Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэраны знайшлі партфэль генэрала Фралова


Алесь Дашчынскі, Менск Партфэль генэрала Фралова знойдзены вэтэранамі ў Лошыцкім парку. У ім захаваліся без пашкоджаньняў усе дакумэнты, скрадзеныя падчас нападу пяцёх невядомых у пад’езьдзе дэпутацкага дому па Казарменным завулку, 4, дзе таксама знаходзіцца службовая кватэра Валерыя Фралова.

6 ліпеня партфэль Валерыя Фралова перададзены супрацоўнікам міліцыі, якія вядуць расьсьледаваньне крымінальнай справы, заведзенай па факце рабаваньня. Учора ўвечары яго знайшлі ў Лошыцкім парку два пэнсіянэры, якія штодня робяць там шпацыры. У партфэлі ляжаў пашпарт дэпутата Сяргея Скрабца, вэтэраны расшукалі ягоны тэлефон і паведамілі позна ўвечары пра сваю знаходку, потым пра гэта даведаўся ўладальнік партфэлю генэрал Фралоў.

(Фралоў: ) “Сёньня мы прыехалі, выклікалі міліцыю, каб яны там разьбіраліся. Можа, якія адбіткі рабілі, я ня ведаю. Яны спрабавалі там праводзіць сьледчыя дзеяньні. Яны цяпер у міліцыі ўсе гэтыя дакумэнты: пашпарт, пасьведчаньні, некаторыя паперы, якія, канечне, непаждана, каб іх бачылі, але аказаліся, на жаль, у руках некаторых. Усе паперы на месцы і нават тыя, якіх мне не хацелася б, каб іх бачылі, але так атрымалася”.

Паводле Валерыя Фралова, у знойдзеным партфэлі не аказалася толькі партманэ з грашыма, дзе было 200 даляраў.
XS
SM
MD
LG