Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Амбасадар Мінікес: “Злучаныя Штаты заклапочаныя абыходжаньнем з карэспандэнтам Радыё Свабода Юрыем Сьвірко”


RFE/RL Амбасадар ЗША ў АБСЭ заклікаў беларускія ўлады скончыць нападкі на грамадзянскую супольнасьць, незалежныя мэдыі, незалежныя прафсаюзы й палітычную апазыцыю.

Місія ЗША ў АБСЭ распаўсюдзіла ў чацьвер заяву па Беларусі, якую зрабіў на паседжаньні Сталай рады АБСЭ ў Вене амэрыканскі амбасадар Стывэн Мінікес. Ён сказаў, што Злучаныя Штаты вітаюць рашэньне гаспадарчага суду ў Менску, якое грунтавалася на вельмі глыбокім і поўным аналізе заканадаўства, скасаваць незаконныя падаткавыя санкцыі, накладзеныя на Беларускі Хэльсынскі камітэт. “Мы спадзяемся, што пасьля гэтага судовага рашэньня будуць зробленыя іншыя крокі, якія дапамогуць палегчыць клімат страху ды рэпрэсіяў, што існуе сёньня ў Беларусі”, – заявіў амбасадар Мінікес.

Ён дадаў, што такое пазытыўнае разьвіцьцё падзеяў суправаджалася, аднак, некалькімі нэгатыўнымі зьявамі, якія ня могуць застацца без камэнтару.

Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ адзначыў: “Злучаныя Штаты заклапочаныя абыходжаньнем з карэспандэнтам Радыё Свабода Юрыем Сьвірко ў той час, калі ён асьвятляў дэбаты ў парлямэнце Беларусі. Нягледзячы на тое, што ён паказаў свае прэсавыя пасьведчаньні ахоўніку ўва ўніформе, Сьвірко двойчы забаранілі ўваход, а запіс на ягоным мінідыску зьнішчылі”, – сказаў амбасадар Мінікес і дадаў, – “Мы ў роўнай ступені заклапочаныя раптоўным выдварэньнем украінскага журналіста Міхаіла Падаляка зь Беларусі, дзе Падаляк пражыў больш за дзесяцігодзьдзе й працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара незалежнай газэты “Время”.

Амэрыканскі амбасадар у АБСЭ падкрэсьліў, што “такога кшталту інцыдэнты не павінны здарацца нідзе, але асабліва ў дзяржавах-сябрах АБСЭ” і сказаў, што “журналісты з акрэдытацыйнымі пасьведчаньнямі не павінны быць заклапочанымі з нагоды такога ненармальнага абыходжаньня”.

Стывэн Мінікес нагадаў, што дзяржавы-сябры ў мінулым пагадзіліся паважаць свабоду сродкаў масавай інфармацыі, і ад усіх дзяржаваў-сябраў АБСЭ чакаецца, што яны будуць падтрымліваць гэтае забавязаньне, і ня толькі на словах. “Гэтыя інцыдэнты адлюстроўваць ня менш як чарговую спробу падарваць дэмакратыю і пагрэбаваць прынцыпамі АБСЭ”, – зазначыў амбасадар Мінікес і дадаў: “Паколькі офіс АБСЭ ў Менску ўжо выказаў сваё жаданьне адсочваць гэтыя інцыдэнты, мы чакаем далейшых справаздачаў з гэтага офісу”.

Амбасадар ЗША ў АБСЭ яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады скончыць нападкі на грамадзянскую супольнасьць, незалежныя мэдыі, незалежныя прафсаюзы й палітычную апазыцыю. “Беларусь сама па сабе мае сілу, каб стварыць грамадзтва, у якім грамадзяне й журналісты з любым грамадзянствам могуць жыць бяз страху, што іх міжнародна прызнаныя правы чалавека будуць парушаныя”.
XS
SM
MD
LG