Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашпарты з “Пагоняй” болей ня дзейны, а новых пашпартоў не атрымалі пакуль толькі вязьні й вернікі


Юры Сьвірко, Менск Ад 1 ліпеня ў Беларусі сапраўдныя толькі пашпарты ўзору 1996 году, са зьмененым пасьля рэфэрэндуму 1995-га гербам. Пашпарты грамадзяніна СССР і беларускія з выявай “Пагоні” больш ня дзейнічаюць, аднак улады абяцаюць не караць тых беларускіх грамадзян, якія не пасьпелі памяняць дакумэнты. 7 ліпеня ўлады пачнуць распрацоўваць новую сыстэму, якая скасуе штампы дазволу на выезд ува ўсе краіны сьвету.

Калі ў Літве ды Латвіі абмен савецкіх пашпартоў на нацыянальныя скончыўся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў, а ўва Ўкраіне — два гады таму, дык у Беларусі й Расеі датай заканчэньня гэтага тэрміну вызначылі 1 ліпеня сёлета.

У Расеі пашпарты не абмянялі каля 200 тысяч грамадзян, зь іх 30 тысяч знаходзяцца за межамі Расейскай Фэдэрацыі, у тым ліку частка зь іх у Беларусі, а пра месца знаходжаньня больш як 100 тысяч чалавек расейскія ўлады ўвогуле ня ведаюць.

Колькі беларускіх грамадзян памянялі свае пашпарты й колькі засталося чалавек са старымі дакумэнтамі? Вось як на гэтае пытаньне Радыё Свабода адказала кіраўніца Дэпартамэнту ў справах грамадзянства і міграцыі Лідзія Іванчыкава:

(Іванчыкава: ) “Які працэнт пашпартызацыі? 99,73%! Што засталося — гэта тая катэгорыя, якая адбывае пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі (больш за 20 тысяч), і тая частка вернікаў (каля 500 чалавек), якія адмаўляюцца ад атрыманьня пашпарту ў зьвязку з наяўнасьцю ў ім нумару ідэнтыфікацыі”.

(Карэспандэнт: ) “А гэтыя вернікі галоўным чынам праваслаўныя?”

(Іванчыкава: ) “Толькі праваслаўныя”.

(Карэспандэнт: ) “Што ім пагражае — штраф?”

(Іванчыкава: ) “Калі яны будуць самі зьвяртацца ды атрымліваць пашпарты, ніякіх захадаў адміністрацыйнага ўзьдзеяньня да іх ужывацца ня будзе”.

Спадарыня Іванчыкава запэўнівае, што адміністрацыйнае пакараньне будзе ўжывацца толькі ў дачыненьні да тых грамадзян, якія працяглы час будуць жыць зь несапраўднымі пашпартамі ды ўхіляцца ад атрыманьня новага. Вязьням выдадуць новыя пашпарты пасьля таго, як скончыцца іх тэрмін пазбаўленьня волі. У Расеі міліцыя абяцае чакаць толькі адзін месяц, а са жніўня плянуе караць штрафамі па 100 расейскіх рублёў. Там жа каля 9 тысяч пэнсіянэраў не захацелі мяняць савецкага пашпарту на новы расейскі.

Паводле Лідзіі Іванчыкавай, у Беларусі пэнсіянэраў, якія не памянялі пашпартоў, “засталіся адзінкі”. Цяпер афіцыйна, згодна з заканадаўствам ім нельга атрымаць пэнсію па старым савецкім пашпарце.

(Іванчыкава: ) “Да нас зьвярталіся, і мы гэтае пытаньне вырашылі, тыя, хто хочуць пакінуць на руках пашпарт СССР узору 1974 году — асабліва вэтэраны, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ім пайшлі насустрач, выдалі новыя нацыянальныя і пакінулі як памяць на руках гэтыя пашпарты”.

(Карэспандэнт: ) “А з “Пагоняй” ніхто не зьвяртаўся?”

(Іванчыкава: ) “Не, такога не было”.

(Карэспандэнт: ) “Ніводнага чалавека?”

(Іванчыкава: ) “Не, дакладна”.

Аднак шмат якія беларусы пакінулі сабе пашпарты з “Пагоняй”, заявіўшы ў міліцыю, што згубілі іх, а пасьля атрымалі новыя дакумэнты.

Лідзія Іванчыкава паведаміла, што сёлета чакаецца прыняцьцё новай рэдакцыі закону “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь”. Нагадаю, што Канстытуцыйны суд вырашыў, што да 2006 году мусіць быць скасаваная сыстэма дазволаў на выезд, то бок штампаў “Выезд ва ўсе краіны сьвету”, якія ставяцца цяпер на тэрмін ад 1 да 5 гадоў.

Спадарыня Іванчыкава сказала, што ўжо 7 ліпеня адбудзецца першае паседжаньне рабочай групы, якая будзе распрацоўваць новую сыстэму выезду. Аднак кіраўніца Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі запэўніла, што людзі, якія сёлета заплацілі за штампы на 5 гадоў, увесь гэты тэрмін будуць без праблемаў выяжджаць зь Беларусі. Раней меркавалася, што будуць уведзеныя асобныя замежныя пашпарты. Аднак якая менавіта сыстэма заменіць штампы, Лідзія Іванчыкава пакуль расказаць адмовілася.
XS
SM
MD
LG