Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія тры гады дзяржава зрабіла вельмі шмат, каб аслабіць трэці сэктар


Аляксандар Уліцёнак, Менск Дзе больш сацыяльна актыўных людзей? Лічыцца, што ў сталіцы. Але статыстыка паказвае, што большасьць грамадзкіх арганізацыяў Беларусі – якраз на пэрыфэрыі, хоць разьмеркаваныя яны няроўна. Пра будні й пэрспэктывы некамэрцыйных структураў Беларусі і пойдзе размова.

Што такое 2 тысячы грамадзкіх суполак на ўсю краіну? Тых, хто займаецца праваабарончай дзейнасьцю і апякуецца “братамі нашых меншымі”, клапоціцца пра старых і хворых СНІДам, аднаўляе імёны воінаў Вялікай Айчыннай і наладжвае сьвяты для кінутых дзяцей... Для параўнаньня: у адной Львоўскай вобласьці такіх суполак удвая больш, чым у шасьці беларускіх, у адным толькі Стакгольме — удзесяцёра больш, а ў Нямеччыне — у 125 разоў... Выходзіць, беларускі трэці сэктар — нешта малазначнае, шэрае? Ягоныя дасьледнікі так ня лічаць:

(Мілінкевіч: ) “Наш трэці сэктар больш цікавы, чым у суседзяў. Гэта — адлюстраваньне нашай сытуацыі”.

Асацыяцыя рэсурсавых цэнтраў, якой кіруе гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч, завяршае падрыхтоўку аналітычнага агляду стану некамэрцыйных арганізацыяў краіны. Паводле дасьледаваньня, іхную спэцыфіку найперш вызначаюць надзвычай цяжкія ўмовы для ўдзелу ў сучасным бізнэсе і палітычным жыцьці. Калі ў Расеі і ва Ўкраіне актыўныя людзі пасьля развалу СССР заняліся прадпрымальніцтвам ці будаўніцтвам партыйнага жыцьця, дык у Беларусі найбольш прывабнай паступова сталася ніша якраз апалітычнага, некамэрцыйнага трэцяга сэктару.

(Карнеенка: ) “Палітыка Лукашэнкі ніколі мне не падабалася, і ніколі я не магу яе падтрымаць. І гэтага ўжо дастаткова, каб патрапіць пад рэпрэсіі. Таму мы лічылі нямэтазгодным займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, хаця напачатку ў нас была такая спроба. Памятаеце – “Гомель-РІА”? Гэта ўсё супала з пачаткам дзейнасьці прэзыдэнта Лукашэнкі. Было відавочна, чым тое скончыцца. Таму мы спынілі тую дзейнасьць і зьліквідавалі прадпрыемства “Гомель-РІА”.

Аднаго зь лідэраў трэцяга сэктару Гомельшчыны Віктара Карнеенку дапаўняе Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч:) “Большасьць актыўных людзей, гэта натуральна, ідзе ў грамадзкія арганізацыі, якія вельмі разнастайныя, якія разьвіваюцца, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. І таму канцэнтрацыя будучай дэмакратычнай Беларусі менавіта ў трэцім сэктары найбольшая. Асабліва гэта тычыцца невялікіх гарадкоў. Там палітычнае жыцьцё практычна не існуе. І чалавек, які хацеў бы штосьці зрабіць для сваёй краіны, апынаецца ў трэцім сэктары”.

Вось такая парадаксальная лёгіка жыцьця. Дзяржава не адразу зразумела яе, таму, лічыць спадар Мілінкевіч, грамадзкія некамэрцыйныя ініцыятывы даволі дынамічна разьвіваліся ажно да 2001 году. Яго падтрымлівае і актывістка выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Алёна Андрэева:

(Андрэева: ) “На маю думку, вельмі пасьпяховай зьяўляецца Беларуская арганізацыя працоўных жанчын: яна мае 32 рэгіянальныя прадстаўніцтвы. Пасьпяховай можна назваць “Вясну”: хоць яе афіцыйна закрылі, аднак ніводная філія так і не спыніла сваёй дзейнасьці. З задавальненьнем назаву пасьпяховым і Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў...”

Што найперш прываблівае ініцыятыўных людзей з правінцыі? Тая сацыяльна-грамадзкая праблематыка, якая апынулася на пэрыфэрыі дзяржаўнай увагі, адказвае Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч:) “Напрыклад, веданьне праўдзівай гісторыі, тое ж самае краязнаўства ці абарона мовы”.

У справе беларускай патрыётыкі гэтыя апантаныя людзі расплюшчылі сваім землякам вочы на раней схаваную гістарычную праўду: заснавалі шэраг музэяў, выдалі дзесяткі кніг і брашураў, знайшлі сродкі на помнікі выбітным асобам Бацькаўшчыны...

Праўда, апошнім часам рабіць гэта ўсё цяжэй. Бо актыўную самастойнасьць прадстаўнікоў трэцяга сэктару вэртыкаль пачала атаясамліваць з апазыцыйнасьцю, палітычнай нелаяльнасьцю. Тыповы прыклад — дачыненьні жодзінскага гарвыканкаму зь мясцовай суполкай ТБМ. Спробу таварыства адстаяць адзіную ў 60-тысячным горадзе беларускамоўную клясу з двума вучнямі ўлада ўспрыняла як падрыўную ідэалягічную акцыю. Расказвае адзін зь лідэраў мясцовага трэцяга сэктару Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) “Я нядаўна быў на сэсіі гарсавету. Давялося як старшыні ТБМ задаваць пытаньні кіраўніку аддзелу адукацыі Горыду. Наконт выкананьня праграмы міністэрства адукацыі па разьвіцьці беларускай мовы ў школах. Адказ быў абсалютна нечаканы. Ён паглядзеў у вакно і спакойна зрабіў мне пагрозу фактычна пры ўсіх. Ён сказаў: вось, маўляў, у вас ёсьць там кляса, у якой два чалавекі, але па законе патрэбна тры чалавекі. Таму трэба разгледзець пытаньне пра яе мэтазгоднасьць”.

Такія пагрозы небеспадстаўныя: апошнім часам у рэгіёнах шмат фактаў непрыхаванага ціску на лідэраў і актывістаў грамадзкіх арганізацыяў. Далёка ня ўсе ва ўмовах сёньняшняй кантрактнай сыстэмы на працы, іншых формаў арганізаванага, так бы мовіць, “зацугляньня”, застаюцца прынцыпова вольнымі людзьмі з уласнымі ўяўленьнямі пра чалавечую і грамадзянскую годнасьць...

(Лапіцкі: ) “Калі ідзе ўціск на людзей за іхную актыўнасьць, яны робяцца пасыўнымі. Альбо зыходзяць у цень, альбо хаваюцца на пэўны пэрыяд. Іх правакуе сытуацыя на такое...”

Аляксея Лапіцкага дапаўняе Алесь Язьвінскі, кіраўнік незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі “Брама” зь Нясьвіжу:

(Язьвінскі: ) “Людзі пачынаюць думаць, як выжыць: хто зьяжджае, хто нечым іншым пачынае займацца... Каму не ўдаецца прабіцца, кідае, махнуўшы рукой. Вось такія праблемы. Атрымліваецца, як недзе высунуўся, дык табе няма нідзе ходу”.

Гэта тым больш незразумела сябрам “Брамы”, што іхныя амбіцыі зусім далёкія ад палітыкі. Напрыклад, яны аказвалі дапамогу суполцы маладых інвалідаў і дзяцей-інвалідаў. Аднак пачулі пагрозьлівае: “Стоп!” Вэртыкальнікаў больш задавальняе сытуацыя, калі практычна ўсё робіцца пад іхным пільным кантролем. А як тое немагчыма з-за арганізацыйных ці фінансавых рэсурсаў, дык хай інваліды выкараскваюцца самі...

(Язьвінскі: ) “Я ведаю асобных людзей, якія намагаюцца нешта рабіць. У Клецкім раёне ёсьць такія. Дык вось трэба дапамагчы ім. Магчыма, аб’яднаць. Вось наконт Капыля – хацелася б папрацаваць там. Але пакуль да гэтага часу гадоў за дзесяць нам не ўдалося там знайсьці ніводнага актывіста. Капыль –гэта нейкая чорная дзірка”.

Спадара Язьвінскага дапаўняе старшыня закрытага ўладамі абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карнеенка:

(Карнеенка:) “Супраць трэцяга сэктару вядзецца сыстэмная барацьба сёньняшняй улады. Дзяржава не зацікаўлена ў разьвіцьці грамадзкіх аб’яднаньняў...”

Пра тое, чаму так адбываецца, гаворыць старшыня гомельскага абласнога жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва” Галіна Скараход:

(Скараход:) “Практыка, якая існуе ва ўсім сьвеце, практыка сацыяльнага партнэства паміж грамадзкімі арганізацыямі, дзяржаваю і прыватным бізнэсам, у нас не працуе. Яна і ня можа працаваць, таму што, па-першае, у нас няма ўмоваў для прыватнага бізнэсу. Па-другое, у нас не распрацаваны мэханізм падтрымкі гэтых арганізацыяў бізнэсам. Я дакладна ведаю, што ўсяго 0,01 доля адсотка зь бюджэту была адпушчана на падтрымку грамадзкіх арганізацыяў”.

Дарэчы, атрымалі тую дапамогу толькі піянэры, БРСМ і саветы вэтэранаў — арганізацыі, якія выконваюць выключна дзяржаўную палітычную замову. А тыя, хто занятыя сацыяльнымі праграмамі, мусяць самі клапаціцца пра неабходныя сродкі.

Да таго ж, вэртыкальнікі пастаянна ствараюць усё новыя штучныя перашкоды для іхнай дзейнасьці. Так, абласны суд атрымаў пазоў управы юстыцыі на зьліквідаваньне жаночай арганізацыі спадарыні Скараход: ейны юрыдычны адрас знаходзіцца ў кватэры жылога дому...

Дарэчы, у апошні дзень сваёй працы Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні новы Закон аб грамадзкіх арганізацыях, які, паводле меркаваньня дэпутатаў Івана Пашкевіча, Вольгі Абрамавай ды іншых увогуле ёсьць замаскаванай спробай загнаць трэці сэктар у кут... Разважае гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч:) “Сёньня адбываецца працэс дэлегалізацыі трэцяга сэктару. Тое, што закрывалі арганізацыі – гэта не працэс ліквідацыі, а пераход іх у іншае становішча. Сёньня зарэгістраваных арганізацыяў ужо ня тры тысячы, як было два гады таму, а дзьве тысячы дзьвесьце. А незарэгістраваных, па нашых ацэнках, больш за тры тысячы грамадзкіх ініцыятываў па ўсёй краіне”.

Падчас дэбатаў вакол новага закону пра трэці сэктар Вольга Абрамава заўважыла, што ва ўсім цывілізаваным сьвеце для рэгістрацыі яго суполак прыняты элемэнтарны мэтад заяўкі, а не абстаўленая ўсемагчымымі абмежаваньнямі і ўскладненьнямі працэдура дазволу, як у беларускай дзяржаве...

(Мілінкевіч:) “Дзяржава выдатна разумее, што ёй актыўнасьць грамадзкая не патрэбна. Людзі сацыяльна актыўныя — гэта шкодныя людзі. Патрэбна грамадзтва, якое цалкам падпарадкоўваецца выканаўчай уладзе. Таму не выпадковы гэты працэс велізарнага ціску на грамадзкі сэктар, які паказаў, што ён зьяўляецца ня толькі грамадзкай, але і палітычнай сілай, што натуральна ў гэтых умовах”.

Але ў своеасаблівай грамадзянскай пустэльні вэртыкалі чуецца нейк няўтульна: на двары ўсё ж новы час, 21 стагодзьдзе. Тым больш што ў пэўны пэрыяд трэці сэктар амаль цалкам пераняў ініцыятыву ў стварэньні разнастайных суполак.

(Мілінкевіч:) “Дзяржава, безумоўна, разумее, што каб рабіць выгляд дэмакратычнасьці, трэба, каб грамадзкі сэктар усё ж быў. Яна ідзе па шляху стварэньня псэўдаграмадзкіх арганізацыяў, якія стварае сама. У нашых умовах гэта натуральны працэс — разьбіць на сваіх і чужых. Адных трэба зьнішчаць, сваіх — падтрымліваць”.

З Аляксандрам Мілінкевічам згаджаецца Алёна Андрэева з Асамблеі няўрадавых арганізацыяў:

(Андрэева: ) “Варта адзначыць, што дзяржава спрабуе нібыта імітаваць дзейнасьць у той сфэры, дзе яна не працуе. Спрабуе забіць тое поле, дзе маглі б працаваць НДА. Такая атрымліваецца адгаворка: у нас ёсьць НДА, якая гэта робіць. Таму мы не будзем вас рэгістраваць, таму не акажам ніякай падтрымкі. Вы нам не патрэбны. У нас тут ёсьць нехта, і ён гэта будзе рабіць. Нягледзячы на тое, што гэтай працы сапраўды ня будзе зроблена...”

На думку Аляксея Лапіцкага з Жодзіна, гарвыканкам мэтанакіравана стварае сёньня штучныя — “умоўна недзяржаўныя” структуры, якія нібыта ёсьць вынікам грамадзянскай самадзейнасьці. А насамрэч?

(Лапіцкі: ) “Фізычныя асобы ўтвараюць няўрадавую арганізацыю разам з супрацоўнікамі выканкамаў. І прэзэнтуюцца на грамадзкім, працуюць з грантадаўцамі. Яны прафэсійна, узгоднена, скаардынавана працуюць з уладаю па ўзьдзеяньні на актыўных людзей, у тым ліку на моладзь. І такім чынам іхная функцыя на полі няўрадавых арганізацыяў дваістая. Гэта біпалярныя структуры, якія маюць двайное фінансаваньне, двайное прызначэньне. Гэты фэномэн існуе, і яго трэба дасьледаваць”.

Такім чынам, дзяржава спрабуе аслабіць трэці сэктар Беларусі ня толькі шляхам стварэньня зьнешніх перашкодаў, але й знутры. Аднак у кожнага мэдаля два бакі. Нават “біпалярныя”, так бы мовіць, суполкі насуперак задумцы “бацькоў-стваральнікаў” парадаксальным чынам спрыяюць разьвіцьцю неабыякавасьці, самастойнасьці ў сваіх шараговых сяброў, калі тыя працуюць над сацыяльнымі праграмамі... А выхаваньне тых, хто не баіцца “высоўвацца”, і ёсьць сутнасьцю намаганьняў трэцяга сэктару, які спакваля рыхтуе аснову разьвіцьця новай, грамадзянскай супольнасьці ў краіне.
XS
SM
MD
LG