Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клаўдыя Нольтэ: АБСЭ хоча падрыхтаваць пэўную глебу для правядзеньня дэмакратычных выбараў у Беларусі


Ул.інф. На 13 сэсіі ПА АБСЭ ў Эдынбургу сёньня распачнуцца пленарныя паседжаньні. Беларускае пытаньне не ўвайшло ў афіцыйны парадак дня, аднак, як мяркуюць некаторыя эўрапейскія парлямэнтары, якія маюць дачыненьне да падрыхтоўкі адмысловай рэзалюцыі, дыскусіі па сытуацыі ў Беларусі могуць распачацца нават сёньня, самае позьняе заўтра. Нагадаем, што гэты дакумэнт на абмеркаваньне ўдзельнікаў сэсіі прадставіць кіраўніца працоўнай групы ПА АБСЭ Ута Цапф.

Тым часам праект рэзалюцыі па Беларусі ўжо выклікаў нэгатыўную рэакцыю з боку афіцыйнага Менску. Так беларускі амбасадар ў Бэрліне Ўладзімер Скварцоў накіраваў крытычны ліст да аўтараў дакумэнту, у якім ён выказвае сваё непаразуменьне з нагоды заўчаснай крытыкі АБСЭ маючых адбыцца выбараў. Паводле ягоных словаў, парлямэнтары крытыкуюць тое, што адбудзецца толькі ў кастрычніку. На час напісаньня рэзалюцыі выбарчая кампанія ў Беларусі, як і дэбаты вакол выбарчага кодэксу толькі распачынаюцца.

Член ПА АБСЭ, дакладчыца фракцыі ХДС/ХСС па Беларусі ў нямецкім Бундэстагу Клаўдыя Нольтэ нязгодная з гэткім падыходам. У рэзалюцыі няма нейкай заўчаснай крытыкі будучых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

(Нольтэ: ) “Гэта ня так. У гэтай рэзалюцыі мы заклікаем афіцыйны Менск, каб у Беларусі былі створаныя гарантыі для правядзеньня выбараў, каб правы іншых апазыцыйных кандыдатаў не дыскрымінаваліся, каб было карэктнае асьвятленьне гэтай выбарчай кампаніі, каб гэтая кампанія вялася празрыста і дэмакратычна, каб яна адпавядала міжнародным стандартам і каб прадстаўнікі АБСЭ былі запрошаныя ў Беларусь для назіраньня за выбарамі своечасова.

У рэзалюцыі няма заўчаснай крытыкі маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў, АБСЭ хоча падрыхтаваць пэўную глебу для іхнага правядзеньня. Калі беларускі ўрад ня хоча быць скрытыкаваным за тое, што можа адбыцца ў кастрычніку, ён мусіць пайсьці насустрач гэтым патрабаваньням”.

Спадарыня Нольтэ ўпэўненая, што рэзалюцыя па Беларусі будзе прынятая. Паводле ейных словаў, ПА АБСЭ – не адзіная міжнародная структура, якая крытыкуе афіцыйны Менск за сытуацыю з правамі чалавека. Дыскусіі на гэты конт, як і на конт сытуацыі са свабоднымі СМІ, зьніклымі палітыкамі і перасьледам апазыцыі таксама вяліся ў Радзе Эўропы, ААН, таму вельмі натуральна, што гэтыя пытаньні турбуюць і парлямэнтароў АБСЭ. Дыскусія адносна беларускага пытаньня ня вынесеная асобным пунктам ў парадак дня сэсіі, аднак Клаўдзія Нольтэ мяркуе, што дэбаты адбудуцца заўтра, а можа нават і сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG