Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія зьмены чакаюць БАПЦ у сувязі з высьвячэньнем новага япіскапа?


Сяргей Абламейка, Прага Шмат хто з нашых слухачоў памятае, якія падзеі адбываліся ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве ў 2002 годзе. Незадоўга да сьмерці мітрапаліта Мікалая Мацукевіча сябры Кансысторыі й Рады БАПЦ выступілі супраць япіскапа Аляксандра Салагуба. Яны абвінавацілі яго ў самавольным прысваеньні ўлады і дамагліся ягонага адлучэньня ад царквы мітрапалітам Мікалаем. А празь некалькі тыдняў памёр і сам мітрапаліт Мікалай.

Як вядома, з пачатку 80-х гадоў Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква існавала ў расколатым выглядзе. Адну частку ўзначальваў мітрапаліт Мікалай Мацукевіч, а другую – мітрапаліт Ізяслаў Бруцкі. Існавалі адпаведна дзьве кансысторыі і дзьве царкоўныя Рады. Пасьля сьмерці мітрапаліта Мікалая актывісты абедзьвюх частак царквы вырашылі аб’яднацца. У верасьні 2003 году адбыўся аб’яднаўчы Сабор пад кіраўніцтвам мітрапаліта Ізяслава Бруцкага. Былі абраныя адзіная Рада БАПЦ і адзіная кансысторыя.

І вось сёлета ў БАПЦ зьявіўся новы япіскап. Гэта – Васіль Касьцюк. Ён прызначаны сьцеражам мітрапалічага пасаду і адміністратарам БАПЦ. Мы зьвязаліся зь сябрам аб’яднанае кансысторыі БАПЦ спадаром Алексам Сільвановічам зь Нью-Ёрку і папрасілі яго расказаць пра перамены ў царкве.

(Абламейка: ) “Ці можна лічыць, што з высьвячэньнем новага япіскапа пераадолены раскол у БАПЦ, і што царква зноў адзіная?”

(Сільвановіч: ) “Так, царква ёсьць адзінай. Як памёр мітрапаліт Мікалай, царква зноў злучылася, як было раней, і цяпер новы япіскап рукапаложаны на просьбу Рады БАПЦ і самога мітрапаліта Ізяслава Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквой. Украінскія сябры дапамагалі нам раней, дапамаглі і цяпер. Царква жывая, новы япіскап прызначаны, і спадзяемся, што далей будзем супольна працаваць, каб царква разьвівалася. Маем шмат новых прыхаджанаў – эмігрантаў зь Беларусі. Так што будучыня не выглядае дрэнна”.

(Абламейка: ) “У нас ёсьць інфармацыя, што Кліўлэндзкая парафія наогул пераходзіць да Румынскай Праваслаўнай царквы”.

(Сільвановіч: ) “Хто ведае... Цяжка сказаць. Там усяго 30 працэнтаў, як я ведаю, прагаласавалі, каб ісьці да румынскага япіскапа, а 60 працэнтаў ня хочуць. Будзе новае паседжаньне... Хай самі вырашаюць, мы ў гэта не мяшаемся”.

(Абламейка: ) “Дзе цяпер знаходзіцца япіскап Салагуб?”

(Сільвановіч: ) “Ён яшчэ сядзіць тут, у Гайлэнд Парку. Яшчэ гэтая справа ў судзе...”

(Абламейка: ) “І што, ён далей служыць у царкве?”

(Сільвановіч: ) “Не, ён нідзе ня служыць. Цяпер у нас ёсьць новы япіскап, які, спадзяемся, павядзе царкву па добрым шляху”.

Як вы чулі, спадар Алекс Сільвановіч спадзяецца, што з прыходам новага япіскапа сытуацыя ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве пачне напраўляцца. Падзеям у Кліўлэндскай парафіі БАПЦ мы прысьвецім адну з наступных перадачаў.

Хто ж такі новы япіскап Васіль Касьцюк. Нашая даведка:

“Васіль (сьвецкае імя Віктар) Касьцюк нарадзіўся ў верасьні 1971 году ў Пінску. У 1992 годзе паступіў у Жыровіцкую праваслаўную сэмінарыю, якую скончыў у 95-м годзе. І ў тым жа годзе паступіў у Маскоўскую Духоўную акадэмію, якую скончыў у 1999 годзе са ступеньню кандыдата багаслоўя. У студзені 99-га году быў пастрыжаны ў манахі, а ў красавіку таго ж году стаў іерадыяканам. Год выкладаў у Жыровіцкай духоўнай Акадэміі і Сэмінарыі, але ў 2000-м годзе, паводле яго словаў, ня вытрымаўшы антыбеларускай пазыцыі праваслаўнай іерархіі ў Беларусі, вырашыў парваць з Маскоўскім патрыярхатам.

У 2003 годзе іерадыякан Васіль Касьцюк тры месяцы знаходзіўся ў ЗША, дзе знаёміўся з кіраўніцтвам і вернікамі БАПЦ. 20 сакавіка сёлета ў Тэрнопалі на Ўкраіне мітрапаліт Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Мяфодзі на просьбу БАПЦ высьвяціў Васіля Касьцюка на япіскапа. Афіцыйны тытул новага япіскапа – япіскап Бруклінскі і Баранавіцкі БАПЦ”.

Да гэтай даведкі я яшчэ дадам, што перад высьвячэньнем на япіскапа іерадыякан Касьцюк атрымаў ад кіраўніцтва Беларускага экзархату РПЦ афіцыйны дазвол на пераход у іншую эпархію. У Злучаныя Штаты новы япіскап прыбыў сёлета 26 траўня, а 12 чэрвеня ён быў прызначаны сьцеражам мітрапалічага пасаду і адміністратарам БАПЦ.

Новы япіскап БАПЦ Васіль Касьцюк на нашу просьбу адразу пагадзіўся даць інтэрвію Радыё Свабода.

(Абламейка: ) “Япіскап Васіль, якая цяпер сытуацыя ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве?”

(э.Васіль: ) “На сёньняшні дзень да БАПЦ належаць восем парафіяў. Гэта парафіі у Гайлэнд Парку, Дораты і Брукліне. У Канадзе – Таронта. У Брытаніі – Манчэстэр з айцом Янам Абабуркам і Валійская місія. У Аўстраліі – парафіі ў Адэляідзе і Мэльбурне. Іншыя беларускія парафіі да БАПЦ не належаць. Сёлета 12 чэрвеня ўладыка Ізяслаў прызначыў мяне сьцеражам мітрапалічага пасаду і адміністратарам БАПЦ”.

(Абламейка: ) “Якія Вы маеце пляны на новай пасадзе?”

(э.Васіль: ) “Галоўнае – гэта ўмацаваць БАПЦ на эміграцыі, адрадзіць выдавецкую і навукова-дасьледчую справу. Яшчэ найгалоўнейшае – адрадзіць духоўнае жыцьцё. Вельмі балючая ў нас праблема – недахоп сьвятароў у парафіях на эміграцыі. Я дамовіўся з кіраўніцтвам УАПЦ аб навуцы нашых сьвятароў на Ўкраіне. Цяпер эміграцыя расьце, прыяжджаюць новыя беларусы, просяць аб адкрыцьці новых парафіяў. Такую праблему мы маем, напрыклад, у Канадзе, дзе таксама патрэбныя сьвятары. Іншыя праблемы БАПЦ будуць узьнятыя на памесным саборы, які заплянаваны на вясну будучага году”.

(Абламейка: ) “А ёсьць ужо ў вас кандыдаты на высьвячэньне?”

(э.Васіль: ) “Так, так, зь Беларусі ёсьць кандыдаты. Я думаю, мы будзем іх выклікаць і хіратанісаць”.

(Абламейка: ) “Які цяпер лёс япіскапа Салагуба?”

(э.Васіль: ) “Я лічу, што хіратонія Аляксандра Салагуба была памылкай архіепіскапа Мікалая. Беларусы тут, на эміграцыі, вельмі дрэнна ведалі гэтага чалавека. Цяпер БАПЦ заяўляе, што Салагуб не належыць да яе, гэта – іншая юрысдыкцыя”.

(Абламейка: ) “Як вядома, некаторыя беларускія парафіі маюць праблемы. Ёсьць інфармацыя, што парафія ў Кліўлэндзе можа стаць часткай Румынскай праваслаўнай царквы”.

(э.Васіль: ) “Так. Кліўлэндзкая парафія да БАПЦ не далучалася, але ў Кліўлэндзе ёсьць праваслаўныя людзі, якія хочуць, каб іх парафія заставалася парафіяй БАПЦ. Я пляную наведаць Кліўлэнд і са свайго боку зраблю ўсё, каб там ня зьнік беларускі праваслаўны асяродак”.

(Абламейка: ) “Як вы будзеце ставіцца да аўтакефальных памкненьняў вернікаў у Беларусі? Як вядома, там цяпер існуе некалькі групаў, якія па-рознаму называюцца, але яны могуць зьвярнуцца да Вас па дапамогу?”

(э.Васіль: ) “Да мяне ўжо былі просьбы прыняць у БАПЦ сьвятароў зь Беларусі і Ўкраіны. Але для пераходу ў БАПЦ сьвятар не павінен мець кананічных перашкодаў і павінен мець дазвол на пераход у іншую царкву. Я лічу, што сьвятар павінен несьці сваё служэньне там, дзе яго прызначыў Госпад, але ёсьць усялякія выпадкі, і калі здарацца цяжкасьці, мы зможам дапамагчы нашым братам-беларусам”.

Такім чынам, раскол у Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве пераадолены, пры хворым і састарэлым мітрапаліце Ізяславе Бруцкім зьявіўся новы малады япіскап.

Як вы чулі зь інтэрвію Алекса Сільвановіча, былы япіскап БАПЦ Аляксандар Салагуб пакуль ня выехаў з царкоўнага дому ў Гайлэнд Парку. У гэтай справе ідзе судовы працэс. Япіскап Салагуб пасьля разрыву з кансысторыяй і Радай БАПЦ пад кіраўніцтвам мітрапаліта Мікалая Мацукевіча ўтварыў сваю кансысторыю БАПЦ. У яе склад увайшлі сэрбскі япіскап БАПЦ Ёван і вядомы нашым слухачам праваслаўны сьвятар Іван Спасюк, які эміграваў у ЗША і цяпер жыве ў Каліфорніі.

У адной з нашых ранейшых перадачаў япіскап Салагуб сьцьвярджаў, што яго юрысдыкцыю прызнаюць Кліўлэндзкая парафія і сэрбскі манастыр у Каліфорніі. Што цяпер адбываецца ў Кліўлэндзе – нашыя слухачы ўжо чулі: там існуе пагроза пераходу парафіі да Румынскай Праваслаўнай царквы. А адносна сэрбскіх групаў у БАПЦ, якія некалі прыняў пад сваю юрысдыкцыю мітрапаліт Мікалай, Алекс Сільвановіч паведаміў, што нядаўна Іван Спасюк і япіскап-сэрб Ёван адлучылі ад царквы япіскапа Салагуба... Як бачым, у гэтай адколатай частцы БАПЦ сытуацыя пачынае набываць камічныя рысы.

Тым часам, новы япіскап Васіль Касьцюк мае пляны аб’яднаць былую БАПЦ і нават заснаваць дадатковыя парафіі зь ліку новых эмігрантаў. У траўні 2005 году заплянавана правесьці агульнацаркоўны сабор, на якім, сярод іншага, могуць быць прынятыя і важныя рашэньні аб дачыненьнях БАПЦ з Канстантынопальскім патрыярхатам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG