Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла круглы стол “Праблема доступу журналістаў да інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь”


Галіна Абакунчык, Менск Грамадзкая арганізацыя Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла круглы стол у праблемах доступу журналістаў да інфармацыі. Нагодай для гэтага сталі шматлікія выпадкі перашкодаў у працоўнай дзейнасьці, якія журналістам незалежных мэдыяў чыняць мясцовыя і вышэйшыя ўлады краіны.

Атрыманьне інфармацыі ў дзяржаўных структурах — адна з найвастрэйшых праблемаў цяперашняй незалежнай журналістыкі. Пошукам шляхоў выйсьця з гэтага становішча і было прысьвечанае правядзеньне круглага стала, — паведаміў у інтэрвію Радыё Свабода адзін зь ягоных арганізатараў Эдуард Мельнікаў.

(Мельнікаў: ) “Правы журналістаў, і ня толькі журналістаў, а ўсіх грамадзянаў — яны парушаюцца самымі злачыннымі мэтадамі. Цяпер мы ставім мэту пабудаваць лінію паводзінаў, каб бараніць правы журналістаў і рэдакцыяў з мэтай аб’ектыўнага інфармаваньня насельніцтва пра тое, што цяпер насамрэч адбываецца ў Беларусі”.

Удзел у працы круглага стала ўзялі журналісты друкаваных і электронных СМІ зь Менску, Баранавічаў, Слоніму, Барысава ды іншых гарадоў. Усе яны прыводзілі шматлікія прыклады, калі прадстаўнікі ўладаў і сілавых структураў перашкаджалі працы журналістаў. Вось што паведаміў апэратар расейскага тэлеканалу ТВЦ у Беларусі Ўладзімер Андронаў:

(Андронаў: ) “Ніводнага дня не было, каб ня здарылася сутыкненьня з прадстаўнікамі ўлады. Пытаньне адно: што вы тут здымаеце, зь якой мэтай і ці ёсьць у вас дазвол. Даходзіць да абсурду, бо ня так даўно ў цэнтры гораду, на Кастрычніцкай плошчы патруль АМОНу патрабаваў, каб я ім выклаў пытаньні, якія я зьбіраюся задаваць людзям на вуліцы. Вось гэта звычайная практыка”.

Паводле прадстаўнікоў незалежных мэдыяў, у рэгіёнах чыноўнікі на месцах яшчэ больш груба парушаюць правы журналістаў, Закон аб друку і Канстытуцыю краіны. Паводле спадара Мельнікава, магчымае вырашэньне праблемы мае быць такое:

(Мельнікаў: ) “З намі абыходзяцца крымінальнымі мэтадамі, але мы павінныя застацца на прававым полі: будзем назапашваць гэтыя факты, накіроўваць іх у эўрапейскія і айчынныя выканаўчыя структуры, каб было відаць, якая гэта вострая сацыяльная праблема. А пасьля таксама будзем лабіяваць закон аб доступе грамадзянаў да інфармацыі”.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае прадстаўнікоў незалежных СМІ абараняць сваё права на атрыманьне інфармацыі ў пракуратуры і судах.
XS
SM
MD
LG