Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне тром апазыцыйным партыям — БНФ, АГП і БСДГ


Альгерд Невяроўскі, Менск Улады абвінавачваюць іх у закліку да людзей узяць удзел у нібыта несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку газэты “Народная воля” і патрабуюць зарэгістраваць кааліцыю “Пяцёрка плюс”. Прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады гавораць, што напярэдадні выбараў улады вырашылі зьнішчыць сваіх палітычных праціўнікаў.

У папярэджаньні, якое падпісаў першы намесьнік міністра юстыцыі Аляксандар Петраш, гаворыцца, што прадстаўнікі партыяў БНФ, АГП і БСДГ на старонках газэты “Народная воля” “незаконна заклікалі грамадзянаў Беларусі 10 чэрвеня ўзяць удзел у несанкцыянаваным пікеце “Ланцуг неабыякавых чытачоў”.

Намесьнік міністра таксама прапанаваў папярэджаным партыям, якія, на ягоную думку, уваходзяць у народную кааліцыю “Пяцёрка плюс”, да 15 жніўня зарэгістраваць гэтае аб’яднаньне. У адваротным выпадку ён пагражае вынесьці паўторнае папярэджаньне, пасьля якога партыі могуць быць ліквідаваныя.

Я паспрабаваў высьветліць у Мінюсьце, ці законныя гэтыя папярэджаньне і патрабаваньне зарэгістраваць кааліцыю і чым яны матываваныя. Але безвынікова. Вось што сказаў у гутарцы са мной начальнік управы рэгістрацыі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Мінюсту Міхаіл Сухінін:

(Сухінін: ) “Нічога не магу адказаць, толькі празь міністра! Вы разумееце, што я клэрк. Без камэнтароў. Не таму, што я дрэнна адношуся да прэсы — я яе кахаю, але не магу нічога. Празь міністра”.

Міністар жа і ягоны намесьнік былі вельмі занятыя і ня мелі часу на размову.

А вось як пракамэнтаваў папярэджаньне старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Я думаю, што сынхронная атака на нашыя партыі абумоўленая рэальнай трывогай рэжыму за свой лёс і за самога сябе. І відавочна, Міністэрства юстыцыі атрымала загад з адміністрацыі Лукашэнкі пачаць рыхтаваць зачыстку цяпер ужо палітычнага поля. Ну што ж, гэта толькі пацьвярджае, што ўсё мы робім правільна. І мы гатовыя працягваць сваю працу ў любых варунках”.

Намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі лічыць, што ніякіх юрыдычных падставаў для папярэджаньня няма, бо на ланцуг у падтрымку “Народнай волі” ніякага дазволу ня трэба, а кааліцыя “Пяцёрка плюс” ёсьць аб’яднаньнем ня партыяў, а асобных грамадзянаў.

А вось меркаваньне ў гэтай справе сябра выканкаму БСДГ Аляксея Караля:

(Кароль: ) “Гэтае папярэджаньне ёсьць у рэчышчы агульнай тактыкі й палітыкі ўладаў на абмежаваньне, а пры пэўных абставінах — на ліквідацыю сваіх апанэнтаў. Яны баяцца свабодных і справядлівых выбараў. І таму на дальніх подступах абмяжоўваюць магчымасьці сваіх апанэнтаў”.

Партыя БНФ зьбіраецца абскарджваць папярэджаньне Мінюсту ў суде, іншыя партыі пакуль думаюць.

Пры канцы чэрвеня Мінюст накіраваў у суд пазоў аб ліквідацыі Партыі працы, якая на думку чыноўнікаў, неаднаразова парушыла беларускае заканадаўства.
XS
SM
MD
LG