Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн паводзіў сябе ў судзе ваяўніча, ягоныя паплечнікі – стрымана


Ганна Соусь, Прага Увесь сьвет сочыць за судом над былым дыктатарам Садамам Хусэйнам, якога абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасьці. Разам зь ім перад судом сталі 11 ягоных паплечнікаў. Рэпарцёры, якія знаходзяцца ў судовай залі, адзначаюць, што ў адрозьненьне ад Садама, які часам выступаў ваяўніча, ягоныя паплечнікі трымаліся даволі стрымана.

Садама Хусэйна і ягоных паплечнікаў абвінавачваюць у вельмі сур’ёзных злачынствах, але толькі Садам выказваў адкрытае непадпарадкаваньне суду. Гэтак, ён паставіў пад сумнеў абвінавачаньне ў уварваньні ў Кувэйт.

(Хусэйн: ) “Абвінавачаньне нумар сем палягае ў тым, што Садам Хусэйн быў прэзыдэнтам Іраку і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, і гэтыя сілы ўвайшлі ў Кувэйт. Адсюль вынікае, што гэта было зроблена афіцыйным шляхам. Ці прымальна, што абвінавачваньні вылучаюцца супраць дзеяньняў, якія былі зробленыя афіцыйным шляхам, і што суд адбываецца без захаваньня гарантыяў, прадугледжаных Канстытуцыяй і законамі, у тым ліку і тымі, у адпаведнасьці зь якімі вы вядзеце расьсьледваньне?”

Садам, які выглядаў то засмучаным, то ваяўнічым, ня толькі аспрэчваў паўнамоцтвы суду, але і адмовіўся падпісаць выстаўленыя супраць яго абвінавачаньні.

Як адзначае карэспандэнт Радыё Свабода Чарлз Рэкнагэл, калі Садам усё яшчэ верыць, што ён зьяўляецца прэзыдэнтам Іраку, то ягоныя паплечнікі ня цешаць сябе ілюзіямі. Як і Садама, іх абвінавачваюць у масавых забойствах іракцаў на працягу двух апошніх дзесяцігодзьдзяў. Адзін зь іх – Тарык Азіз, які прадстаўляў рэжым Хусэйна падчас крызысу ў адносінах з ААН і Захадам. Ён заявіў суду аб сваёй невінаватасьці, паколькі нікога ніколі не забіваў асабіста.

Другі абвінавачаны, Aлі Хасан аль-Маджыд,больш вядомы як “хімічны Алі”, як мяркуецца, меў датычнасьць да атручваньня ірацкіх курдаў газам ў 1988 годзе ў горадзе Халабайя. Як паведамляецца, ён асабіста катаваў зьняволеных, калі сілы Садама падавілі паўстаньне шыітаў пасьля вайны ў 1991 годзе.

“Хімічны Алі” прыйшоў у суд з кійком, паколькі ён хворы на дыябет. Назіральнікі адзначаюць, што ён выглядаў сумным і імкнуўся быць ветлівым з судзьдзём, паколькі яму, як і іншым, пагражае пакараньне сьмерцю. “Хімічны Алі” сказаў у судзе, што ён, маўляў, рады такім абвінавачаньням, у якіх ён не вінаваты.

Па завяршэньні працэсу Садама й ягоных паплечнікаў адвезьлі ў турму, дзе яны ўтрымліваюцца асобна адзін ад аднаго. Турма, як мяркуецца, знаходзіцца на амэрыканскай вайсковай базе ў раёне Багдаду. Пакуль дакладна невядома, калі яны ізноў стануць перад судом. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі заявіў у чацьвер, што абвінаваўцам спатрэбіцца каля месяцу, каб падрыхтавацца да працэсу.

Намесьнік міністра замежных справаў Іраку Хамід аль-Баджаці паведаміў учора, што многія жыхары Іраку настойваюць на тым, каб суд прысудзіў Хусэйна і ягоных паплечнікаў да сьмяротнага пакараньня. Іх судзіць ірацкі трыбунал, які фінансуецца Вашынгтонам. Амаль палова з 75 мільёнаў даляраў бюджэту трыбуналу ідзе на гарантаваньне бясьпекі судзьдзяў, абвінаваўцаў і іх сем’яў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG