Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўмацавалася за дзесяць гадоў беларуская незалежнасьць? – Пра незалежнасьць разважаюць В. Булгакаў і А. Трусаў


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Алег Трусаў і галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валер Булгакаў

(Валер Карбалевіч: ) “Беларусь чарговы раз сьвяткуе Дзень Незалежнасьці. Для любой дзяржавы гэта галоўнае сьвята. Для Беларусі ж гэтае сьвята, дата ягонага сьвяткаваньня зьяўляецца квінтэсэнцыяй усіх драматычных супярэчнасьцяў вакол лёсу і пэрспэктываў беларускай незалежнасьці. Дзесяць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі былі вельмі неадназначнымі з гледзішча ўмацаваньня незалежнасьці.

Разгледзім, найперш, такую праблему. Большасьць экспэртаў даводзяць, што за гады кіраваньня Лукашэнкі ўмацавалася дзяржаўная ўлада, дзяржава як інстытут, створаная выканаўчая вэртыкаль здольная дакладна і хутка выконваць любыя дырэктывы зь вяршыні адміністрацыйнай піраміды. (У дадзеным выпадку зьмест гэтых дырэктываў і загадаў мы выносім за дужкі.) Але ці тоеснае гэтае ўмацаваньне дзяржаўнага апарату ўмацаваньню беларускай дзяржаўнасьці? З аднаго боку, на фоне некаторых постсавецкіх дзяржаваў, дзе цэнтральная ўлада ня можа ўстанавіць кантролю над усёй тэрыторыяй краіны (напрыклад, Грузія, Малдова, да і нават Расея), гэта добра. А зь іншага боку, ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму заўсёды існуе рызыка, што кіраўнік дзяржавы лёгка можа павярнуць паслухмяную дзяржаўную машыну ў бок страты незалежнасьці. Якое вашае меркаваньне?”

(Алег Трусаў: ) “На маю думку, Лукашэнка зрабіў неверагоднае. Дзякуючы яму ўсе ў сьвеце ведаюць, што ёсьць Беларусь, і што гэта не Расея. Задача ягонага наступніка даволі простая: зьмяніць адмоўны імідж краіны на станоўчы. Бо брэнд Беларусі ўжо раскручаны, асабліва на Ўсходзе. Усе новыя краіны Эўропы ў сваёй гісторыі рабілі тое же самае, што цяпер робіць Беларусь. Успомнім праўленьне Пілсудзкага ў міжваеннай Польшчы, Партугалію часу Салазара, ці Літву часу Сьметаны. Усе мы ідзем тым жа самым гістарычным шляхам. Проста беларусы крыху спазьніліся”.

(Валер Булгакаў: ) “Я бы разьвёў паняцьці “ўмацаваньне дзяржаўнага апарату” і “ўмацаваньне беларускай дзяржаўнасьці”. “Беларуская дзяржаўнасьць” і “незалежнасьць” — гэта паняцьці, хочацца верыць, вечныя. А “дзяржаўная ўлада” — гэта паняцьце бягучае, зьвязанае зь бягучымі пэрыпэтыямі вызначэньня дзяржаўнага курсу. Безумоўна, яны нейкім чынам зьвязаныя між сабою.

З аднаго боку, праўленьне Лукашэнкі спрыяе росту незалежніцкіх настрояў беларускага грамадзтва. Зь іншага боку, гэтыя незалежніцкія настроі, часам, вельмі цьмяна сфармуляваныя і ідуць у каляніяльным рэчышчы. Безумоўны плюс мацаваньня дзяржаўнага апарату палягае ў тым, што дзякуючы нават сатрапаўскім мэтадам панаваньня над апаратам Лукашэнку ўдаецца трымаць някепскі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту беларусаў у параўнаньні зь іншымі краінамі СНД. І гэты момант таксама спрыяе беларускай незалежнасьці.

Нядаўна былі апублікаваныя сацыялягічныя дасьледаваньні грамадзтваў Беларусі, Расеі, Украіны, якія паказваюць парадаксальную, але вельмі заканамерную карціну. Ва Ўкраіне бедных больш, таму прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй таксама больш. А ў Беларусі страта незалежнасьці перастае патроху ўспрымацца як неабходная плата за павышэньне і захаваньне элемэнтарнага матэрыяльнага дабрабыту. Ужо шмат сказана пра тыя дэструктыўныя тэндэнцыі, якія спадарожнічаюць так званаму “ўмацаваньню незалежнасьці”. Мы проста знаходзімся на пэўнай стадыі свайго гістарычнага шляху, праз які немінуча мусім прайсьці.

Асноўная праблема дзесяцігадовага кіраваньня Лукашэнкі палягае ў тым, што ўлада вельмі мала зрабіла для прышчапленьня, выхаваньня, разьвіцьця нармальнай нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Гэтая недааформленасьць, аморфнасьць нацыянальнай сьвядомасьці, безумоўна, можа быць выкарыстаная як інструмэнт палітычнай барацьбы пры рэзкім пагаршэньні эканамічнага стану краіны”.

(Карбалевіч: ) “Як паўплывала на беларускую незалежнасьць шматгадовая беларуска-расейская інтэграцыя? Большасьць і прадстаўнікоў апазыцыі, і незалежных экспэртаў лічаць, што яна небясьпечная для незалежнасьці. Інтэграцыйная прапаганда ўвесь час цьвердзіла, што беларусы і расейцы — адзін народ, мы павінны быць разам, мы вось-вось аб’яднаемся. Усё гэта, здаецца, разбурала нацыянальную сьвядомасьць беларусаў”.

(Трусаў: ) “Па-першае, вялікая заслуга Лукашэнкі ў тым, што ён разбурыў у беларускай сьвядомасьці імідж Расеі як самай лепшай і моцнай краіны і народу ў сьвеце. Ягоныя выказваньні, што беларусы — гэта расейцы, толькі са знакам якасьці, вельмі арыгінальныя. Гэта сьведчыць аб росьце самасьвядомасьці менавіта савецкіх беларусаў, якія яго абралі. Па-другое, дзякуючы яму ідэя інтэграцыі з Расеяй, уваходжаньня ў склад Расеі цалкам, незваротна дыскрэдытаваная. І газавы крызыс гэта паказаў. Уступаць у Расею ня хоча ніхто, нават крымінальнікі і апошнія бамжы. Бо ў такім выпадку крымінальнікі будуць сядзець на Калыме, а ня дзе-небудзь пад Магілёвам.

І самае галоўнае, што нашая моладзь ня ведае і ня любіць Расеі і яе культуры і цалкам арыентаваная на Захад. Тут значную ролю акрамя прапаганды Лукашэнкі, адыграла расейская тэлевізія, якая паказвае Расею ў вельмі непрывабным сьвеце. І праз 10–15 гадоў, калі гэтая моладзь вырасьце, прыйдзе да ўлады, для яе Расея будзе такой жа невядомай краінай, якой яна зьяўляецца для маладых літоўцаў, палякаў альбо чэхаў. Гэта нонсэнс, але гэта факт”.

(Булгакаў: ) “Досьвед паказвае, што беларуска-расейская інтэграцыя пакуль ніяк не паўплывала на беларускае грамадзтва. Сама інтэграцыя ў аспэкце сваёй рыторыкі, прапагандысцкага гучаньня — гэта такая пэўная вэрбальная гульня, якая каналізоўвала імкненьні часткі беларускага і расейскага грамадзтва. Нейкага вырашальнага ўплыву на беларускую незалежнасьць гэтая інтэграцыйная кампанія ня мела. Такая бессаромная спэкуляцыя на інтэграцыйных спадзяваньнях беларускіх грамадзянаў прывяла да частковай нэўтралізацыі гэтых спадзяваньняў. Заўсёды, калі адбываецца эксплюатаваньне пэўнага палітычнага лёзунгу, ён губляе ў масах сваю актуальнасьць.

Гэта, аднак, ня значыць, што інтэграцыя аджыла і адкладзеная ў музэй гісторыі. Большасьць беларусаў зьяўляюцца беларускамоўнымі, расейскакультурнымі. Я бы не пагадзіўся са спадаром Трусавым, што нашая моладзь так актыўна засвойвае ўласнае альбо праэўрапейскае бачаньне сваёй краіны. Мне падаецца, што нават пэўная частка моладзі існуе ў прарасейскай культурнай прасторы, і падзеі дзе-небудзь на Камчатцы ўспрымае значна жвавей, чым падзеі ў Баранавіцкім раёне. Яны разьдзяляюць стэрэатыпы, прышчэпленыя ёй расейскай культурай. Таму гэтая група грамадзянаў можа быць вельмі падатлівай на новыя віткі беларуска-расейскага збліжэньня”.

(Карбалевіч: ) “Паводле зьвестак НІСЭПД, звыш 50% насельніцтва гатовыя прагаласаваць на магчымым рэфэрэндуме за аб’яднаньне з Расеяй. Гэта таксама вынік інтэграцыйнай прапаганды. Але пойдзем далей. Апошнім часам, асабліва апошнія два гады, калі беларуска-расейская інтэграцыя ўступіла ў пэрыяд зацяжнога крызысу, здаецца, у дзяржаўнай палітыцы зроблены акцэнт на незалежнасьць. Але гэтая незалежнасьць трохі дзіўная.

Па-першае, яна больш падобная на ізаляцыянізм. Па-другое, працягваецца зацятая барацьба з усімі элемэнтамі беларускага нацыянальнага адраджэньня: працягваецца ціск на выкарыстаньне беларускай мовы, ліквідуюцца незалежніцкія грамадзкія аб’яднаньні. Зь іншага боку, адбываюцца спробы стварыць нейкую новую ідэалёгію на зусім іншых ідэалягічных падмурках. Гэта і апэляцыя да Вялікай Айчыннай вайны, і спробы даказаць, што створаная Лукашэнкам сацыяльная мадэль быццам бы выцякае зь нейкай асаблівай беларускай мэнтальнасьці. Як гэта ўсё ўплывае на пэрспэктывы беларускай незалежнасьці?”

(Трусаў: ) “Хачу адзначыць, што ў апошнія год-два адбыліся зьмены ў дзяржаўнай ідэалёгіі. Я, напрыклад, зноў стаў слухаць першы канал Беларускага радыё. І я там чую “Крамбамбулю”, “NRM” і іншыя гурты, якія раней і блізка не падыходзілі да эфіру. Гэа сьведчыць пра тое, што ўсё беларускае канчаткова задушыць немагчыма. Больш за тое, у грамадзтве цяпер назіраецца паварот да беларушчыны на генэтычным і побытавым узроўні. За апошнія год-два прыхільнікі беларушчыны вярнулі беларускую мову ў электрычкі. Цяпер аб’явы там робяць па-беларуску. Канстытуцыйны суд афіцыйна засьведчыў, што не выконваецца Канстытуцыя ў сфэры забесьпячэньня правоў беларускамоўных грамадзянаў. Палата прадстаўнікоў прыняла рашэньне ў наступным годзе ўнесьці зьмены ў Закон аб мовах на карысьць беларускамоўных грамадзянаў. Таму пэўныя працэсы нават пры гэтай ўладзе адбываюцца, іх нельга не заўважыць.

Увогуле, можна сказаць, што Расея ідзе сваім шляхам, а расейскамоўны савецкі трасяначны беларус ідзе сваім шляхам. І калі іх зьбіраеш разам, то інтэграцыі там ня будзе”.

(Булгакаў: ) “Наконт дзяржаўнай ідэалёгіі. Найперш, гэтая ідэалёгія вельмі эклектычная. Па-другое, яна выкарыстоўваецца цяперашнім кіроўным рэжымам для дасягненьня пэўных палітычных мэтаў. Мне здаецца, гэта ня нешта самадастатковае. Тыя падручнікі па ідэалёгіі, якія прызначаныя для выкарыстаньня ў ВНУ, дапускаюць пэўную варыятыўнасьць падыходаў, зьместаў, трактовак. Груба кажучы, пад шапкай дзяржаўнай ідэалёгіі нацыяналіст можа выкладаць асновы беларускага нацыяналізму, а лібэрал — асновы лібэральнай дэмакратыі. Таму пры бліжэйшым разглядзе гэтая дзяржаўная ідэалёгія ня ёсьць нейкай загрузай — фундамэнтальнай альбо стратэгічнай — для беларускай дзяржаўнасьці. У гэтай ідэалёгіі праглядаецца пошук рэжымам уласнай ідэнтычнасьці. Крызыс беларуска-расейскайм інтэграцыі падштурхнуў рэжым да лепшага акрэсьленьня самаідэнтычнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Галоўны чыньнік, які працуе на ўмацаваньне незалежнасьці краіны — гэта сам факт існаваньня незалежнай беларускай дзяржавы ўжо на працягу 13 гадоў. Сама гэтая зьява, сіла інэрцыйнага працэсу, запушчанага ў 1991 годзе, пераважвае ўсе антынезалежніцкія крокі й захады Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG