Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Фралоў заяўляе, што, нягледзячы на зьбіцьцё, будзе працягваць барацьбу


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта Валеры Фралоў сказаў на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася на ягонай кватэры 2 ліпеня.

Я выразна бачыў кроў, што запяклася на вушах генэрала Фралова, час ад часу ён паціраў ныркі, праводзіў рукамі па рэбрах. Але зьнешне дэпутат выглядаў спакойным, ураўнаважаным. Прысутныя на прэсавай канфэрэнцыі адзначылі: зьбіцьцё яго не запалохала. А сам Фралоў казаў пра тое, што ён і ягоныя аднадумцы цяпер будуць дзейнічаць нават яшчэ больш актыўна:

(Фралоў: ) “Гэта нас натхняе, падбадзёрвае, настройвае актыўна працаваць. У пэўнай ступені я нават ўдзячны, што Госпад Бог нас дзесьці і ахоўвае, і разам з тым гаворыць: “Патрэбна дзейнічаць актыўна, мэтанакіравана...” І я спадзяюся, што ён нас ня кіне”.

Валерыя Фралова і кіроўцу ягонага аўтамабіля зьбілі 1 ліпеня ў 23.20 у пад’езьдзе дому па Казарменным завулку ў Менску, дзе знаходзіцца службовая кватэра дэпутата. Як толькі Фралоў і ягоны кіроўца ўвайшлі ў пад’езд, на іх кінуліся невядомыя ў аднолькавых чорных масках. Білі па галаве, твары, нырках, рэбрах. Падчас бойкі скінулі на падлогу паштовую скрынку. Кіроўцы выбілі зуб, у Фралова адабралі партфэль, у якім знаходзіліся дакумэнты і кнігі, партманэ і пашпарт. Хто мог арганізаваць напад і зьбіцьцё? Вось як адказвае на гэтае пытаньне сам дэпутат:

(Фралоў: ) “Калі сёньня раніцай, да пятай гадзіны, мы былі ў міліцыі, нас спыталі: а ці былі на ваш адрас пагрозы? Я адказаў: “Так, былі. Летась Аляксандар Рыгоравіч сказаў мне, што месца мне ў Беларусі ня будзе, што парубім як капусту”. Я думаю, што гэтыя пагрозы пачалі ператварацца ў жыцьцё. Мабыць, гэта рэалізацыя ягоных словаў. Але мы зусім не зьдзіўляемся, таму што за намі ўвесь час сочаць, праслухоўваюць”.

Паводле спадара Фралова і кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца, зь якім генэрал 1 ліпеня лётаў у Маскву, і ў сталіцы Расеі іх адсочвалі чатыры чалавекі ў цывільным з тэлекамэрай. За два дні да гэтага Валерыя Фралова папярэдзілі, што супраць яго рыхтуецца правакацыя, раілі ўзяць ахову. Аднак зноў завесьці ахову дэпутат не пасьпеў.

Сяргей Скрабец нагадаў, што пагрозы былі і раней:

(Скрабец: ) “Гэта ўжо ня першы выпадак, калі нам пагражаюць фізычнай расправай. І дэпутатам групы “Рэспубліка”, і асабіста мне, і асабіста Фралову, і асабіста Парфяновічу. Кожную хвіліну чакаць расправы цяжка, увага прытупляецца. Так адбылося і ўчора. Зразумела, нечакана”.

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” паведаміў, што ў сталіцы Расеі яны сустракаліся з расейскімі дэпутатамі:

(Скрабец: ) “Мы езьдзім у Маскву, каб сустракацца са сваімі калегамі, бо афіцыйна, нават калі ёсьць адпаведная пастанова Палаты прадстаўнікоў, за апошнія два гады нашыя прозьвішчы выкрэсьліваюць з усіх сьпісаў. Хаця мы ўваходзім у міжпарлямэнцкія “двойкі”, “пяцёркі”, “дзявяткі”. Я, напрыклад, у ЭўрАзЭС. Некалькі разоў пастанова палаты, якая мае афіцыйны юрыдычны статус, не выконваецца, бо сьпісы тых, хто ад’яжджае, разглядаюцца ў адміністрацыі прэзыдэнта альбо асабіста ім”.

Валеры Фралоў сказаў журналістам, што падрыхтоўка да масавай акцыі 21 ліпеня будзе працягвацца. Паводле ягоных словаў, “з гэтай уладай разьлічваць на дыялёг бессэнсоўна”. А скончыў прэсавую канфэрэнцыю дэпутат Фралоў наступнымі словамі:

(Фралоў: ) “Няхай яго насьцярожыць тое, што мне парвалі пінжак. Вось ён там вісіць абадраны цалкам зьнізу. Калі цягнулі дакумэнты, усё там затрашчала. Няхай яго гэта насьцярожыць. Ён ведае, пра што ідзе гаворка”.

Зразумелі, пра што ідзе гаворка, і прысутныя. Яны згадалі, як у 1994 годзе кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку ахова не пускала ў ягоны кабінэт, што знаходзіўся ў Доме ўраду. Спадар Лукашэнка тады прарываўся праз ахоўнікаў, якія парвалі яму пінжак. А неўзабаве Аляксандра Лукашэнку абралі прэзыдэнтам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG