Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў конкурс для школьнікаў “Што я ведаю пра Эўропу?”


Галіна Абакунчык, Менск У Міжнародным адукацыйным цэнтры Менску адбыўся конкурс школьных камандаў пад назваю “Што я ведаю пра Эўропу?”, праведзены з мэтаю прэзэнтацыі Эўразьвязу і краінаў-чальцоў супольнасьці. Арганізатарамі імпрэзы сталі польскі фонд імя Рабэра Шумана і Беларускае Шуманаўскае Таварыства пры падтрымцы амбасадаў Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Чэхіі, Італіі. Удзел у творчым спаборніцтве прынялі шэсьць камандаў школьнікаў зь Менску, Бабруйску, Гомелю і іншых гарадоў краіны.

Імпрэза распачалася гімнам Эўразьвязу, які прысутныя віталі ўставаньнем. Затым удзельнікаў і гасьцей прывіталі амбасадары Італіі й Польшчы. У прыватнасьці, Тадэвуш Паўляк, зьвяртаючыся да школьнікаў па-беларуску, заклікаў іх быць адкрытымі для кантактаў і супрацоўніцтва, каб разбураць стэрэатыпы, каб мець свой, а не навязаны погляд на сьвет. Гутару з удзельнікамі конкурсу:

(Юнак: ) “Мы прыехалі з Гарадку. Нашая каманда называецца “Парнас”. Вельмі цікава, паглядзім што будзе далей”.

(Карэспандэнтка: ) “Тое, што тут такая прадстаўнічая аўдыторыя: амбасадары, палітыкі — хвалявала гэта ці не?”

(Юнак: ) “Вельмі. Спадзяваліся, што прыехалі і зоймем ці ня першае месца. А тут і трэцяе — нібы аблокі”.

(Карэспандэнтка: ) “Эўрапейцамі сябе адчуваеце?”

(Юначка: ) “Канечне, Беларусь — на скрыжаваньні ўсіх дарогаў, цэнтар Эўропы”.

(Юнак: ) “Спадзяемся, што ў недалёкай будучыні Беларусь стане сябрам Эўрапейскай супольнасьці й зойме сваё месца на міжнароднай арэне”.

(Юначка: ) “Насамрэч усё ў нашых руках, усё залежыць ад нас у першую чаргу”.

Конкурсная праграма складалася з прэзэнтацыяў краінаў Эўразьвязу, адказаў на пытаньні па гісторыі інтэграцыі супольнасьці. Дасьведчанасьць беларускіх школьнікаў сябра журы і прадстаўнік польскага фонду Барталамей Новак ацаніў наступным чынам:

(Новак: ) “Вельмі спадабалася прэзэнтацыя некаторых краінаў, і мушу сказаць, што я вельмі ўражаны ўзроўнем ведаў па гісторыі гэтых краінаў. Чаго дакладна бракавала, дык гэта паведамленьняў з галіны культуры, спрорту, бо краіна — гэта ня толькі гісторыя і палітыка. Але я вельмі прыемна зьдзіўлены”.

Гасьцямі імпрэзы таксама сталі прадстаўнікі літоўскай, чэскай, нямецкай амбасадаў і беларускія палітыкі ды грамадзкія дзеячы: Адам Мальдзіс, Юры Хадыка, Пятро Садоўскі, Уладзімер Нісьцюк ды іншыя. Пра мэту імпрэзы патаюся ў старшыні Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігара Лялькова:

(Лялькоў: ) “Мэта — паглядзець, наколькі нашыя дзеці гатовыя ўспрымаць ідэю Эўразьвязу, а потым працаваць з гэтымі дзецьмі. Я думаю, што гэта якраз тое пакаленьне, тая генэрацыя, якая будзе на практыцы рэалізоўваць працэс інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз. Гэтую генэрацыю трэба рыхтаваць, і мы на гэта працуем”.

Паводле спадара Лялькова, узнагародай для каманды-пераможцы стане азнаямляльная паездка ў краіну-сябар Эўразьвязу — Польшчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG