Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уначы адбыўся напад на генэрала Фралова і кіроўцу яго аўтамабіля


Уладзімер Глод, Менск 1 ліпеня каля 12-й гадзіны ночы ў пад’езде свайго дому, што на Казарменым завулку, быў зьбіты дэпутат Валеры Фралоў. Чацьвёра невядомых у масках накінуліся на генэрала і кіроўцу ягонага аўтамабіля. Кіроўцы выбілі зуб, а ў дэпутата выхапілі з рук партфэль з дакумэнтамі. Невядомыя ўцяклі.

Раніцай 1 ліпеня Валеры Фралоў разам зь іншым дэпутатам-галадоўнікам Сяргеям Скрабцом выляцеў у Маскву, дзе ў іх адбыліся сустрэчы з расейскімі палітыкамі. Увечары яны прыляцелі назад у Менск. Спадар Фралоў спачатку адвёз да хаты свайго калегу Скрабца, які жыве ва Ўруччы, а затым паехаў з кіроўцам да сябе дамоў.

У размове з карэспандэнтам радыё “Свабода” кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец выказаў меркаваньне, што невядомыя хацелі захапіць дакумэнты. “Магчыма, яны спадзяваліся, што ў партфелі знаходзяцца і грошы”, сказаў Сяргей Скрабец. “Але я магу засьведчыць, што ніякіх грошай там не было”.

У сувязі з нападам на дэпутата Фралова ўзгадваецца паведамленьне Анатоля Лябедзькі, які 30 чэрвеня заявіў, што, паводле інфармацыі са сталіцы Расеі, супраць яго і генэрала Фралова рыхтуецца правакацыя.
XS
SM
MD
LG