Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лік 50 000 запрошаных на заўтрашні парад генэрал Фралоў не патрапіў


Алег Грузьдзіловіч, Менск А ці ёсьць у вас шанец зблізку ўбачыць заўтрашні парад з нагоды 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі?

Толькі 50 тысячаў менчукоў і гасьцей сталіцы гарантавана ўбачаць зблізку заўтрашні вайсковы парад на вуліцы Іерусалімскай. Столькі запрашэньняў, паводле прэсавай службы міністэрства абароны, раздадзена тым, каго ўлады хочуць бачыць на парадзе. Да гэтых 50 тысяч варта дадаць яшчэ некалькі тысяч міліцыянтаў і ахоўнікаў зь іншых сілавых ведамстваў, якія будуць забясьпечваць парадак.

Але што рабіць з астатнімі жадаючымі ўбачыць дэманстрацыю вайсковай тэхнікі ды марш цяперашніх абаронцаў Айчыны на свае вочы? Між тым, паводле назіраньняў, такіх жадаючых шмат. Вялікую цікаўнасьць да параду паказала ягоная рэпэтыцыя ў аўторак. З узгорку пад стэлай “Горад герой-Менск” за ёй назіралі некалькі тысяч менчукоў.

Раніцай 3 ліпеня на гэтае месца яны не патрапяць, ўпэўнена заявілі мне ў прэсавым цэнтры менскай міліцыі. Не дапаможа нават, калі заняць месца на ўзгорку з ночы. Паводле зьвестак, раніцай узгорак побач са стэлай будзе ачэплены, і ўсіх, хто ня мае запрашэньня, адтуль выдаляць. На ганаровай трыбуне пад узгоркам разьмесьціцца Аляксандр Лукашэнка зь іншымі кіраўнікамі, такая ж трыбуна насупраць, на другім баку вуліцы Іерусалімскай, прызначаная для вэтэранаў. Побач з трыбунамі будуць усталяваныя пляцоўкі для менш значных гасьцей.

Усім астатнім, простым людзям улады прапануюць назіраць за парадам праз тэлевізар альбо з ходнікаў вуліцы Іерусалімскай, яшчэ на падыходзе да ганаровых трыбун. Міліцыянты раяць прыходзіць на месца за гадзіну-паўтары да пачатку параду.

Хутчэй за ўсё ня пойдзе на парад дэпутат з групы “Рэспубліка” генэрал Валер Фралоў. Запрашэньня яму не даслалі, а ісьці штурхацца у натоўпе, каб у выніку здаля нічога ня ўбачыць, генэрал не жадае. Увогуле да заўтрашняга параду ў яго дваістае стаўленьне.

(Фралоў: ) “З аднаго боку, пажадана людзям паказаць, што ёсьць войска, ёсьць магутнасьць. З другога боку, пакуль у нас праблем хапае, такога памеру ня трэба. Усё ж такі трэба парады праводзіць больш сьціпла, як мне падаецца”.

За сваю вайсковую кар’еру былы камандуючы корпусам Валер Фралоў удзельнічаў у дзесятку парадаў. Самыя запамінальныя зь іх – на Чырвонай плошчы ў Маскве і на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Парад для яго – напружаная праца і сьвяточны настрой. А тое, што не запрасілі на заўтрашні парад – прыкмета зьменлівага часу, на якую лепш не зьвяртаць увагі.

(Фралоў: ) “Крыўдзіцца можна на тое, што забылі пра цябе, а калі ўлада не віншуе з Новым годам, не запрашае на парад з прычыны маіх поглядаў, хаця Канстытуцыя дазваляе розныя погляды, гэта характэрызуе саму ўладу. Не жадае Аляксандр Рыгоравіч, каб я там быў – ну і калі ласка. Я не асабліва турбуюся”.

Усяго ў парадзе возьмуць удзел больш за 4 тысячы вайскоўцаў. З навінак зброі будзе прадэманстраваны ў тым ліку і мадэрнізаваны супроцьпаветраны комплекс С-300, які нядаўна паставіла ў Беларусь Расея. А беларускія авіятары падымуць у неба над Менскам баявыя й грамадзянскія самалёты, у тым ліку славуты “Боінг”.
XS
SM
MD
LG