Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне на менскіх вуліцах: “Беларуская гісторыя мае іншыя падзеі, якія больш падыходзяць пад азначэньне дзень Незалежнасьці”.


Альгерд Невяроўскі, Менск Якое сьвята адзначаецца ў Беларусі 3 ліпеня? Ці лягічна адзначаць разам дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў і дзень Незалежнасьці? Якая дата павінна адзначацца ў Беларусі як дзень Незалежнасьці? Гэтыя пытаньні жыхарам Менску задаваў 3 ліпеня наш карэспандэнт.

3 ліпеня ў цэнтар Менску на сьвяточныя гуляньні прыйшло нямала людзей. І першае пытаньне, якое я ім задаў – якое сьвята адзначаецца сёньня ў Беларусі?

(Спадарыня: ) “Дзень вызваленьня рэспублікі – 60 гадоў, і Дзень незалежнасьці”.

(Хлопец: ) “Дзень вызваленьня Беларусі, 60 гадоў”.

(Маладзіца: ) “Дзень вызваленьня рэспублікі і Дзень Незалежнасьці”.

(Спадар: ) “Адзначаецца Дзень вызваленьня Беларусі, дзень Незалежнасьці”.

(Дзяўчына: ) “Дзень Незалежнасьці. І мой дзень нараджэньня”.

(Спадар: ) “Дзень 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Надзвычай прыемнае сьвята”.

(Спадарыня: ) “Дзень Вызваленьня Менску”.

(Маладзён: ) “Дзень вызваленьня, напэўна”.

Многія апытаныя ня бачаць ніякай супярэчнасьці ў тым, што дзень вызваленьня Менску і дзень Незалежнасьці адзначаюцца ў адзін дзень. Вось, як матывавалі свае адказы людзі:

“(Спадарыня: ) “Ведаеце, лёгіка ў гэтым ёсьць, на мой погляд. Таму што вызваленьнегэта вялікае сьвята. Калі б не было б вызваленьня, не было б незалежнасьці”.

(Хлопец: ) “Канечне. Калі б Беларусь ня вызвалілі, яна была б несвабодная”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю. Мне здаецца, гэта магчыма. Гэта ўсё пра нас, усё пра нашу Беларусь”.

(Спадарыня: ) “Незалежнасьць мы здабылі дзякуючы нашай перамозе”.

(Дзяўчына: ) “Сумяшчаць – магчыма”.

(Маладзён: ) “Думаю, што нічога страшнага ў гэтым няма. Дзень вызваленьня Беларусі і дзень Незалежнасьці – гэта два сьвяты, якія вельмі важныя для нашай дзяржавы. Таму сумяшчэньне гэтых двух сьвятаў – гэта добра, можна іх адзначаць у адзін дзень”.

(Спадарыня: ) “Можна, можна. Дзяржаве таньней”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, мне здаецца, што гэта настолькі блізка зьвязаныя сьвяты. Мяне гэта асабліва закранае, бо я – дзіця вайны”.

(Спадар: ) “Я думаю, што і незалежнасьць, і вызваленьне – гэта залежныя адна ад адной велічыні”.

(Маладзён: ) “Гэта ня розныя рэчы, гэта нашая незалежнасьць, нашае вызваленьне ад здраднікаў”.

Гэта былі меркаваньні людзей, якія лічаць, што дзень вызваленьня і дзень Незалежнасьці сьвяты сумяшчальныя.

Аднак сярод мінакоў было нямала й тых, хто лічыць, што дзень Незалежнасьці Беларусі павінен адзначацца ня 3 ліпеня, а ў іншы дзень:

(Спадар: ) Наогул кажучы, сумяшчаць ня трэба. Лепей мець два асобныя сьвяты. Чым больш сьвятаў, тым лепей для нас”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, на вашую думку – калі трэба было б беларусам адзначаць дзень Незалежнасьці?”

(Спадар: ) “А вось гэтага я й ня ведаю. Можа, кіраўнік дзяржавы ведае? Яму лепш відаць”.

(Маладзіца: ) “Я ведаю, што гістарычны дзень Незалежнасьці адзначаўся ў іншы дзень, так атрымалася, што цяпер гэтыя даты сумясьцілі. Думаю, што беларуская гісторыя мае іншыя падзеі, якія больш падыходзяць пад азначэньне незалежнасьці, якія таксама трэба адзначаць і ня трэба забываць”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што не”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Спадарыня: ) “Цяжка разабрацца”.

(Спадар: ) “Не. Трэба адзначаць 9 травеня”.

(Маладзён: ) “Не. Таму што гэта не была незалежнасьць. Гэта быў дзень вызваленьня, так, але ж, на маю думку, мы ня маем права казаць, што гэта быў дзень Незалежнасьці Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “А калі, на вашую думку, трэба адзначаць дзень Незалежнасьці?”

(Маладзён: ) “Увосені. Я забыўся на дату”.

(Хлопец: ) “Быў рэфэрэндум на гэтую тэму, і народ выбраў”.

(Маладзён: ) “Складана сказаць. Але калі б было так, як было раней, было б лепей”.

(Дзяўчына: ) “Канечне, лепей не ляпіць у адзін дзень два сьвяты”.

Так думаюць тыя менчукі, якія лічаць, што дзень вызваленьня ад фашыстаў і дзень Незалежнасьці – розныя сьвяты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG