Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія ўлады не рэагуюць на прапановы назваць бульвар імем Быкава


Міхал Стэльмак, Менск Агляд рэгіянальнага друку

Газэта “Вольнае Глыбокае” паведамляе сваім чытачам пра сустрэчу выпускнікоў і выкладчыкаў Глыбоцкай пэдвучэльні, што адбылася напярэдадні 60-годзьдзя яе адкрыцьця. Гэтая вучэльня, заснаваная ў жніўні 1944 года ў сувязі з вострым недахопам настаўнікаў на вызваленых ад фашыстаў тэрыторыях, праіснавала ўсяго 11 гадоў. На вечарыне колішнія выхаванцы ўстановы прыгадвалі, што адна зь яе студэнтак была выключана толькі за тое, што ў газэце з партрэтам Сталіна, якая ляжала ў інтэрнаце на стале, падмалявала яму вусы. Некалькі студэнтаў былі выключаны з установы за тое, што аказалі падтрымку сваім бацькам, якія супраціўляліся прымусоваму правядзеньню калектывізацыі. Але асобна згадвалася пра лёс 18 студэнтаў, якіх выключылі з вучэльні й судзілі за ўтварэньне Беларускага Саюза Моладзі. Яны атрымалі ад 10 да 25 гадоў зьняволеньня за тое, што хацелі бачыць Беларусь незалежнай.

Паведамляе газэта “Вольнае Глыбокае” і пра канфлікт жыхароў Глыбокага і аддзелу адукацыі мясцовага райвыканкаму. У райцэнтры зачыняецца дзіцячы садок № 1. Ягоны будынак зьбіраюцца перадаць Дому піянэраў. “Нас пакідаюць ні з чым!”, заявіла рэдакцыі маці аднаго з наведнікаў садка. Прычым, паводле публікацыі, рашэньне пра яго закрыцьцё было прынята, нягледзячы на тое, што маладыя бацькі за свае грошы рамантавалі гэты садок, куплялі для яго крэслы і цацкі. У сваю чаргу, аддзел адукацыі тлумачыць свае дзеяньні неабходнасьцю эканоміі бюджэтных грошай, а таксама пагаршэньнем дэмаграфічнай сытуацыі – зьмяншэньнем у Глыбокім колькасьці дзяцей. Калі ўлады не прыслухаюцца да пратэсту маладых бацькоў, то, як вынікае з публікацыі, апошнім давядзецца шукаць іншыя садкі для сваіх дзяцей. Таму ня выключана, што ў Глыбокім пасьля 1 жніўня чакаецца перапаўненьне дзіцячых установаў у паўтары разы.

“Беларуская дзелавая газэта” у сваім сёньняшнім нумары дасьледуе канфлікт, зьвязаны з брэндам “Народная воля”. Вядомы ўладальнік фірмы ніжняй бялізны “Серж” Сяргей Атрошчанка зарэгістраваў дадзены назоў як уласную гандлёвую марку, у той час як “Народная воля” ужо шмат гадоў ёсьць вядомай недзяржаўнай газэтай. Паводле вэрсіі “БДГ”, прысвоіць “брэнд” вядучага выданьня, як гэта зрабіў спадар Атрошчанка, без дазволу ўладаў немагчыма.

Гарадзенскі штотыднёвік “Біржа інфармацыі” інфармуе пра студэнцкае жыццё ў Горадні. Двум студэнтам філялягічнага факультэту мясцовага унівэрсытэта пагражае адлічэньне. Іх затрымалі міліцыянты за тое, што на асфальце і сцяне дому яны напісалі слова “Зубр”. Частка выкладчыкаў пачала збор подпісаў у абарону студэнтаў, чыя пасьпяховасьць не выклікае нараканьняў. Таму, паводле выкладчыкаў, адлічэньне з унівэрсытэту аўтараў графіці было б празьмерна жорсткім пакараньнем.

Паведамляе “Біржа інфармацыі” і пра стварэнне ў Горадні музэю Васiля Быкава. Арганiзаваў гэтую справу Мiкалай Мельнiкаў, былы выкладчык лiтаратуры ў Гарадзенскiм дзяржаўным унiвэрсытэце iмя Янкi Купалы. Музэй ствараецца ў офiсе ветэранаў вайны, працы i Ўзброеных сiлаў рукамі саміх ветэранаў. Ініцыятыва рухаецца цяжка, паколькі вэтэраны не заўсёды могуць нават заплацiць за гэтае памяшканьне. Яны неаднойчы зьвярталiся да мясцовых уладаў з тым, каб увекавечыць памяць славутага пiсьменьнiка, прасiлi пераназваць бульвар Ленiнскага камсамола iмем Быкава, назваць ягоным імем адну са школак, заснаваць штогадовую прэмiю ў галiне лiтаратуры і журналiстыкi, пасьмяротна надаць пiсьменьнiку званьне ганаровага грамадзянiна Горадні. Аднак, улады так i не адрэагавалі на прапановы вэтэранскай арганiзацыi.
XS
SM
MD
LG