Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы, якіх прывабіла Балтыка: “Нас яднае гэтае мора, гэтыя землі павінны злучаць і Беларусь”


Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Сяргей Бацютаў (Клайпеда), Алена Мірончык (Клайпеда), Ігар Шаховіч (Калінінград)

Хаця Беларусь гістарычна і геаграфічна фактычна належыць да рэгіёну Балтыі, пабачыць мора жыхары краіны могуць толькі па-за дзяржаўнымі межамі. Беларусь – не марская краіна, але ўзгадаваных на сушы беларускіх юнакоў і дзяўчат таксама вабяць марскія прасторы. Пра беларусаў, якія жывуць на ўзьбярэжжы Балтыкі, слухайце ў чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”.

Беларуская моладзь, якая марыла зьвязаць свой лёс з морам, за савецкім часам накіроўвалася вучыцца пераважна ў найбліжэйшыя марскія вучэльні – ў Рыгу, Талін, Калінінград.

Былы марак Сяргей Бацютаў цяпер жыве ў Клайпедзе. Ён выпускнік Талінскай мараходнай вучэльні, якая рыхтавала кадры для гандлёвага флёту.

(Бацютаў: ) “Зь Беларусі зьехаў у 17 гадоў, нарадзіўся ў Магілёве. Пасьля заканчэньня вучылішча я паехаў у Літву і з таго часу жыву тут 24 гады. Працаваў у мясцовым параходзтве – Літоўскае марское параходзтва”.

У вашым параходзтве былі яшчэ беларусы побач з Вамі?

(Бацютаў: )“Было даволі шмат, ведаю многіх, якія і зараз ходзяць у мора”.

А Вы сам як даўно працуеце на сушы?

(Бацютаў: )“Амаль 10 гадоў. Зараз я працую ў такой арганізацыі, якая займаецца марскім пэрсаналам. Працую намесьнікам дырэктара”.

Вы так даўно не жывяце на Бацькаўшчыне, але не забылі родную мову, як удаецца захоўваць сваю беларускасьць?

(Бацютаў: ) “Заўсёды чытаю па-беларуску, у апошні час у інтэрнэце, у тым ліку заўсёды чытаю сайт Радыё Свабода”.

На пытаньне, ці шмат беларусаў жыве ў Клайпедзе, спадар Сяргей паведаміў, што беларусаў там нямала і нават існуе беларуская суполка “Крыніца”, якую ўзначальвае Алена Мірончык.

Мы зьвязаліся са спадарыняй Аленай. Аказалася, што яна – жонка марака. Ейны муж Пётра Мірончык скончыў тую ж Талінскую вучэльню. Ён да сёньня працуе ў гандлёвым флёце і цяпер знаходзіцца ў плаваньні.

Так што ні зь Пятром, ні зь іншымі маракамі – беларусамі з Клайпеды нам зьвязацца гэтым разам не ўдалося, бо ўсе яны знаходзяцца ў моры.

(Сурмач: ) “Спадарыня Алена чакае мужа і кажа, што быць жонкаю марака зусім ня проста.”

(Мірончык: ) “Цяжка, цяжка быць і цяжка сказаць, трэба вельмі кахаць, таму што чакаем. Як хто можа, так і чакае. Але, трэба, каб чакалі, трэба, каб было да каго вяртацца, бо там вельмі цяжка. Асабліва ў апошні час, калі ўсё ў сьвеце так неспакойна. Трэба, каб хаця дома было цёпла, добра, каб чакалі, каб было куды вяртацца і з працы і з мора”.

(Сурмач: ) “Сп. Алена жыве ў Клайпедзе ўжо каля 25 гадоў...”

(Мірончык: ) “Трапіла сюды разам з мужам. Я родам з-пад Полацка, з нашай самай старажытнай зямлі, сьвятой полацкай зямлі. Мы з адной вёскі з мужам. Ён вучыўся ў Таліне, а я вучылася ў Віцебску, скончыла пэдагагічны інстытут. Пасьля заканчэньня яго навучаньня мы апынуліся тут. Ён ходзіць у мора, працуе.

Я працую ў школе, у пачатковых клясах, хаця я скончыла, як настаўнік біялёгіі і хіміі. Тут не знайшла працы па спэцыяльнасьці. Працую з задавальненьнем, недзе ўжо 22 гады, у расейскамоўнай школе”.

Але, сваю беларускасьць спадарыня Алена не страціла і дапамагае яе выхоўваць ў дзяцей клайпедзкіх беларусаў.

