Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьлед крымінальнай дзейнасьці групоўкі наркадылераў вядзе на Беларусь


Тацяна Поклад, Вільня Крымінальная служба Літоўскай мытні паведаміла першыя зьвесткі адносна дзейнасьці выяўленай групоўкі, якая займалася кантрабандай сынтэтычных наркотыкаў у Скандынаўскія краіны і ў Беларусь.

Літоўскія крыміналісты ў супрацоўніцтве з калегамі з Haрвэгіі й Швэцыі выйшлі на сьлед гэтае групоўкі пасьля арышту двух наркакур’ераў на беларуска-літоўскай мяжы (на памежным пункце ў Адуцішках) сёлета ў сакавіку. Пра гэта паведамляла беларуская праграма радыё “Свабода”. Былі затрыманыя грамадзяне Беларусі (вядомыя толькі іх ініцыялы, А.М. і А.С.), якія спрабавалі правезьці ў Беларусь 200 грамаў амфэтаміну. Яшчэ 1 грам гэтага сынтэтычнага наркотыку меў у кішэні кіроўца іхнага легкавога аўтамабілю Volkswagen Passat.

У грамадзянаў Беларусі, якія заявілі мытнікам, што нічога ня вязуць, наркотык знайшоў знакаміты ў Літве сабака – лабрадорскі рэтрывэр Лорас. Кошт знойдзенага тады наркотыку, паводле дадзеных літоўскай паліцыі, складаў болей за 7 тысячаў даляраў. Затрыманыя аднак заявілі, што ня ведалі, што гэта наркотык, і думалі, што гэта – стымулятар дзеля ўзмацненьня росту цягліцаў, які яны вазілі зь Беларусі прадаваць у Літву.

Крымінальная служба Літоўскай мытні паведаміла, што гэтая спроба кантрабанды наркотыку злучаная зь дзейнасьцю міжнароднай злачыннай групоўкі, якая дзейнічала у Беларусі, Літве, Нарвэгіі і Швэцыі. Цяпер таксама ў ліку затрыманых – яшчэ двое грамадзянаў Беларусі.

Амбасада Беларусі ў Літве пакуль не паведаміла ніякіх зьвестак пра затрыманых грамадзянаў Беларусі. Яны разам зь яшчэ трыма літоўскімі грамадзянамі былі затрыманыя у Літве, іншыя арышты адбыліся ў Нарвэгіі й Швэцыі. Усяго былі затрыманыя, апрача двух грамадзянаў Беларусі, 11 грамадзянаў Літвы і двое грамадзянаў Нарвэгіі.

Крыміналісты выявілі, што міжнародная злачынная групоўка спрабавала наладзіць у Нарвэгіі нелегальную лябараторыю па вытворчасьці сынтэтычнага наркотыку амфэтаміну. Усяго цягам апэрацыі было знойдзена 10 кг амфэтаміну ў парашку, а таксама 6 літраў вадкага амфэтаміну, зь якога можна атрымаць болей за 10 кг наркотыку ў выглядзе парашку.

Усяго кошт гэткай колькасьці амфэтаміну ацэньваецца на чорным рынку ў суму каля 700 тысячаў даляраў. Паводле дадзеных літоўскай паліцыі, са 100 грамаў парашку робяць 1000 дозаў, кошт адной дозы на вуліцы ў Літве – крыху большы за 3 даляры (10 літаў). Выяўлена, што гэтая групоўка займалася і падробкай пашпартоў і іншых афіцыйных дакумэнтаў, а таксама незаконнымі апэрацыямі з набыцьцём і продажам маёмасьці.
XS
SM
MD
LG