Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“3 ліпеня прыйду на магілу Васіля Быкава”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

3 ліпеня Беларусь адзначыла 60-годзьдзе вызваленьня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая дата, якая сьвяткавалася зь велізарным размахам, не магла не знайсьці свайго адлюстраваньня і ў пошце слухачоў “Свабоды”.

Надзвычай зьмястоўны і эмацыйны ліст, які прымушае задумацца ня толькі пра памяць аб другой усясьветнай вайне, але і пра вечныя праблемы вайны і міру, прыслаў Аляксандар Сініла з Валожыну:

“У дзяржаўных СМІ, у выступах афіцыйных асобаў 60-годзьдзе вызваленьня Беларусі цалкам захінула іншае нібыта ня менш, а магчыма, і больш значнае сьвята — уведзены Лукашэнкам праз рэфэрэндум “Дзень незалежнасьці”, які яшчэ называюць Днём Рэспублікі. Пра “Дзень незалежнасьці” або ня згадваецца зусім, або пішацца на сьвяточных плякатах драбнейшымі літарамі ў якасьці своеасаблівага пасткрыптуму. Можа, яно і добра, бо паказвае, на якім месцы для нашага кіраўніцтва стаіць незалежнасьць уласнай дзяржавы. А сьвята вызваленьня сапраўды заслугоўвае, каб яго ня зьмешвалі зь іншымі. Вось толькі часам узьнікае пытаньне, чаму мы адзначаем вызваленьне Беларусі ад нямецкіх акупантаў менавіта 3 ліпеня, у дзень, калі савецкая армія разам зь беларускімі партызанамі заняла Менск? Наперадзе ж чакала яшчэ палова рэспублікі. Берасьце вызвалілі ажно 28 ліпеня! Ці не лягічней было б зрабіць сьвятам якраз гэты дзень?”

Пэўная рацыя ў вашай апошняй думцы, спадар Сініла, відавочна ёсьць, але зьмена даты Дня вызваленьня Беларусі ўяўляецца малаверагоднай, бо гэтая дата ня толькі ўзаконеная адпаведным дзяржаўным актам, але і трывала ўвайшла ў сьвядомасьць нашага народу. Відаць, і надалей у Берасьці сьвята вызваленьня будуць адзначаць двойчы — на агульнадзяржаўным і на мясцовым узроўні.

Больш цікавым і трапным выглядае вашае назіраньне пра тое, што 60-годзьдзе вызваленьня выціснула на другі плян “Дзень незалежнасьці”, які вы бераце ў двухкосьсе. Праўда, на маю думку, рэч ня ў тым, што цяперашняе беларускае кіраўніцтва ня цэніць незалежнасьці. Наадварот. Проста ў яго зусім іншае, чым у нас з вамі, разуменьне незалежнасьці. Для нас — гэта незалежнасьць дзяржавы, для рэжыму — незалежнасьць ягонай улады.

Лёгіка тут у іншым. Тое, што сьвята вызваленьня захінула цяперашні афіцыйны Дзень незалежнасьці, абумоўлена штучнасьцю прывязкі гэтага дня да 3 ліпеня. Нашы блізкія і далёкія суседзі, як і абсалютная большасьць краінаў сьвету, адзначаюць свае сьвяты незалежнасьці ў дні, якія мелі да яе непасрэднае дачыненьне. Ёсьць такія дні, як вам вядома, і ў нас: 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. 25 жніўня 1991 году Дэклярацыі быў нададзены канстытуцыйны статус… Але я лічу, што ў будучым сьвята незалежнасьці Беларусі мы будзем адзначаць 25 сакавіка, у той дзень, калі ў 1918 годзе беларусы зноў заявілі пра сябе як пра дзяржаўны народ, абвясьціўшы незалежнасьць БНР.

“Мой бацька — франтавік, — працягвае свой ліст спадар Сініла, — шмат чаго расказваў мне пра тое, аб чым не напішуць гэтымі днямі ў газэтах і ня скажуць з тэлеэкранаў. Напрыклад, пра заградатрады, што стралялі ў сьпіну сваім, або пра дзейнасьць на фронце асабістаў, на чыім сумленьні тысячы і тысячы зламаных лёсаў і чалавечых жыцьцяў. Напэўна, гэтыя ахвяры таксама залічылі на рахунак нямецкіх захопнікаў? Дарэчы, калі ўжо зайшла гаворка пра ахвяры, я часта спрачаўся на гэты конт з маім сьветлай памяці татам. Тата быў перакананы, што апошняя вайна па колькасьці нашых стратаў — самая страшная ў гісторыі, а я казаў яму, што ў вайне з Масковіяй у сярэдзіне ХVII стагодзьдзя Беларусь страціла ня кожнага чацьвертага, як у другой усясьветнай, а кожнага другога”, — піша Аляксандар Сініла.

Ваш ліст, Аляксандар, навёў мяне на ўспаміны пра майго бацьку — франтавога афіцэра зь дзьвюма ранамі, якога ўжо болей за трыццаць гадоў няма на сьвеце, але які таксама пасьпеў мне расказаць пра сваю ваенную маладосьць шмат такога, пра што ня кажуць са сьвяточных трыбунаў. Сапраўды, вайна — гэта ня толькі мужнасьць, гераізм, веліч духу, але і здрада, нізасьць, подласьць. Трэба быць вельмі наіўным, каб сьцьвярджаць, што “нашым” уласьціва адно лепшае, а ворагі былі спрэс нелюдзі. Мне хочацца тут згадаць словы Льва Талстога: “Вайна — гэта забойства. І колькі б людзей ні зьбіралася разам, каб зьдзейсьніць забойства, і як бы яны сябе не называлі, забойства ўсё роўна самы страшны грэх у сьвеце”.

Што да колькасьці нашых ахвяраў, дык, безумоўна, больш жудаснай і крывавай заўсёды здаецца тая вайна, якая яшчэ вельмі жывая ў памяці людзей, якая, адрозна ад згаданай вамі спадар Сініла, вайны XVIIстагодзьдзя, не замоўчвалася, а наадварот — актыўна выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца ідэалягічнай машынай як у БССР, так і ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь.

“У Беларусі загінуў кожны чацьверты” — гэтыя словы ўвайшлі ў нашую сьвядомасьць зь дзяцінства. Страты Беларусі ацэньваліся на 2 мільёны 265 тысяч чалавек. Але з канца 1980-х гадоў гэтая лічба абгрунтавана ставіцца пад сумнеў. Цяперашнія энцыкляпэдыі паведамляюць пра 2 мільёны 600 тысяч. А на нядаўняй навукова-практычнай канфэрэнцыі “Навечна ў памяці народнай” прагучала лічба 2 мільёны 963 тысяч чалавек. Гэта ўжо ня кожны чацьверты, а кожны трэці ад даваеннага жыхарства БССР… Уся праўда пра вайну, як і пра колькасьць нашых стратаў, яшчэ наперадзе. Дарэчы, Беларусь — адзіная краіна-пераможца, якая выйшла з другой усясьветнай вайны з тэрытарыяльнымі стратамі, што сталі вынікам палітыкі Крамля.

Я думаю, што прааналізаваўшы наступствы той вайны, параўнаўшы сёньняшні ўзровень разьвіцьця краінаў-удзельніц, шмат хто з нашых слухачоў пагодзіцца: выйграўшы вайну, можна часам прайграць мір.

“Калі дазволіць здароўе, — заканчвае свой ліст спадар Сініла, — 3 ліпеня прыеду ў Менск. Але не пайду на шумныя імпрэзы з траскучымі прамовамі й абрыдлай расейскай папсой. Замест гэтага зьезджу на Ўсходнія могілкі й пакладу на магілу Васіля Быкава букецік нашых валожынскіх васількоў. Я ня ведаю іншага пісьменьніка, які б сказаў пра мінулую вайну столькі балючай праўды”.

Спадзяюся, спадар Аляксандар, што вы адзначылі Дзень вызваленьня менавіта такім чынам і каля апошняга зямнога прыстанку Васіля Быкава пераканаліся, як шмат людзей думаюць аднолькава з вамі.

Ёсьць у апошняй пошце й лісты на іншыя тэмы. Іна Аўчарэнка са Слуцкага раёну піша пра мужнасьць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і іхных паплечнікаў, якія адважыліся на галадоўку. Аўтарка ліста турбуецца пра іх здароўе і нагадвае, што выходзіць з галадаваньня трэба надзвычай асьцярожна, у прыватнасьці, трэба пазьбягаць шмат якіх лекаў, бо іх узьдзеяньне на арганізм у такой сытуацыі павялічваецца ў дзясяткі разоў. Слухачка не выключае, што ў будучым наша грамадзтва можа стаць сьведкам новых галадовак пратэсту, а таму заклікае іх удзельнікаў берагчы самае дарагое, што дадзена Богам — сваё жыцьцё.

“Прыслухоўвайцеся да голасу Ўсявышняга, — заклікае спадарыня Аўчарэнка. — Памятайце, што ў тым, каб жыць дзеля вялікай мэты, больш гераізму, чым у тым, каб дзеля яе памерці”.

Слухачы працягваюць віншаваць Радыё Свабода з 50-годзьдзем:

“Хоць ваша станцыя і вядзе вяшчаньне з-за мяжы, але па духу яна ёсьць сама сутнасьць Беларушчыны, — піша Іван Савіч зь вёскі Багданаўкі Лунінецкага раёну. — Некаторым маім знаёмым ваша радыё, мякка кажучы, не да спадобы. Але гэта людзі абыякавыя да ўсяго, апрача чаркі і шкваркі. Мовы, нацыянальнай культуры для іх проста не існуе. У сваіх думках яны па-ранейшаму жывуць на адной шостай частцы сьвету, у Савецкім Саюзе. На жаль, колькасьць такіх людзей у нас пагрозьліва вялікая, і гэта выкарыстоўвае ўлада. Але якія бы часы не чакалі Беларусь, вы, свабодаўцы, павінны быць у эфіры разам з намі”.

З Іванам Савічам салідарны Пётар Дырында зь Вялікага Сяла, што ў Сьвіслацкім раёне Гарадзенскае вобласьці. А Іван Русак з Наваградку да свайго віншаваньня дадае паведамленьне, што слухае Радыё Свабода на сярэдняй хвалі 612 мэтраў:

“Прыймач у мяне лямпавы, выраблены ў 1965 годзе, але якасьць прыёму — выдатная”.

Зычу такога самага прыёму ўсім нашым слухачам. Да сустрэчы! Свабода чакае вашых новых лістоў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG