца жыцьцё”.

Навукоўцы па-ранейшаму спрачаюцца на конт таго, што могуць уяўляць сабой сьветлыя і цёмныя плямы на паверхні Тытану. Мяркуецца, што цьмяныя плямы могуць быць нагрувашчваньнем лёду, а сьветлыя – лёду з дамешкамі мэтану.

У першы раз “Касіні” праляцеў каля Тытану на адлегласьці 350 тысячаў кілямэтраў. Гэта ня надта блізка, хаця і тыя дадзеныя, якія прынесьлі першыя фотаздымкі, немагчыма было атрымаць зь Зямлі – спадарожнік Сатурну пакрыты шчыльнай атмасфэрай, якая не дазваляе ўбачыць, што робіцца пад ёй.

Наступным разам, у кастрычніку, касьмічны карабель праляціць над Тытанам на вышыні ўсяго тысячу кілямэтраў.

Цікавая інфармацыя паступае і пра самую плянэту, і пра яе знакамітыя кольцы. На здымках бачная дзіўная структура кольцаў, якая тлумачыцца, хутчэй за ўсё, моцным магнітным полем плянэты. Крыніцы гэтага поля, а таксама крыніцы высокай тэмпэратуры Сатурну – загадкі, на якія пакуль ня знойдзеныя адказы.

Цягам наступных 4 гадоў “Касіні” зробіць 74 віткі вакол Сатурну і 45 віткоў вакол Тытану. У наступным студзені на “Тытан” з касьмічнага карабля будзе высаджаны дасьледчы так бы мовіць тытанаход “Гюйгенс”, названы ў гонар галяндзкага астранома 17 стагодзьдзя, які адкрыў Тытан.

“Касіні” – супольны амэрыканска-эўрапейскі праект. Касьмічны карабель стартаваў зь Зямлі 7 гадоў таму і толькі сёлета, праляцеўшы 3 мільярды кілямэтраў прыляцеў да Сатурну.
XS
SM
MD
LG