Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 ліпеня Цэнтарвыбаркам, магчыма, разгледзіць прапановы дэпутата Ўладзімера Навасяда


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Спадарыня Ярмошына сказала, што зварот Уладзімера Навасяда, за які прагаласавала бальшыня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, цяпер “знаходзіцца ў рабоце”.

(Ярмошына: ) “Навасяд зьвярнуўся, праўда, да мяне. Але патрэбна памятаць, што старшыня Цэнтральнай камісіі валодае тым жа адным голасам, што і іншыя сябры камісіі. Адпаведна закону пра Цэнтарвыбаркам, тлумачэньні выбарчага заканадаўства дае Цэнтральная выбарчая камісія як орган у цэлым. Таму і камэнтаваць і тлумачыць будзе Цэнтарвыбаркам сваёй пастановай. Цяпер гэтае пытаньне вывучаюць нашыя юрысты, паколькі на запыце я напісала рэзалюцыю: “Вынесьці на разгляд камісіі”. Гэта азначае, што яны павінны вывучыць пытаньне, падрыхтаваць праект пастановы, і, натуральна, мы будзем гэта прымаць на паседжаньні камісіі”.

Уладзімер Навасяд перакананы: калі Цэнтарвыбаркам дасьць свае афіцыйныя тлумачэньні да асобных артыкулаў Выбарчага кодэксу, шмат праблем можна будзе зьняць. Напрыклад, падчас мясцовых выбараў летась дэпутат асабіста пераканаўся, што крытэры, паводле якіх фармуюцца выбарчыя камісіі, не прапісаныя. І гэта дае магчымасьці мясцовым уладам, фармальна без парушэньня заканадаўства, не дапускаць у камісіі прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі:

(Навасяд: ) “Мне здаецца, што пратаколаў ні сходаў, ні вылучэньня наогул не існуе. У склад камісіяў уваходзяць людзі, якія задоўга да працэсу фармаваньня гэтых камісіяў туды прызначаныя. І таму грамадзкасьць ня верыць у тое, што такія камісіі падлічваюць галасы правільна. Таму і першы пункт дэпутацкага запыту — гэта крытэры, якімі карыстаюцца ўлады пры фармаваньні выбарчых камісіяў. Калі суб’екты палітыкі будуць мець тлумачэньні Цэнтарвыбаркаму пра тое, якія крытэры ўжываюцца пры фармаваньні гэтых камісіяў, то тады ў іх будзе юрыдычная аснова для вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у гэтыя камісіі”.

Спадар Навасяд просіць унесьці адпаведныя тлумачэньні і па іншых этапах выбарчага працэсу — напрыклад, дакладна прапісанага кантролю за захаваньнем скрынак для бюлетэняў, асабліва падчас датэрміновага галасаваньня. Усяго ягоны запыт ахоплівае сем аспэктаў выбарчага працэсу.

Я спытаў спадарыню Ярмошыну, калі Цэнтарвыбаркам можа разгледзець дэпутацкі зварот. Паводле яе адказу, гэта верагодна адбудзецца 14 ліпеня:

(Ярмошына: ) “Я магу адразу сказаць, што, адпаведна з законам, мы можам гэта зрабіць нават у сярэдзіне кастрычніка. Чаму? Таму, што, згодна з законам пра статус дэпутата, мы можам зрабіць гэта на працягу дваццаці дзён цягам сэсіі. Але ж мы цудоўна разумеем, што запыт зьвязаны з выбарамі. Таму, я думаю, мы разгледзім пытаньне на паседжаньні Цэнтральнай камісіі разам з тым пакетам дакумэнтаў, якія мы прымаем пасьля аб’яўленьня выбараў. Як зьявіцца адпаведны ўказ, мы зьбярэмся на паседжаньне камісіі, прыблізна гэта 14 ліпеня”.

Уладзімер Навасяд спрабуе дэмакратызаваць выбарчы працэс праз дадатковае тлумачэньне некаторых артыкулаў дзейнага Выбарчага кодэксу. Такое права мае Цэнтарвыбаркам. Таму дэпутат і падрыхтаваў зварот да Лідзіі Ярмошынай. 29 чэрвеня 74 сябры Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за тое, каб накіраваць запыт свайго калегі да старшыні Цэнтарвыбаркаму.
XS
SM
MD
LG