(Мірончык: ) “У гэтай школе працуе беларуская нядзельная школка, дзе я выкладаю беларускую мову, літаратуру, нашу гісторыю, краязнаўства. Аплата ідзе зь бюджэту школы, самакіраваньне нам плаціць, дзяржава літоўская”.

Дзеці з задавальненьнем ходзяць. Больш зацікаўленыя тыя, якія потым паступаюць у беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы. У гэтым годзе 7 выпускнікоў у Менск паедуць, толькі ў гэтым годзе 7, але ўжо трэці год паступаюць.

У гэтай школе і нарадзілася ідэя закласьці ў Клайпедзе беларускую суполку. У гэтым горадзе жыве па статыстыцы 3600 беларусаў, гэта трэцяя па велічыні нацыянальная мяншыня. Суполка “Крыніца” працуе ўжо тры гады.

(Мірончык: ) “Розныя напрамкі дзейнасьці ў нас. Мы зьбіраемся, сьвяткуем усе сьвяты, каляндарныя, абрадавыя.

Па прафэсіях сябры суполкі розныя – настаўнікі, дактары. Тут у нас шмат мужчын, яны пераважна працаўнікі мора, адныя прыходзяць, другія адыходзяць. Мы чакаем, калі яны вернуцца з мора з навінамі з усяго сьвету. Яны стараюцца ўсюды знайсьці беларускія суполкі за мяжою, распавядаюць нам.

Я памятаю, што Віктар Берасьняў, ён сам з Наваполацка, прыйшоў да нас і распавядаў, што быў у Аргентыне, лёс закінуў яго туды на цэлы год, і як ён знайшоў там беларускую суполку, як прыемна было бачыць, што там мову захавалі і традыцыі. Там нават конкурс праводзілі "Беларуская прыгажуня". Яны стараюцца дапамагчы адзін аднаму. І вось мы таксама, у кожнага свае жыцьцёвыя праблемы, калі нехта дапаможа, то лягчэй іх вырашыць”.

(Сурмач: ) “А Ваш муж сустракаў беларусаў у іншых краінах пад час плаваньня?”

(Мірончык: ) “Сустракаў, заўсёды іх шукае і знаходзіць”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Алена распавяла пра мерапрыемствы суполкі ў сёлетнім годзе”.

(Мірончык: ) “У нас у траўні была вялікая выстава твораў мастака нашага беларускага Міхася Андыка, пэйзажыста. Ён з Гомельшчыны, з Палесься, дачка ягоная і яе сям''я жывуць у Клайпедзе, і клайпедзкага мастака Вацлаваса Рымкуса. Ён таксама прыроду маляваў і стары горад, дзе мы ведаем кожную вулачку. Гэта як бы было і адно і другое з мінулага нашага, разумееце. Адно – з далёкай Бацькаўшчыны, а другое – з таго гораду, дзе нарадзіліся нашыя дзеці, дзе мы маладосьць сваю правялі, як бы ў тыя ціхія куточкі Клайпеды вярталіся. А калі глядзелі на творы Міхася Андыка, быццам бы пабылі на Палесьсі, у гэтым ціхім, задуменным краі, непаўторным. Вельмі прыемна было ўсім.

5 чэрвеня ў нас было сьвята, мы яго назвалі "Музычнае шоў", гэта фальклорнае музычнае шоў моды пад назваю "Лён, лянок". Яно было ў музычным тэатры. У нас ансамбаль ёсьць "Чараўніцы", які сьпявае беларускія песьні. Мы цэлы год рыхтаваліся да гэтага, шылі льняныя вырабы, адзеньне. І гэта так прыгожа глядзелася, усё пад музыку”.

Перад уступленьнем Літвы ў Эўразьвяз у Клайпедзе на сродкі Эўразьвязу рэалізаваўся праект, накіраваны на забесьпячэньне культурных патрэбаў нацыянальных мяншыняў у гэтым шматнацыянальным партовым горадзе. Беларуская суполка “Крыніца” скарыстала гэтую магчымасьць для папулярызацыі сваёй культуры.

(Мірончык: ) “Мы год удзельнічалі ў гэтым праекце. Увесь праект быў 3 гады, на жаль, ён ужо скончыўся. У мінулым годзе мы правялі 8 радыёперадачаў. Мы мелі эфір ад 30 хвілін да гадзіны, як атрымоўвалася перадача. Было вельмі прыемна выходзіць на хвалях па гарадзкому радыё і размаўляць на беларускай мове. Там і Сяргей дапамагаў і я рабіла гэтыя перадачы, і "Чараўніцы" сьпявалі і нашы вучні вершы чыталі, распавядалі пра беларускую школу. Мы знаёмілі з навінамі жыцьця беларусаў Літвы і беларусаў нашага гораду, гістарычныя тэмы былі пра Эўфрасіньню Полацкую, пра Францішка Скарыну і іншых нашых вялікіх людзей”.

(Сурмач: ) “Сп. Алена паведаміла, што беларуская грамадзкасьць у Клайпедзе мае падтрымку з боку літоўскіх уладаў”.

(Мірончык: ) “Гарадзкія ўлады заўсёды прысутнічаюць на нашых сьвятах і фінансуюць нас. Яшчэ з Вільні дапамагаюць – Дэпартамэнт па нацыянальных меншасьцях. На праекты далі і на беларускую школу”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Алена, але ж дахаты не хочацца, часам, вярнуцца?”

(Мірончык: ) “Раней хацелася, хацелася паехаць, пабыць. Гэта заўсёды, заўсёды цягне і цяпер. Беларусь – гэта Беларусь, яе нічым не заменіш. Літва – гэта месца, дзе мы жывём, гэта другая радзіма. А першая – заўсёды Беларусь. Беларусь – гэта ўсё, гэта Бацькаўшчына, гэта сьвятое. Нас вельмі цягне, мы бываем кожны год і дзеці бываюць. Цягне, так і павінна быць. Гэта тое мейсца, дзе мы такія, якія мы ёсьць”.

***

А зараз наведаем расейскае ўзьбярэжжа Балтыкі, тую ягоную частку, якая адышла да Савецкага Саюзу пасьля перамогі над Гітлерам і стала Калінінградзкай вобласьцю. Сёньня там жыве нямала беларусаў, як маракоў, так і іншых спэцыялістаў, якіх дасылалі туды зь Беларусі на працу.

Беларусы ў Калінінградзе сталі гуртавацца шмат раней, чым у Клайпедзе, бо колькасна іх там значна больш. Ініцыятарам гэтага працэсу быў прадпрымальнік Ігар Шаховіч, ён жа зьяўляецца кіраўніком арганізацыі.

(Шаховіч: ) “Колькасьць прыкладна каля 80 тыс. пашпартных беларусаў у Калінінградзкай вобласьці, а людзей, зьвязаных зь Беларусьсю праз сваяцкія і іншыя сувязі значна больш, можа да траціны ўсяго насельніцтва.

Суполка ўжо дванаццаты год існуе, зарэгістраваная была ў 1992 годзе пасьля летувіскай і нямецкай.

Пераважна, гэта беларуская інтэлігенцыя, якая паважае сваю сымболіку, сваю мову, адчувае сябе прыналежнай да Беларусі, імкнецца не згубіцца на гэтай зямлі. Менавіта, такія людзі гуртуюцца вакол нашай арганізацыі”.

(Сурмач: ) “Ці дапамагаюць вам мясцовыя ўлады?”

(Шаховіч: ) “Нацыянальныя арганізацыі самі шукаюць магчымасьці, каб вырашаць свае праблемы, такой шматнацыянальнай палітыкі ў нашай вобласьці няма. Яна дэкляруецца, такія пытаньні ўвесь час узьнікаюць, увесь час абмяркоўваюцца, але нічога не мяняецца.

Зараз сытуацыя ўскладнілася ў сувязі са стварэньнем паралельных суполак. Гэта беларускія арганізацыі, ці, як некалі казаў Луцкевіч, “тожа-беларусы", людзі, якія на беларускасьці вырашаюць свае асабістыя пытаньні, як мне здаецца. Яны паўсталі з дапамогаю дзяржаўных структураў беларускіх”.

(Сурмач: ) “У адным з мінулых выпускаў нашай перадачы мы распавядалі пра стварэньне з дапамогаю беларускіх уладаў паралельных арганізацыяў ў краінах Балтыі, выглядае, што ў Калінінградзе гэта таксама робіцца?”

(Шаховіч: ) “У Калінінградзе ўжо два гады існуе такая арганізацыя – "Калининградское землячество беларусов". Яе ўзначальвае былы начальнік упраўленьня культуры вобласьці. Туды ўваходзяць пераважна чыноўнікі, ці былыя чыноўнікі, савецкія. Створана як бы з ініцыятывы аддзяленьня беларускай амбасады, якое тут існуе недзе ўжо 4 гады.

Самае прыкрае, што гэтая паралельная арганізацыя ствараюць нам перашкоды. Мы займаемся сваёй працаю, але заўсёды адчуваем, што яны побач і заўсёды нейкія непрыемнасьці з-за гэтага ўзьнікаюць. Тэлефонныя званкі, як у савецкі час, ціхенька за сьпінаю нагаворваюць на нас, што вось нас трэба забараніць, там экстрэмісты.. Такія як бы ацэнкі нас даходзяць да мясцовых чыноўнікаў і тады да нас такое другараднае стаўленьне. Дапамогі ня маем зараз ніякай.

Цікава, што нават спонсары, якія некалі маглі дапамагчы, зараз яны нам кажуць, каб мы ішлі ў прадстаўніцтва амбасады і прасілі ліст, каб яны далі згоду на тое, каб нам дапамагчы. Нават бізнэсоўцы мясцовыя несамастойна могуць нешта рабіць, яны завязаныя на беларускім бізнэсе”.

(Сурмач: ) “Што вам удаецца рабіць у такіх умовах?”

(Шаховіч: ) “Нешта ўдаецца. Нам удалося без усялякай дапамогі з боку адміністрацыі правесьці Дні беларускай культуры. Запрашалі праз Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" гурт "Стары Ольса", прыяжджаў бард Андрэй Мельнікаў, наш ансамбаль выступаў – ансамбаль народнай музыкі "Тутэйшыя музыкі". Кіруе ім Любоў Кастраміна, яна скончыла кансэрваторыю, жыве тут даўно і не пакідае клопат пра разьвіцьцё фальклору беларускага. Адчыніла тут ў вучэльні кляс цымбалаў”.

(Сурмач: ) “Як выглядае справа з помнікам Скарыну?”

Нагадаем нашым слухачам, што гэтая ідэя была ініцыяваная якраз суполкаю, якую ўзначальвае спадар Шаховіч, каб ушанаваць памяць асьветніка, які быў ў Кёнігсбергу ў 1530 годзе на запрашэньне герцага Альбрэхта.

Помнік ужо зроблены і знаходзіцца ў Беларусі. Патрэбна ўпарадкаваць тэрыторыю і ўстанавіць скульптуру.

(Шаховіч: ) “Цяпер такая сытуацыя, што справа як бы выйшла з нашых рук. Цяпер, калі нейкія пытаньні вырашаюцца зь Беларусі, то вырашаюцца яны праз другую арганізацыю. Мы толькі ведаем, што магчыма, што фінансаваньня будзе ад мясцовых уладаў на добраўпарадкаваньне тэрыторыі, на ўстаноўку, але заўсёды была такая накіраванасьць, каб беларускі бок падараваў гэты помнік. Падараваць яго, відаць, у свой час беларускай дзяржаве нешта перашкаджала, магчыма, наш удзел перашкаджаў. Цяпер ім будзе прасьцей гэта зрабіць.

Помнік стаіць у Смалявічах і чакае свайго часу, калі ён пераедзе сюды. Я думаю. што гэта адбудзецца ў найбліжэйшы час. У мінулым годзе прыяжджаў намесьнік міністра культуры Рылатка, устанавілі камень каля унівэрсытэту, магчыма, што на гэтым месцы, а можа побач, паўстане некалі і помнік”.

(Сурмач: ) “Чым плянуеце займацца ў бліжэйшы час?”

(Шаховіч: ) “Апошнім часам тут цікавая сытуацыя вакол каталіцкай царквы. У нас ё некалькі ксяндзоў– беларусаў і сярод іх ёсьць апантаныя беларушчынай. Мы спрабуем у прыходах знайсьці беларусаў, каб праводзіць тут хаця б раз у тыдзень беларускую службу.

У нас кантакты са Згуртаваньнем беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" вельмі добрыя. У наступным годзе плянуем запрасіць мастака Алеся Пушкіна з выставаю, запрашаем Уладзімера Арлова. Ужо некалькі разоў прыяжджалі ён разам з бардам Зьміцерам Бартосікам”.

(Сурмач: ) “Вядома, што беларусы балтыйскага рэгіёну пачалі апошнім часам яднацца, нядаўна створаная ў Вільні Асацыяцыя беларусаў краінаў Балтыі, як вы ставіцеся да гэтага?”

(Шаховіч: ) “Уваходзім у гэту асацыяцыю, падтрымліваем сувязі зь беларусамі Балтыі. Беларусы з Эстоніі запрасілі нас у госьці. Нас яднае гэтае мора, гэтыя землі павінны злучаць і Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG