Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выкупяць расейцы Жлобінскі мэталюргічны завод?


Казімір Яноўскі, Гомель У Жлобіне ў асяродку адмыслоўцаў Беларускага мэталюргічнага заводу абмяркоўваецца магчымасьць удзелу расейскага боку ў прыватызацыі прадпрыемства.

Беларускі кіраўнік ня раз сьцьвярджаў, што ў краіне ёсьць шэраг стратэгічных прадпрыемстваў, якія нельга прыватызаваць ні пры якіх абставінах. Да такіх належыць і мэталюргічны завод у Жлобіне. Але цяпер тут пашыраюцца размовы наконт прыватызацыі БМЗ.

Выглядае, што штуршок гэтым размовам даў чэрвеньскі візыт у Беларусь губэрнатара Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі Эдуарда Роселя. Менавіта ён прапаноўваў беларускаму боку ствараць сумесныя прадпрыемствы. У прыватнасьці, выказвалася зацікаўленьне ўдзелу ў прыватызацыі БМЗ.

Паводле Роселя, на Урале ёсьць буйны холдынг вырабу трубаў. Акурат яму нібыта і не хапае трубнай загатоўкі. Адсюль і прапанова аб’яднаць магчымасьці беларускіх і ўральскіх мэталюргаў. Уральцы нібыта гатовы браць кожны год да 1 мільёна тон гэтай самай трубнай загатоўкі. Расейскі губэрнатар пагаджаўся нават, што вытворчасьць трубнай загатоўкі можа быць вылучана са складу мэталюргічнага заводу і акцыявана асобна.

Пэўная інтрыга ў прапанове расейскага губэрнатара Роселя ёсьць. Асабліва, калі мець на ўвазе, што ў той час, калі расейскі губэрнатар знаходзіўся ў Менску, Гомельшчына прымала вялікую групу аўстрыйскіх бізнэсоўцаў. Было гэта ўжо пасьля таго, як Аўстрыю наведаў беларускі прэм’ер Сідорскі.

Добра вядома, што жлобінскія мэталюргі даўно маюць сталыя дачыненьні з аўстрыйскімі фірмамі. Аўстрыйская фірма “Фэст Альпінэ” разам зь італьянскай “Даніэлі” пабудавала мэталюргічны завод у Жлобіне. Тут пасьпяхова дзейнічае сумеснае аўстрыйска-беларускае харчовае прадпрыемства “Аўстрабел”. Цяпер аўстрыйцы распрацавалі праграму рэканструкцыі БМЗ, паводле якой цягам двух гадоў будзе весьціся мадэрнізацыя электрасталеплавільнай вытворчасьці.

Можна прыгадаць, што дзеля прасоўваньня прадукцыі жлобінскіх мэталюргаў на заходнія рынкі і зьніжэньня валютных выдаткаў у Аўстрыі створана сумеснае акцыянэрнае таварыства “Белмэт Хандельсгезельшафт М.Б.Х”. Выглядае, што БМЗ не з рукі шукаць новых партнэраў.

Меркаваньні адмыслоўцаў наконт прапановаў расейскага боку стварыць сумеснае прадпрыемства па вырабе трубнай загатоўкі – розныя. Некаторыя схільны бачыць у гэтым нейкі штуршок дзеля развіцьця прадпрыемства. А вось што кажа на гэты конт актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, загадчык бюро Марат Афанасьеў:

(Афанасьеў:) “Ідэя вытворчасьці трубаў на нашым заводзе – гэта глупства, якое абвяргаецца элемэнтарным эканамічным разьлікам. Цяпер мы вырабляем каля 200 тысячаў тон трубнай загатоўкі. Пэрспэктываў на большае ў нас няма. Пастаўка мэталялому з той жа Расеі абмежаваная, і яна зьмяншаецца. Магутнасьці Расеі па вырабу труб загружаны толькі на 50 адсоткаў. Навошта ствараць новую вытворчасьць, калі можна, скарыстаўшы нашы рэсурсы, узяць загатоўку і ў сябе пракатаць? Гэта езуіцкі ход”.

Ёсьць меркаваньне, што прапанову стварэньня сумеснага з Расеяй прадпрыемства падтрымлівае генэральны дырэктар БМЗ Мікалай Андрыянаў. Кажуць, каб пачуваць сябе нармалёвым пасьлядоўнікам сваіх папярэднікаў, якія былі выхадцамі з расейскай школы мэталюргаў.
XS
SM
MD
LG