Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд аднавіў ільготы для ліквідатараў наступстваў Чарнобыльскай аварыі, але далёка ня ўсе яны аб гэтым ня ведаюць


Казімір Яноўскі, Гомель Сотні ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі былі пазбаўленыя сваіх пасьведчаньняў на падставе рашэньня рэспубліканскай Міжведамаснай камісіі, прынятага 27 сьнежня 1994 году: камісія пастанавіла не прызнаваць ліквідатарамі тых, хто застаўся жыць на заражанай радыяцыяй тэрыторыі. Канстытуцыйны суд краіны прызнаў згаданае рашэньне Міжведамаснай камісіі не адпаведным закону. Людзі сталі зьвяртацца ў афіцыйныя органы, каб аднавіць свае правы.

Гомельшчына найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, аднак пра нейкія масавыя паходы дзеля аднаўленьня сваіх правоў казаць не выпадае. Далёка ня ўсе людзі ведаюць пра вэрдыкт Канстытуцыйнага суду.

Зь іншага боку, улады асабліва не афішуюць тое, што жыхарам пацярпелых раёнаў беспадстаўна адмаўлялі ў гарантаванай законам сацыяльнай абароне ад наступстваў Чарнобылю. Справа ў тым, што калі даць чалавеку статус ліквідатара, то трэба даць яму паводле закону дадатковы адпачынак, бясплатную пуцёўку, лекі на папраўку здароўя. Вось што кажа на гэты конт чарнобыльскі ліквідатар Аляксандр Сямкоў з выселенай вёскі Крутое Чачэрскага раёну:

(Сямкоў: ) “Забралі ільготы, бо начальства паатрымлівала пасьведчаньні. Яны там і не былі. А якія людзі сапраўды сумленна працавалі, вывозілі ўсё – іх багата ўжо зямлю парыць, тых, што былі са мною ў зоне”.

Дарэчы, як распавёў кіраўнік раённых электрасетак Валер Вініцкі, цяпер у тым жа Чачэрскім раёне толькі сярод электрыкаў каля дзесятка чалавек прэтэндуе на пасьведчаньні ліквідатараў.

Куды ж трэба зьвяртацца, каб атрымаць пасьведчаньне ліквідатара? Гэта залежыць ад таго, хто зьвяртаецца. Калі гэта пэнсіянэр, то дамагацца статусу ліквідатара трэба праз органы сацыяльнага забесьпячэньня. Тым, хто працуе, дакумэнты на атрыманьне пасьведчаньня ліквідатараў трэба падаваць у камісіі сваіх ведамстваў.

Канешне, дзеля пацьверджаньня ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы патрэбны копіі загадаў, камандзіровак ці іншых дакумэнтаў пра накіраваньне ў 86-м на працу ў “зону”. Калі ж ніякіх дакумэнтаў не захавалася, то лепей за ўсё зьвярнуцца ў суд і з дапамогаю сьведкаў давесьці сваю прыналежнасьць да ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы.

Вядома, што ў верасьні 1995-га году Аляксандр Лукашэнка адмяніў большасьць ільготаў, устаноўленых законам для чарнобыльцаў-ліквідатараў. У Гомелі, нягледзячы на гэтую адмену, ліквідатары карыстаюцца бясплатным праездам ў грамадзкім транспарце. У судах абласнога цэнтру разглядаліся асобныя справы, калі ліквідатары падавалі скаргі на кантралёраў, якія штрафавалі іх за бясплатны праезд. Суды гэтыя ліквідатары выйгравалі. Што датычыць аднаўленьня іншых ільготаў, то, наколькі вядома, такіх спраў у судах пакуль не было.
XS
SM
MD
LG