Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 2 і 3 ліпеня


Ул. інф. Падзеі ў Беларусі і ў сьвеце 2 і 3 ліпеня

2 ліпеня 1717 году пачала дзейнічаць знакамітая Налібоцкая шкляная мануфактура. Збудавалі яе ў мястэчку Налібакі, што належала беларускім князям Радзівілам. Менавіта яны і выступілі мэцэнатамі мануфактуры. А працавала яна на працягу амаль 150-ці гадоў. Тут варылі крышталь і шкло самых розных колераў, шліфавалі, эмалявалі, залацілі звычайны і дэкаратыўны посуд. Вырабы прагрэсіўнай на свой час Налібоцкай шкляной вытворчасьці карысталіся попытам у сьвеце і сталі сапраўдным здабыткам беларускай культуры.

2 ліпеня прыйшлі на сьвет ажно два Нобэлеўскія ляўрэаты ў галіне літаратуры. Гэта – нямецкі літаратар Герман Гесэ і польская паэтка Віслава Шымборска.

2 ліпеня ў 1909 годзе нарадзіўся Ціхан Бумажкоў, які кіраваў савецкімі партызанамі на беларускім Палесьсі. У мястэчку Рудабелка, якое за саветамі пераназвалі на пасёлак Акцябарскі, Бумажкову стаіць помнік.

Дарэчы, жыцьцё яшчэ аднаго чалавека, якому ёсьць помнік на беларускім Палесьсі, зьвязанае з 2 ліпеня. У гэты дзень у 1989 годзе памёр Андрэй Грамыка, савецкі палітык, чыя дзяржаўная кар’ера пачалася яшчэ за Сталінам. Амаль тры дзесяткі гадоў Грамыка быў міністрам замежных справаў СССР. Калі ж у 1985-м яго абралі старшынёю прэзыдыюму Вярхоўнага савету СССР, беларус Грамыка афіцыйна зьмяніў сваю нацыянальнасьць і стаў расейцам. Тым ня менш, помнікі яму стаяць у Гомелі і ў ягонай роднай вёсцы Старыя Грамыкі на Веткаўшчыне, чыіх жыхароў пасьля Чарнобылю адсялілі.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

Заўтра ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень незалежнасьці. Гістарычна 3 ліпеня да беларускай незалежнасьці дачыненьня ня мае і сталася дзяржаўным сьвятам толькі пры Аляксандру Лукашэнку, калі дзяржава перастала адзначаць Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту 27 ліпеня, а традыцыйны Дзень беларускае незалежнасьці 25 сакавіка трапіў пад забарону. Раней, да прыходу Лукашэнкі, 3 ліпеня было Днём вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама Днём Менску, бо менавіта сталіца была вызваленая ў гэты дзень у 1944-м годзе. З гэтае нагоды 3 ліпеня 1961 году ў Менску ля помніку Перамогі быў запалены вечны агонь.

3 ліпеня – дзень нараджэньня нашага славутага земляка Ігната Дамейкі, чый двухсотгадовы юбілей адзначаўся пазалетась паводле рашэньня ЮНЭСКА ва ўсім сьвеце. Беларус Дамейка браў удзел у таемным таварыстве філяматаў у Віленскім унівэрсытэце, пасьля – у антырасейскім паўстаньні 1831 году, пазьней вучыўся ў Парыжы і ўрэшце стаў рэктарам унівэрсытэту ў Сант’яга ды ганаровым грамадзянінам Чылі.

А вось літаратурныя даты сёньняшняга дня: 3 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет аўстрыйскі пісьменьнік Франц Кафка, славуты пражанін, чые раманы “Працэс” і “Замак” сталі новым словам у сусьветнай літаратуры, і беларускі літаратуразнаўца Рыгор Бярозкін, які лічыцца адным з найлепшых знаўцаў беларускай паэзіі.
XS
SM
MD
LG