Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольныя заўзятары: Беларусі да Эўропы пакуль далёка


Міхал Стэльмак, Менск Урокі футбольнага чэмпіянату EURO-2004 вачыма беларускіх заўзятараў: як ацэньваюць яны цяперашні ўзровень беларускага футболу? Што патрэбна зборнай Беларусі, каб стаць роўнай зь лепшымі камандамі Эўропы? Прапануем апытаньне на гэты конт, праведзенае на менскіх вуліцах.

(Маладзён: ) “Эўрапейскі футбол нашмат больш відовішчны за наш футбол. Таму нашы футбалісты – не таго ўзроўню гульцы. Як кажуць, птушкі не таго палёту”.

(Маладзён: ) “Я ненавіджу беларускі футбол наогул”.

(Хлапец: ) “Ён вельмі адрозьніваецца ад Эўропы”.

(Хлопец: ) “Ды не, чаго – беларусы нашы падцягваюцца ўжо, спрабуюць некуды выяжджаць – малайцы. Вылучаюць сродкі на тое, каб магчы зьезьдзіць некуды за мяжу. Імкнуцца ўжо зараз не адставаць”.

(Маладзён: ) “Праблема беларускага футбола? Я думаю, у першую чаргу, гэта – калі грошы выходзяць на першы плян, а стымул, нейкая спартыўная барацьба, адыходзяць на другі”.

(Спадар: ) “Нават ня ведаю, што зь беларускім футболам. Я неяк не асабліва яго гляджу. Можа, трэнэры ня надта добрыя, а можа – грошай няма, каб неяк “раскруціць” гэтую справу”.

(Хлапчук: ) “Я хацеў сказаць, што мала што спрыяе добраму падрыхтаваньню футбалістаў. Я сам займаюся футболам і ведаю, што не зусім добрыя матэрыяльныя ўмовы, няма дзе зараз трэніравацца. Магу назваць толькі пару футбольных палёў – “Зьмена Мінск”, дый усё. Масавасьці ў футболе паболей трэба”.

(Маладзён: ) “Яўнага лідэра бракуе. Вось Бялькевіч – ён жа стары, а новых лідэраў пакуль няма. Глеб яшчэ не дарос”.

(Дзяўчына: ) “Я ведаю толькі аднаго футбаліста – Глеба. Я думаю, што ён на ўзроўні ўсіх астатніх – добры”.

(Маладзён: ) “Каб яму больш плацілі, дык ён бы лепей гуляў”.

(Хлапец: ) “Глеб мае права на існаваньне як усясьветнага маштабу гулец. Ён ужо ў трансфэрах чартуецца разам зь вядомымі прозьвішчамі галяндцаў, немцаў, бразыльцаў – гэта ўжо дасягненьне як для беларускай футбольнай каманды, так для беларускага футболу ў цэлым”.

(Маладзён: ) “Мне здаецца, што калі б усе гулялі так, як Глеб, дык я думаю, што яны хутка ўзьняліся б угару. Такіх футбалістаў трэба разьвіваць і трымаць пры сабе, гэта азначае – не аддаваць іх нікуды. Ня трэба аддаваць іх нікуды ў Эўропу”.

(Спадар: ) “Гэта яшчэ раз паказвае, што дзе ёсьць трэнэр – там ёсьць дысцыпліна. Што ў плаваньні, што ў лёгкай атлетыцы, што ў футболе, што ў гімнастыцы. Ёсьць спэцыяліст – зьяўляюцца зоркі. А бяз трэнэра зорка ня створыцца”.

(Маладзён: ) “У беларускага футбола – нізкі бюджэт, а таксама дрэнная арганізацыя чэмпіянату, бо ў нас шмат гуляе слабых камандаў у чэмпіянаце, трэба скараціць чэмпіянат – тады будзе ўсё добра. Ну і таксама падрыхтоўка нізкая”.

(Хлопец: ) “А я скажу, што нам не хапае тых трэнэраў, што маглі б забясьпечыць добрую гульню зборнай. Па-першае, патрэбная сыстэматычная работа ў зборнай, як напрыклад у Грэцыі, і павінна быць схема. Грэцыя не паказвала невядома якую там добрую гульню, але ў іх была выдатная схема гульні – напрыклад, я яе бачыў”.

(Маладзён: ) “Вельмі шмат бюракратычных бар’ераў, якія разьвіцьцё футбола замаруджваюць”.

(Хлопец: ) “А вось калі дзяржаўныя ўстановы дасягнуць эўрапейскага ўзроўню, можам і мы вылучаць сваю каманду ў Эўропу, усюды будзем гуляць, калі ў нас зьменіцца прэзыдэнт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG