Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ёсьць дэпутаты, якія не былі ніколі ў сваёй акрузе. І цяпер яны свае надзеі на пераабраньне на 100% ускладаюць толькі на ўладу...”


Віталь Цыганкоў, Прага Як можна ацаніць вынікі працы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў гэтага скліканьня? Ці здолеў парлямэнт за 4 гады стаць самастойнай палітычнай сілай альбо застаўся толькі дадаткам да выканаўчай улады? Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч і парлямэнцкі карэспандэнт Беларускай Свабоды Ўладзімер Глод.

(Цыганкоў: ) “Перад пачаткам нашай размовы я адразу мушу падкрэсьліць, што фармальна праца дэпутатаў гэтага скліканьня яшчэ не закончаная. 4 кастрычніка Палата Прадстаўнікоў яшчэ зьбярэцца на апошні этап сэсіі, каб прыняць бюджэт і ўжо канчаткова завяршыць сваю працу. Тым ня менш, нягледзячы на гэтую акалічнасьць, мяркую, мы маем права ўжо сёньня даць пэўныя ацэнкі гэтаму складу Палаты прадстаўнікоў, падвесьці пэўныя вынікі іхняй працы. Але перш чым перайсьці да нейкіх агульных высноваў, давайце пагаворым пра канкрэтныя найбольш прыкметныя крокі гэтай Палаты. Якія важныя неабходныя законы прынялі дэпутаты і якія не прынялі?

(Пашкевіч: ) “Ведаеце, калі сёньня я паслухаў заключнае слова кіраўніка Палаты прадстаўнікоў спадара Папова і тыя лічбы, якія ён агучыў – колькі прынята законаў, ратыфікавана пагадненьняў, дэкрэтаў прэзыдэнта – дык здаецца, што мы ўсё, дэпутаты, разам цягнулі вельмі цяжкі воз. Але калі ўсё гэта перакінуць на нашае жыцьцё, дык, на жаль, пахваліцца няма чым. Наадварот, я лічу, што парлямэнт працаваў як пажарная каманда. Яна ішла альбо за законапраектамі, што ўносіў урад, альбо яна ўносіла зьмены, якія былі прапісаныя ў дэкрэтах прэзыдэнта. Так што якасьць законаў – гэта якасьць жыцьця нашых людзей”.

(Глод: ) На вялікі жаль, тыя асноўныя законы, якія чакала грамадзтва, мы так і не атрымалі. Маецца на ўвазе і закон аб упаўнаважаных у правох чалавека, гэта і новая рэдакцыя закону аб СМІ, зьмены ў выбарчы Кодэкс. Дарэчы, гэта тыя законы, прыняць якія абяцала ў свой час кіраўніцтва Палаты Прадстаўнікоў. Яны абяцалі зрабіць гэта кіраўнікам Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ – маўляў, вы нас вазьміце ў Асамблею, а мы гэтыя законы прымем. Ну і самы, бадай, красамоўны, і напэўна, балючы прыклад – тое, што за 4 гады гэты склад Палаты так і не прыняў Закон аб Нацыянальным Сходзе РБ. Яго фактычна называюць унутранай Канстытуцыяй парлямэнту. Дзе ён – мала хто ведае. Як мне сказалі, "на чарговым узгадненьні" у Адміністрацыі прэзыдэнта.

(Цыганкоў: ) Спадар Пашкевіч, я заклікаю вас неяк адрэагаваць, адказаць, чаму ўсё тыя законы, якія пералічыў спадар Глод, не былі прынятыя.

(Пашкевіч: ) “Але я хачу запярэчыць спадару Глоду. Я лічу вельмі станоўчым, што некаторыя з тых законаў, пра якія ён казаў, так і не былі прынятыя. Ну напрыклад, закон аб палітычных партыяў і грамадзкіх аб''яднаньнях, якія 30 чэрвеня ухваленыя ў першым чытаньні. Я думаю, што прыняцьцё гэтага закону ў другім чытаньні ў той рэдакцыі – гэта крок назад. Ці напрыклад, закон аб СМІ. На сёньняшні дзень закон дзейнічае, так, у ім ёсьць шмат чаго, што трэба мяняць. Але калі ўнесьці тое, што прапанавана, гэта зробіць выбух і ўнутры дзяржавы і па-за яе межамі. Дык навошта такія законы прымаць?”

(Цыганкоў: ) “Ці сталі дэпутаты Палаты за гэтыя чатыры гады адчуваць сабе прадстаўнікамі выбаршчыкаў, а не падуладнымі чыноўнікамі. Ці адчуваюць яны сабе самастойнымі палітычнымі фігурамі, сапраўднай другой ўладай ці толькі дадаткам да ўлады выканаўчай?”

(Пашкевіч: ) “На вынікі апошніх дзён працы сэсіі вялікі ўплыў рабіла тое, што многія дэпутаты зьбіраюцца зноў вылучацца на наступных выбарах у кастрычніку. Такія многія не хацелі хоць у чым ісьці супраць выканаўчай улады. Але мяне часам вельмі моцна ўражвае, як некаторыя дэпутаты разьлічваюць на падтрымку ўлады. Канешне, кожны можа выкарыстоўваць добрыя стасункі з уладай – тут нічога дрэннага няма. Але калі дэпутат на 100 працэнтаў ускладае надзею толькі на ўладу, а не падтрымку людзей, то гэта не вытрымлівае аніякай крытыкі. А на жаль, такія людзе у парлямэнце ёсьць. Ёсьць такія, якія не былі ніколі ў сваёй акрузе. Больш таго, зараз яны пераходзяць у іншыя акругі – нават ідзе барацьба паміж дэпутатамі за акругі. І яны туды ідуць не са сваімі палітычнымі праграмамі, поглядамі, прапановамі, а толькі для таго, каб казаць, што ў іх ёсьць быццам бы добры досьвед працы ў акрузе. А далей яны спадзяюцца, што выканаўчая ўлада зробіць тое, што кіраўнік скажа ім зьверху.

А тое, ці пераўтварыўся парлямэнт у палітычную сілу – гэтае пытаньне можна ставіць толькі тады, калі будуць унесеныя зьмены ў Канстытуцыю”.

(Глод: ) “Па вялікаму рахунку, парлямэнт заставаўся дадаткам да выканаўчай улады. Пра нейкую сувязь з выбаршчыкамі цяжка казаць. 29 чэрвеня быў такі цікавы эпізод. Запісваліся дэпутаты выступаць, і раптам зьявіўся Усевалад Янчэўскі. Даюць яму слова і ўся заля рагоча, рагоча і сьпікер Папоў. Маўляў, няўжо ёсьць такі дэпутат? Чалавек за чатыры гады быў можа на некалькіх пасяджэньнях. Пра якую сувязь з выбаршчыкамі можна тут казаць? І такіх дэпутатаў шмат у гэтым складзе парлямэнту

Успомнім папраўкі да Выбарчага Кодэксу. Усе задаваліся пытаньнем – а чаму ўлада цягне, чаму гэты закон усё адкладаюць. Я перакананы, што рабілі гэта наўмысна, дацягвалі да апошняга моманту і таму толькі 8 дэпутатаў асьмеліліся прагаласаваць за папраўкі, унесеныя групай “Рэспубліка”. Бо ўсё цяперашнія дэпутаты ведаюць – альбо яны зноў пойдуць на выбары альбо яны будуць шукаць нейкія пасады. І для таго, і для таго, патрэбная падтрымка ўлады. Таму галасаваць за зьмены ў выбарчы кодэкс ім не магчыма. і гэта яшчэ раз падкрэсьлівае поўную залежнасьць заканадаўчай улады ад выканаўчай”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Пашкевіч, вы ад пачатку знаходжаньня ў гэтым складзе парлямэнту выступалі супраць некаторых прапановаў улады, выказвалі нязгодныя думкі. Вы не баіцеся, што выканаўчая ўлада не дазволіць вам пераабрацца? Вы, дарэчы, па сваёй акрузе будзеце зноў вылучацца?”

(Пашкевіч: ) “Так, я буду зноў вылучацца па сваёй акрузе – ужо трэці раз. Канешне, сказаць, што я не заклапочаны тым, як будзе ставіцца да мяне ўлада, асабліва ў выбарчы час, – гэта было б няпраўдай. Я пра гэта думаю. Але ў першую чаргу я думаю пра тое, што я зрабіў для выбаршчыкаў сваёй акругі. Упэўненасьць, што тут я рабіў усё правільна, што я адстойваў інтарэсы маіх выбаршчыкаў, і давалі мне пэўную рашучасьць”

(Глод: )” Хачу дадаць, што Аляксандр Лукашэнка, калі выступаў з пасланьнем у нацыянальным Сходзе, фактычна як бы намеціў контуры новага парлямэнту, даў вэртыкалі пэўную устаноўку. