Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ад’яжджаюць дзьве дэлегацыі зь Беларусі


Уладзімер Глод, Менск У склад адной уваходзяць сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Уладзімер Парфяновіч і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька; другая дэлегацыя прадстаўляе Нацыянальны сход Беларусі. Дарэчы, першапачаткова плянавалася, што ад групы “Рэспубліка” у Эдынбург паедзе яе кіраўнік Сяргей Скрабец. Аднак ягоны пашпарт застаўся ў Валерыя Фралова, зь якім спадар Скрабец 1 ліпеня быў у Маскве. Падчас нападу на Фралова бандыты скралі зь іншымі дакумэнтамі і пашпарт Скрабца. Кіраўніцтва Палаты адмовілася выдаць яму дыпляматычны пашпарт, таму ў Эдынбург замест яго і ляціць спадар Парфяновіч.

Хаця афіцыйна беларускае пытаньне ня значыцца ў парадку дня летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пачнецца 5 ліпеня ў Эдынбургу (Шатляндыя), тым ня менш на ёй мяркуецца прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Нагадаю, што для падрыхтоўкі гэтага дакумэнту і вывучэньня беларускай сытуацыі 21-23 чэрвеня ў Менску знаходзіліся сябры адмысловай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ, дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф і дэпутат швэдзкага Рыкстагу Урбан Алін.

Дарэчы, яны непасрэдна ў Авальнай залі былі сьведкамі дыскусіі вакол зьменаў у Выбарчым кодэксе, прапанаваных групай “Рэспубліка”.

Праект рэзалюцыі па Беларусі ўжо падрыхтаваны. Ён падаецца як дадатковы пункт да асноўнай рэзалюцыі, якая прымаецца падчас сэсіі. Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, які часта прысутнічае на міжнародных парлямэнцкіх форумах і які ўжо бачыў гэты дакумэнт, лічыць яго жорсткім:

(Раманчук: ) “Яна (рэзалюцыя) заклікае да таго, каб беларускія ўлады вярнуліся да чатырох патрабаваньняў АБСЭ, што былі выпрацаваныя яшчэ ў 1999 годзе; гаворыць пра тое, што неабходна абавязкова ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства; таксама зьвяртаецца ўвага на парушэньні правоў чалавека і мэдыяў; выказваецца заклапочанасьць, што існуюць падставы, каб падазраваць некаторых асобаў з уладаў у датычнасьці да зьнікненьня вядомых палітыкаў і журналіста Зьміцера Завадзкага.

Рэзалюцыя, на мой погляд, вельмі жорсткая. Яна па сутнасьці пераклікаецца з рэзалюцыяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і рэзалюцыяй ААН, якія былі прынятыя сёлета. Яна можа быць яшчэ больш жорсткай у кантэксьце высылкі з Беларусі журналіста Міхаіла Падаляка і палітычнай кампаніі супраць апазыцыі”.

Дарэчы, Ута Цапф перад ад’ездам зь Менску 10 дзён таму таксама сказала, што беларуская рэзалюцыя будзе ўхваленая:

(Цапф: ) “Я цалкам упэўненая, што рэзалюцыя будзе прынятая, паколькі мы ўжо маем подпісаў больш, чым патрэбна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG