Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску распачынаецца выстава сцэнаграфічных працаў Марка Шагала


Ігар Карней, Менск У культурным жыцьці беларускай сталіцы сёньня чакаецца важная падзея: у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі адчыняецца выстава “Марк Шагал і сцэна”. Суайчыньнікі вялікага майстра маюць магчымасьць пазнаёміцца з малавядомым бокам ягонай творчасьці.

Натуральна, Марк Шагал больш вядомы як жывапісец і графік. І беларуская публіка адносна нядрэнна знаёмая з гэтым бокам творчасьці мастака. Але схільнасьць да ірэальных прасторавых кампазыцыяў у жывапісе і графіцы цягам часу прывялі мастака ў тэатар. У 1928 годзе ў газэце “Ды iдышэ вэльт”, што выдавалася ў Лiтве, Шагал прыгадваў: “Лежачы на стосе газэтаў у пустым тэатры i гледзячы з падлогi на столь, я малiў свайго прадзеда, якi расьпiсаў сынагогу, падараваць майму пэндзлю хоць адзiную кроплю гэбрайскае сапраўднасьцi”.

Гэтая сапраўднасьць у 1920 годзе і ўвасобілася ў сцэнаграфічным пано для Камэрнага гэбрайскага тэатра ў Маскве. Росьпісы, дэкарацыі і касьцюмы да вядомых пастановак у гэтым тэатры таксама зьяўляюцца выдатнай спадчынай і самога Шагала, і ўвогуле эўрапейскага сцэнаграфічнага мастацтва першай паловы ХХ стагодзьдзя, часу, які ў тэатры быў пазначаны вельмі сьмелымі экспэрымэнтамі. Менавіта гэта абумоўлівае асаблівую цікавасьць да выставы менскай публікі. Вось што мне сказаў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

(Харэўскі: ) “70 гадоў беларусы ня ведалі гэтага імя. 70 гадоў гэтае імя існавала ў шырокім, вольным сьвеце. Нам ведамы Шагал як клясык жывапісу, як графік. Сёньня даецца шанец паглядзець таго Шагала, які крыху выпаў са сфэры зацікаўленьня нашых мастацтвазнаўцаў – Шагал як сцэнограф, дызайнэр. Можна працягнуць гэтую нітку ад Бакста, нашага земляка, які родам з Гародні і быў сцэнографам гэтак званых Дзягілеўскіх “Рускіх сэзонаў” у Парыжы. І Шагал, усьведамляючы сваё паходжаньне і месца, якое ён займае ў грамадзтве, працягнуў гэтую традыцыю. Для любога чалавека, які цікавіцца балетам, культурай наогул, гэта агромністы пласт, варты нашых развагаў і нашага разуменьня”.

У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі будуць выстаўленыя 37 працаў вялікага мастака. Акрамя эскізаў да пастановак у Яўрэйскім камэрным тэатры, менчукі пабачаць і эскізы да балету “Жар-птушка” Стравінскага, створанага на нью-ёрскай сцэне ў 1944-45 гадох, і да балету “Дафніс і Хлоя” Равэля.

Паказ твораў Шагала арганізаваны сумесна з Нацыянальным мастацкім музэем унучкай і спадкаемцай мастака Мэрэт Мэер-Грабэр, а таксама Міністэрствам культуры Беларусі. Экспазыцыю складаюць творы з уласных калекцыяў дзьвюх унучак Шагала – Мэрэт і Бэлы. Натуральна, арганізаваць выставу было няпроста нават у фінансавым пляне. Але тут дапамаглі і амбасада Францыі ў Менску, і шэраг францускіх і беларускіх фірмаў. А працаваць экспазыцыя будзе ажно да восені.
XS
SM
MD
LG