Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 ліпеня – Дзень незалежнасьці ЗША


Ул. інф. Падзеі ў Беларусі і ў сьвеце 4 і 5 ліпеня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Учора сваё найвялікшае сьвята – Дзень незалежнасьці – адзначылі Злучаныя Штаты Амэрыкі. Менавіта 4 ліпеня 1776 году была прынятая дэклярацыя незалежнасьці краіны. Варта згадаць, што беларускі Акт незалежнасьці быў прыняты 25 сакавіка 1918 году, а Дэклярацыя сувэрэнітэту Беларусі – 27 ліпеня 1991 году. На той час, калі сваю незалежнасьць абвясьцілі амэрыканцы, у 1776-м годзе, беларусы жылі ў зусім іншай дзяржаве – у Вялікім Княстве Літоўскім, частка якога была анэксаваная Расейскай імпэрыяй.

Учора споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Анатоля Альшэўскага. Псэўданім у яго быў Юрка Пружанскі. Энцыкляпэдыя называе Альшэўскага “дзеячам рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі”. А ў народзе тады сказалі б інакш: “захварэў хлапец на камуну”. Альшэўскі ўступіў у кампартыю і трапіў у польскую турму. Было яму ўсяго 23 гады. Турма не зьмяніла ягоных перакананьняў. Шмат тады было на Віленшчыне такіх маладзёнаў, якія хацелі жыць так, як у СССР. Многія тады і ўцякалі за ўсходнюю мяжу, у Менск. Уцёк і Альшэўскі. Першым часам яму далі працу, а пасьля, як і ўсіх такіх уцекачоў з Заходняй Беларусі, расстралялі ў 1937 годзе. Ягоны лёс, на жаль, тыповы для свайго часу.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 4 ліпеня, згадаем нацыянальнага героя Італіі Джузэпэ Гарыбальдзі і амэрыканскага караля джазу Луіса Армстранга.

А цяпер некалькі датаў сёньняшніх:

5 ліпеня 1789 году нарадзіўся пісьменьнік Фадзей (або Тадэвуш) Булгарын. Ён прыйшоў на сьвет у шляхецкай сям’і Бэнэдыкта Булгарына ў маёнтку Пырашава пад Менскам. У сваім рамане “Іван Выжыгін”, ва ўспамінах і нарысах ён шмат пісаў пра Беларусь. А сам стаў героем славутай беларускай паэмы “Тарас на Парнасе”.

5 ліпеня ў 1857 годзе нарадзілася знакамітая нямецкая рэвалюцыянэрка Клара Цэткін, імя якой і сёньня носяць вуліцы беларускіх гарадоў. Між тым, Цэткін – не яе дзявочае прозьвішча. Нямецкая дзяўчынка Клара з саксонскай вёскі Відэраў нарадзілася ў сям’і настаўніка Эйснэра. Гэта ўжо пасьля Клара Эйснэр выйдзе замуж за расейскага студэнта Восіпа Цэткіна і возьме ягонае прозьвішча. Найболей Клара Цэткін вядомая як ініцыятарка пралетарскага жаночага сьвята 8 сакавіка, як заснавальніца камуністычнай партыі Нямеччыны, а таксама як блізкая сяброўка Ўладзімера Леніна.
XS
SM
MD
LG