Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская філярмонія зачыняецца, ейны кіраўнік абвінавачваецца ў растраце


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве зачыняецца абласная філярмонія, якая 13 гадоў на чале са сваім дырэктарам, кампазытарам Уладзімерам Браілоўскім, зьяўлялася цэнтрам музычнага жыцьця рэгіёну і нават Беларусі. Ствараецца новая ўстанова– абласны цэнтар мастацтва і культуры, што ня мае аналягаў на прасторах СНД. Філярмонія рэарганізуецца празь некалькі тыдняў пасьля арышту яе кіраўніка.

Як паведаміў мне ва ўправе інфармацыі грамадзкіх сувязяў міністэрства ўнутраных спраў Віталь Грынкевіч, Уладзімір Браілоўскі ўтрымліваецца у сьледчым ізалятары ў Менску. Яму інкрымінуецца крадзёж пры злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і прысваеньне грошай, альбо растрата. Цяпер, паведамілі ў МУС, дасьледуецца дзейнасьць філярмоніі пры правядзеньні канцэртаў вядомых эстрадных выканаўцаў, беларускіх і расейскіх. Маўляў, ёсьць падазрэньні, што Ўладзімір Браілоўскі заключаў дамовы зь фіктыўнымі аб’ектамі гаспадараньня. Расьсьледаваньне працягваецца.

Загадчык управы культуры Магілёўскага аблвыканкаму Міхаіл Дарашкоў у адказ на нашае пытаньне пра Браілоўскага назваў значным ягоны ўнёсак ў агульную творчую скарбонку рэгіёну. І выказаў спадзеў, што Браілоўскі яшчэ будзе займацца творчай, але не гаспадарчай працай. Разам з тым магілёўскія дзеячы культуры не выяўляюць ініцыятывы публічна заступіцца за калегу. Як гавораць некаторыя, у такія моманты лепш адсядзецца ў акопах, каб самога не закранула.

Усе магілёўцы ў першую чаргу ведаюць Браілоўскага як натхняльніка вядомага фэстывалю “Залаты шлягер”. Журналістка Алена Барысава, якая працавала зь ім, лічыць Браілоўскага знакавай асобай беларускай культуры.

(Барысава: ) “Сьпівакоў для Беларусі зьявіўся толькі таму, што імя Браілоўскага было гарантам у сьвеце мастацтва. Гэта былі цудоўныя музычныя фэстывалі: там была, зразумела, “папса” – на такі мэнталітэт і патрэбная каса. Але разам з тым мы пачулі тое лепшае, што магло гучаць на гэтых сцэнах, а магло і не гучаць, калі б не было Браілоўскага”.

Алена Барысава, як і іншыя абазнаныя ў гэтай сфэры людзі, лічыць, што весьці шырокую канцэртную дзейнасьць, калі беларуская дзяржаўная структура вымушаная супрацоўнічаць з расейскімі і замежнымі камэрцыйнымі, немагчыма. Маўляў, ніхто не прыяжджае, каб расьпісацца ў ведамасьці ў атрыманьні беларускіх рублёў.

(Барысава: ) “Шмат было канцэртаў, калі не адкрывалі заслону, пакуль не атрымлівалі ганарар, і ўсе ведалі, што Браілоўскі, каб не страціць сваё імя, шукаў гэтыя грошы ў магілёўцаў. І гэта не было сакрэтам. Ён круціўся, але ён быў пастаўлены ў гэткія ўмовы”.

Наколькі абгрунтаваныя цяпер амбіцыі Магілёва на нефармальнае званьне адной з культурных сталіцаў краіны, і ці будуць у горадзе праходзіць канцэрты, да якіх ужо прызвычаіліся людзі – гэтыя пытаньні хвалююць магілёўцаў. Вось меркаваньне аднаго зь іх:

(Спадар: ) “Ня ведаю, ці знойдзецца яшчэ адзін такі чалавек, якога ведаюць добра, які запрашае такіх вялікіх сьпевакоў, і гэта ўсё было на ягоных сувязях зроблена. На мой погляд, як простага гараджаніна, вялікая страта для горада будзе, калі ён прыпыніць сваю дзейнасьць”.
XS
SM
MD
LG