Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настальгія па Савецкім Саюзе была адным з галоўных матываў сьвяточнага выступу Аляксандра Лукашэнкі


Валер Каліноўскі, Менск У сталіцы Беларусі прайшлі самыя маштабныя за часы незалежнасьці вайсковы парад, дэманстрацыя спартоўцаў і грамадзянскай тэхнікі з нагоды Дня незалежнасьці і 60-годзьдзя вызваленьня краіны ад нацыстаў. Парад прымаў Аляксандр Лукашэнка ў маршальскай форме, які выступіў з шэрагам мілітарысцкіх заяваў. За час афіцыйных сьвяточных урачыстасьцяў у Менску 2 і 3 ліпеня не прагучала ніводнага беларускага слова, калі не лічыць выкананьне дзяржаўнага гімну.

Раней у Аляксандра Лукашэнкі была адзіная на ўвесь год нагода, каб выступіць на дзяржаўнай беларускай мове – менавіта на ўрачыстым паседжаньні з нагоды Дня незалежнасьці. Сёлета ён гэтую традыцыю праігнараваў, выступіўшы 2 ліпеня па-расейску. Па-расейску ён выступаў і перад пачаткам параду 3 ліпеня. Такім чынам, з вуснаў кіраўніка краіны за час афіцыйных сьвяточных урачыстасьцяў не прагучала ніводнага беларускага слова.

Не гаварылі па-беларуску і іншыя: камэнтар дыктараў на вайсковым парадзе, як і рэпартажы ўсіх каналаў тэлебачаньня, прысьвечаныя яму, таксама былі расейскамоўнымі. Дарэчы, наўпростая тэлетрансьляцыя з вайсковага парада ішла па ўсіх чатырох агульнанацыянальных каналах, а таксама на частотах РТР і НТВ – такім чынам тыя, хто карыстаецца эфірным тэлебачаньнем, альтэрнатывы не мелі.

Гаворачы на ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі пра зьверствы фашыстаў, подзьвіг вэтэранаў і вызваліцеляў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка не абышоўся і без палітызацыі гэтай тэмы, абвінавачваньняў на бок апазыцыі і краінаў Захаду. Ён дапусьціў нават вельмі спэцыфічную агаворку:

(Лукашэнка: ) “Ня ўсе ведаюць і памятаюць, што ў часы засільля нацыстаў, э-э, нацыяналістаў, галоўным дзяржаўным сьвятам беларусаў быў іншы дзень, зьвязаны з развалам Савецкага саюза. Такім чынам ідэйныя нашчадкі фашысцкіх памагатых ставілі ў адзін шэраг нацысцкую Нямеччыну і Савецкі Саюз. Яны хацелі, каб беларусы ўспрынялі гэтую ману, гэтую найвялікшую несправядлівасьць”.

Настальгія па Савецкім Саюзе была адным з галоўных матываў выступу Аляксандра Лукашэнкі. Яна ж давала яму натхненьне ў крытыцы краінаў Захаду, якія, паводле словаў А. Лукашэнкі, здаліся нацыстам у адрозьненьне ад СССР. Лукашэнка згадаў, што ў саюзе зь Нямеччынай на СССР напалі 10 эўрапейскіх дзяржаваў, што “балтыйскія эсэсаўцы палілі беларускія гарады і вёскі”, што цяпер яны праводзяць парады, а іх дзеці і ўнукі, маўляў, хочуць дыктаваць, якім павінен быць парадак у Беларусі. Такім чынам, Лукашэнка раскрытыкаваў эўрапейскія структуры, якія гавораць аб магчымасьці санкцыяў супраць беларускіх уладаў.

(Лукашэнка: ) “Жаданьне прывесьці Беларусь да паслухмянасьці ў іх ёсьць”.

Менавіта нэгатыўныя адносіны А.Лукашэнкі да Эўразьвязу і НАТО выклікалі ягоныя заявы пра гатоўнасьць беларускага войска нанесьці “непрымальны урон агрэсару”. “Беларускае войска – грозная сіла, здольная весьці сучасную вайну”, заявіў Аляксандр Лукашэнка на парадзе 3 ліпеня ў Менску. Сам Лукашэнка быў апрануты ў парадную маршальскую форму, ягонае бліжэйшае атачэньне на трыбуне – таксама было ў вайсковай форме.

(Лукашэнка: ) “Беларуская краіна настойліва й пасьлядоўна працуе над умацаваньнем абароназдольнасьці краіны. Гэтага патрабуе наш гістарычны досьвед, нашая гістарычная памяць. Гэтага патрабуе ад нас і сучасная міжнародная абстаноўка”.

На вайсковым парадзе былі прадстаўленыя амаль усе віды ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі: самалёты, шрубалёты, танкі, зеніта-ракетныя комплексы, у тым ліку знакамітыя С-300. У паветраным парадзе ўдзельнічаў грамадзянскі флёт, і нават Боінг-737, арандаваны ў ЗША. Самалёты ляцелі на мінімальнай 150 мэтровай вышыні.
XS
SM
MD
LG