Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як людзі ставяцца да ваяўнічых мілітарысцкіх заяваў Аляксандра Лукашэнкі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Падчас урачыстасьцяў 2 і 3 ліпеня з нагоды 60-й гадавіны вызваленьня Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг вострых заяваў на адрас НАТО і Захаду. У прыватнасьці, ён заявіў, што на Захадзе ёсьць сілы, якія хочуць зрабіць Беларусь паслухмянай. Але Беларусь, паводле Лукашэнкі, можа сябе абараніць. Наш карэспандэнт пацікавіўся ў жыхароў Менску, як яны паставіліся да гэтых ды іншых падобных заяваў беларускага кіраўніка.

Я задаваў людзям пытаньні “Як ставіцеся да гэтых заяваў спадара Лукашэнкі?” і “Ці спрыяюць такія заявы добрым адносінам Беларусі з тымі ж суседнімі краінамі НАТО?” Вось якія я атрымаў адказы:

(Спадарыня: ) “Калі я скажу, што не ўхваляю, ці я сьмяюся… Але мы ўсе цывілізаваныя людзі й разумеем, што такое вайна. Мы разумеем, што вайны ня можа быць. Асабліва калі на нашым парадзе праляцелі самалёты, якія і пяць гадоў таму былі такія ж. Іх толькі пафарбавалі, але яны ўсё роўна іржавыя. Думаю, наўрад ці мы можам уяўляць нейкую пагрозу. А так у асноўным гэта палітыка. Што тут яшчэ сказаць?”

(Спадарыня: ) “Здаецца мне, што Беларусь павінна быць годнай краінай, якая сапраўды магла бы адбіць любы напад. Але пагражаць іншым — не!”

(Хлопец: ) “Я не лічу, што нейкая пагроза будзе для двухбаковых адносінаў. Бо і Літва, і Латвія, і ўсе дзяржавы, пра якія казаў наш прэзыдэнт, гэта сувэрэнныя краіны — і ім Беларусь не ўказ. Як і Беларусі не ўказ тое, што гавораць з боку Захаду”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта наконт агрэсіі занадта. Мінулі часы, калі ствараліся агрэсіўныя блёкі. Я думаю, цяпер больш ідзе супрацоўніцтва ў эканамічнай галіне, чым у вайсковай. Я не лічу, што нам пагражае нейкая агрэсія”.

(Спадарыня: ) “Цалкам магчыма, ад войнаў ніхто не застрахаваны. Але, відаць, народу трэба больш гаварыць пра мір і вырашаць спрэчкі іншым шляхам”.

(Хлопец: ) “Я думаю, што блёк НАТО сіла хаця і вайсковая, але скіраваная на падтрыманьне міру, чым на нейкія ўдары. Я думаю, што ўсё гэта неабгрунтаваныя заявы”.

(Спадар: ) “Вы ведаеце, гэта ягоны сьветапогляд. Заўсёды калі хваляцца зброяй, сваёй сілай — гэта нядобра”.

Гэткія меркаваньні людзей пра выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас НАТО і Захаду.
XS
SM
MD
LG