Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол ЗША ў Беларусі Джордж Крол: “У часе выпрабаваньня амэрыканцы – побач зь беларусамі”


Вольга Караткевіч, Прага У амэрыканскай амбасадзе ў Менску адбыўся прыём з нагоды Дня незалежнасьці ЗША, які адзначаецца 4-га ліпеня. На імпрэзу былі запрошаныя беларускія апазыцыйныя палітыкі, жонкі зьніклых, незалежныя журналісты. Амбасадар Джордж Крол выказаў падтрымку беларускай дэмакратыі з боку ЗША.

(Карэспандэнтка: ) Як Вам адзначаецца Дзень незалежнасьці ў беларускай кампаніі?

(Крол: ) “Я думаю – гэта вельмі добра, адзначаць Дзень незалежнасьці ЗША тут, у Беларусі, бо каштоўнасьці, якія нашыя продкі заснавалі ў Дэклярацыі аб незалежнасьці 228 гадоў таму, шануюцца сёньня як у ЗША, так і ў Беларусі. У Дэклярацыі былі прадстаўленыя ідэі свабоды, за якія амэрыканцы змагаліся і працягваюць змагацца. І мы бачым, што гэтыя каштоўнасьці падзяляюцца ў Беларусі. Як я сказаў у сваёй прамове – “Сёньня нам, амэрыканцам, хацелася б верыць, што каштоўнасьці нашых айцоў-заснавальнікаў падзяляюць людзі ўсяго сьвету, і, канечне, вы, нашыя беларускія сябры”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы працуеце ў краіне, у якой пытаньне поўнай незалежнасьці выклікае скептыцызм з боку апанэнтаў беларускай улады. Якім Вам бачыцца палітычны працэс у Беларусі?”

(Крол: ) “Відавочна, што людзі ў Беларусі імкнуцца да дэмакратыі. Яны сутыкаюцца з праблемамі, робячы гэта. Але, я бачу, многія беларусы ва ўсёй краіне па-сапраўднаму працуюць дзеля ўсталяваньня моцнай дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі. Я бачу дакладна, што гэта тут адбываецца”.

Джордж Крол неаднаразова выказваў падтрымку тым сілам у Беларусі, які выступаюць за дэмакратызацыю краіны. На думку амбасадара, якія сілы і якія шляхі могуць зрабіць Беларусь дэмакратычнай?

(Крол: ) “Разьвіцьцё дэмакратыі – гэта працэс. Гэта ня тое, што робіцца хутка. Разьвіцьцё й прыняцьцё каштоўнасьцяў дэмакратыі, разуменьне, што канкрэтныя людзі маюць адказнасьць за свабоду ў сваім жыцьці – гэта тое, што цяжка знайсьці ў такім грамадзтве як Беларусь. Прычынай гэтаму – доўгая гісторыя гэтага рэгіёну сьвету, якая, натуральна, адрозьніваецца ад гісторыі ЗША. Гады Савецкага Саюзу, натуральна, мелі эфэкт, і гэта бярэ час, каб людзі, хто разумее, прымае і разьвівае каштоўнасьці дэмакратычнага грамадзтва. Але я дакладна бачу, асабліва сярод маладых людзей Беларусі, хто нарадзіўся нядаўна. Яны – частка новай генэрацыі і яны маюць разуменьне новага сьвету. Сьвету з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі"

(Карэспандэнтка: ) “У гэтым годзе ў Беларусі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Якой Вам бачыцца пэрспэктыва гэтых выбараў?”

(Крол: ) “Я думаю, што гэта частка працэсу. Думаю, што намаганьні партыяў і кандыдатаў прадстаўляць погляды беларускіх людзей – вельмі важны аспэкт у разьвіцьці дэмакратыі. Гэта будзе цяжка, але зноў такі – гэта важны крок у разьвіцьці дэмакратыі”.

Карыстаючыся магчымасьцю я пацікавілася ў Джорджа Крола: што яму падабаецца ў Беларусі?

(Крол: ) “Я жыву па-за Менскам, у Раўбічах. Гэта прыгожыя мясьціны. Я люблю доўгія шпацыры, часам ежджу на кані ў гэтым раёне. Чым больш я бачу беларускія краявіды, тым больш я маю асалоду ад гэтага. Вельмі люблю Беларусь, бо я таксама маю славянскія карані. Найперш – краіна вельмі прыгожая. Мне падабаецца падарожнічаць па Беларусі. Я ў трэці раз на Беларусі. Беларусы – вельмі шчырыя, гасьцінныя. Мне вельмі прыемна працаваць зь імі. Таксама мне вельмі падабаецца тутэйшая ежа – дранікі, кісла-малочныя прадукты”. (Сьмяецца).

Пры канцы нашага інтэрвію, перад тым, як запрасіць удзельнікаў урачыстасьцяў на танцы пад акампанэмэнт музыкаў зь менскага Бітлз-клюбу, Джордж Крол зьвярнуўся да нашых слухачоў з цытатай са сваёй прамовы:

(Крол: ) “Мы адзначаем ня толькі дасягненьне амэрыканцаў і змаганьне амэрыканцаў, мы адзначаем адданасьць справе і намаганьні тых, хто працягвае працаваць тут – і ў беларускім урадзе, і ў беларускай супольнасьці, імкнучыся пабудаваць моцную дэмакратыю ў Беларусі. Як Тадэвуш Касьцюшка, які нарадзіўся на зямлі сучаснай Беларусі, стаяў побач з намі, амэрыканцамі, у часе выпрабаваньняў, так і мы, амэрыканцы, будзем стаяць побач з вамі, беларусамі. Божа, блаславі Амэрыку! Божа, блаславі Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG