Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская мытня шукае сумленных супрацоўнікаў: сёлета было звольнена 37 мытнікаў


Алег Супрунюк, Берасьце Кіраўніцтва берасьцейскай мытні “Заходні Буг” шукае новых супрацоўнікаў. Дзеля гэтага ўпершыню прынятае рашэньне абвясьціць адкрыты конкурс сярод жадаючых працаваць у мытных органах.

Калі верыць заявам кіраўніцтва мытні, дык дэфіцыт супрацоўнікаў, якія б адпавядалі ўсім маральным і прафэсійным якасьцям, сапраўды існуе. Мытня “Заходні Буг” – самая вялікая ў Беларусі. Яна абслугоўвае ня толькі буйныя пункты мытнага кантролю на польскім напрамку (“Варшаўскі мост” і “Казловічы”), але і ўчастак беларуска-ўкраінскай мяжы.

Паводле словаў кіраўніка мытні Вячаслава Асінцава, сёлета за першае паўгодзьдзе прыйшлося звольніць 37 супрацоўнікаў. Гэта амаль у два разы болей, чым за такі ж пэрыяд мінулага году. Вакансіяў хапае, таму і было вырашана зьмясьціць абвесткі пра маючы адбыцца конкурс у сродках масавай інфармацыі. Такім чынам, робіцца спроба заахвоціць да працы ў мытных органах сумленных людзей.

Афіцыйна кіраўнiцтва мытні ніяк не тлумачыць прычыны звальненьняў сваіх падначаленых. Але ў Берасьці ні для каго не сакрэт, што апошнім часам супраць некаторых мытнікаў узбуджаны шэраг крымінальных справаў, некаторыя зь якіх ужо разглядаліся ў судзе.

Дарэчы гэтае пытаньне актуальнае ня толькі для мытні “Заходні Буг”, але і для іншай берасьцейскай мытні, што знаходзіцца на чыгуначным вакзале. На гэтым тыдні чакаецца працяг паўторнага разгляду справы 13 супрацоўнікаў гэтай мытні, якія абвінавачваюцца ў тым, што наўмысна не спагналі мыта агулам на 2 мільёны амэрыканскіх даляраў. Першае судовае паседжаньне атрымалася вельмі кароткім, бо на лаве падсудных апынуліся толькі два мытнікі, а некаторыя зь іхніх калегаў зараз знаходзяцца ў вышуку.

Існуе меркаваньне, што да росту злачыннасьці сярод мытнікаў спрычынілася і дзяржава. Напрыклад, зь 1 ліпеня згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ўведзеныя абмежаваньні на ўвоз харчоў з Польшчы. Беларусам, якія вяртаюцца з гэтай краіны, дзе харчы таньнейшыя і смачнейшыя, зусім няпроста прытрымлівацца нормы 5 кіляграмаў. І тады ўсё залежыць ад паводзінаў мытнікаў, у якіх заўсёды шмат спакусаў не выконваць прэзыдэнцкія абмежаваньні.
XS
SM
MD
LG