Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асаблівай падтрымкі Лукашэнку ў прамове Пуціна не прагучала


Валер Каліноўскі, Менск Позна ўвечары 1 ліпеня адбыўся кароткачасовы візыт у Менск прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Ўладзіміра Пуціна і Леаніда Кучмы. Яны прынялі ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі ў мэмарыяльных комплексах “Курган Славы” і “Хатынь”. У хатынскім комплексе тры лідэры выступілі з прамовамі.

Паездка У. Пуціна і Л. Кучмы папярэдне ўжо была заплянаваная як кароткая, але ўчора праграма была скарочаная дадаткова: на Кургане Славы прэзыдэнты толькі ўсклалі кветкі і пагутарылі з вэтэранамі – ніякіх асаблівых імпрэзаў, у тым ліку абяцанай “франтавой вячэры” з удзелам прэзыдэнтаў не было. Напярэдадні А. Лукашэнку давялося самому сустракацца з вэтэранамі на Кургане славы, ён даваў ім юбілейныя мэдалі і ўдзельнічаў у “франтавым абедзе” ў вялізным намёце. Такім чынам, фармальна кажучы, прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны ўзялі ўдзел толькі ва ўшанаваньні памяці ахвяраў Хатыні, дзе яны і выступілі з кароткімі прамовамі.

Выступы А. Лукашэнкі, У. Пуціна і Л. Кучмы трансьляваліся адразу па ўсіх чатырох нацыянальных тэлеканалах – дзеля іх на Беларусі былі спыненыя і перадачы двух расейскіх тэлеканалаў. Таму няма сэнсу падрабязна казаць пра зьмест выступаў. Адзначу хіба толькі, што ніякіх словаў Уладзіміра Пуціна, якія можна было б трактаваць як асабістую падтрымку А. Лукашэнкі, не прагучала. Ён казаў толькі пра подзьвіг беларускага народа, пра бязглуздасьць і жорсткасьць вайны. Выступ жа Аляксандра Лукашэнкі прагучаў з пэўным палітычным падтэкстам – ён згадаў іржу і ману нацыяналізму, з-за якога нібыта гінула памяць пра ахвяры нацызму ў Беларусі – відавочна, да ягонага прэзыдэнцтва.

Дадатковых перамоваў між Лукашэнкам, Пуціным і Кучмай не адбылося. У аэрапорце Кучма і Лукашэнка размаўлялі каля паўгадзіны, пакуль чакалі прылёту Пуціна, а калі той з’явіўся, то ўсе трое адразу паехалі на Курган Славы. Такім чынам, адзін на адзін Пуцін і Лукашэнка не сустракаліся. Прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны адляцелі дадому амаль адразу пасьля заканчэньня цырымоніі ў Хатыні.

Сьвяткаваньне 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі працягнецца яшчэ два дні. Улады называюць яго найбольш маштабным за ўсю гісторыю Беларусі, і гэта сапраўды так. У савецкі час 3 ліпеня звычайна праводзіліся ўрачыстыя сходы і канцэрты, у незалежнай далукашэнкаўскай Беларусі – таксама, і толькі з 1996 года 3 ліпеня ператварылася ў галоўнае сьвята краіны.

Юбілей адзначаецца ўжо некалькі дзён, сьвяточныя захады ахопліваюць усю краіну, а 3 ліпеня адбудзецца самы буйны вайсковы парад з удзелам авіяцыі, якая ўжо колькі дзён трэніруецца ў нізкіх палётах над Менскам. Салют будзе праведзены ня толькі ў Менску і Берасьці, як раней, але і ва ўсіх абласных цэнтрах. У Беларусь запрошаныя тысячы вэтэранаў з Расеі, Украіны, іншых краінаў СНД і ня толькі. Выпушчаны першы ў гісторыі беларускі юбілейны мэдаль. Карацей, уладамі да юбілею зроблена вельмі шмат, выдаткавана шмат грошай. Як адзначаюць назіральнікі, у тым ліку – і зь яўным разьлікам на прапагандысцкі эфэкт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG