Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны пасланьнік у Босьніі й Герцагавіне звольніў 60 высокапастаўленых службоўцаў, у тым ліку сьпікера парлямэнту і міністра ўнутраных справаў


Ганна Соусь, Прага Вярхоўны міжнародны пасланьнік у Босьніі й Герцагавіне Пэды Эшдаўн выправіў у адстаўку 60 высокапастаўленых службоўцаў Рэспублікі басьнійскіх сэрбаў за іх няздольнасьць арыштаваць падазраванага ў ваенных злачынствах Радавана Караджыча. Сярод звольненых службоўцаў – сьпікер парлямэнту Драган Калініч і міністар унутраных справаў Зоран Джэрыч.

Вярхоўны міжнародны пасланьнік Пэды Эшдаўн сьцьвярджае, што звольненыя чыноўнікі перашкаджалі арышту Радавана Караджыча ды іншых асобаў, якіх шукае Міжнародны трыбунал у справе вайсковых злачынстваў.

(Эшдаўн: ) “Я вырашыў прыняць такія меры, каб ачысьціць сапсаваныя і абструкцыйныя структуры на ўсіх узроўнях, асабліва ў шэрагах Сэрбскай дэмакратычнай партыі й выдаліць тых асобаў, якія нясуць самую цяжкую адказнасьць за стварэньне атмасфэры сакрэтнасьці, запалохваньня і злачыннай беспакаранасьці, якая дазваляе абвінавачаным вайсковым злачынцам ухіляцца ад правасудзьдзя”.

Гэты крок быў зроблены пасьля рашэньня лідэраў НАТО ў Стамбуле адмовіць Босьніі й Герцагавіне ва ўдзеле ў праграме альянсу “Партнэрства дзеля міру” з прычыны адмовы басьнійскіх сэрбскіх чыноўнікаў супрацоўнічаць зь Міжнародным трыбуналам у Гаазе.

Дзевяць гадоў таму Трыбунал ААН абвінаваціў Караджыча ў генацыдзе ў сувязі з этнічнымі чысткамі падчас Басьнійскага канфлікту – уключна з падзеямі ў Срэбраніцы ў 1995 годзе, калі былі забітыя каля 8 тысячаў мусульманскіх мужчынаў і хлопчыкаў. Паводле Эшдаўна, 48 звольненых ім чыноўнікаў могуць вярнуцца на свае пасады, калі Караджыч будзе арыштаваны.

Квэнтын Хоарэ, дырэктар заснаванага ў Лёндане Басьнійскага інстытуту кажа, што ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам Эшдаўн мае права звольніць чыноўнікаў.

Гэткія паўнамоцтвы яму былі нададзеныя Кантактнай групай ў складзе ЗША, Расеі, Вялікай Брытаніі, Францыі й Нямеччыны падчас вайны ў Босьніі са згоды Рады Бясьпекі ААН. У адпаведнасьці з Дэйтонскім пагадненьнем было створана прадстаўніцтва Вярхоўнага міжнароднага пасланьніка ў Босьніі й Герцагавіне, які мае паўнамоцтвы зь вельмі шырокай міжнароднай падтрымкай.

(Хоарэ: ) "Ніколі не было чысткі ў такім маштабе, аднак раней таксама даволі шмат людзей былі звольненыя рашэньнем Вярхоўнага міжнароднага прадстаўніка. Эшдаўн – не адзіны, хто звальняў людзей. Аднак ён выкарыстаў гэтую санкцыю больш, чым ягоны папярэднік”.

А вось што сказаў карэспандэнту Радыё Свабода Рону Сінавіцу Вольфганг Пэтрык, папярэднік Пэды Эшдаўна на пасадзе Вярхоўнага міжнароднага пасланьніка.

(Пэтрык: ) “Рашэньне майго пераемніка Пэды Эшдаўна ёсьць неабходнасьцю. Празь дзевяць гадоў па завяршэньні вайны міжнародная супольнасьць вычарпала цярплівасьць назіраць за тым, як гэта пераходзіць ў каварства і гульні некаторых палітычных дзеячаў ў Босьніі й Герцагавіне”.

Вольфганг Пэтрык спадзяецца, што лідэры Рэспублікі басьнійскіх сэрбаў зразумеюць, што іхняя адмова супрацоўнічаць з Трыбуналам ААН ускладніць жыцьцё шараговым басьнійскім сэрбам, бо яны могуць быць палітычна ізаляваныя ад астатняй часткі Эўропы.
XS
SM
MD
LG