Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатынская аповесьць ліпеня 2004-га


Віталь Сямашка, Менск Калі ўчора на палову адзінаццатай вечара асноўныя тэлевізійныя каналы былі перакрытыя паказам візыту ў Хатынь Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна ды Леаніда Кучмы, мала хто мог уявіць, што для тысячы прысутных, якія выконвалі ролю “масоўкі”, усё пачалося за тры-чатыры гадзіны да асноўнай дзеі. Паводле іх уражаньняў, тое, што адбывалася “за кадрам”, мела хутчэй не жалобны, а жахлівы характар.

Юры (ягонае прозьвішча ў рэдакцыі маецца) сьпяваў учора падчас паніхіды па ахвярах Хатыні ў складзе зьмешанага хору Менскага Экзархату. Як і многія ўдзельнікі хатынскага сцэнару, дабраўся дахаты а трэцяй гадзіне ночы.

(Юры: ) “Прэзыдэнты мусілі прыехаць а дзясятай вечара, і дзесьці з васьмі гадзінаў мы ўсе стаялі. Вэтэраны там раней былі. Можа, тысячу людзей вакол пастроілі. Калі нас прывялі, дзяўчынкі ўжо стаялі ля стэлаў. Дзяўчынак было чалавек дзесяць, яны бязь зьмены стаялі ўсе тры гадзіны, некаторыя ня вытрымалі ды сядзелі на кукішках. Адная толькі выстаяла да канца, ня ведаю, хто такая. А вэтэраны стаялі ўвесь гэты час — старыя людзі, хворыя…

Пасьля таго, як прэзыдэнты зьехалі, чакалі недзе яшчэ з паўгадзіны, нам не давалі прайсьці да аўтобусаў. Пасьля некаторых вэтэранаў вялі пад рукі — сам бачыў. Халодна было, слота, туман. Нам абяцалі, што ўсіх разьвязуць па раёнах. Прывезьлі на плошчу Перамогі, кіроўца сказаў: “Идите куда хотите, а мне в парк”.

(Карэспандэнт: ) “А вэтэранаў як адвозілі?”

(Юры: ) “Таксама былі аўтобусы — там і Лагойск я бачыў, і Маладзечна. Відаць, таксама прывезьлі — ды ўсё. Ой, у тры гадзіны я быў у хаце. Прыехаў на таксі за свае грошы”.

(Карэспандэнт: ) “А ніякіх сутачных вам не аплацілі?”

(Юры: ) “У гэты дзень нічога не далі. Добра, хлапцы аддзячылі грошы. Кіроўца добры чалавек, бо за пяць тысяч да мяне замала даехаць… Шкадавалі дзяўчат, бо халодна ім было, а яны ў парусінавых адзежынках беленькіх, вецер — яны ж далёка стаялі”.

(Карэспандэнт: ) “Франтавых сто грамаў вам таксама не налілі?”

(Юры: ) “Не, кіёскі былі, але ўсё за грошы…”

Былы дэсантнік ды саліст зьмешанага хору Менскага Экзархату Юры ды ягоныя калегі з трымценьнем думаюць пра выпрабаваньні заўтрашняга дня. Маштаб мерапрыемстваў у сталіцы, як мяркуецца, нашмат перакрые хатынскі.
XS
SM
MD
LG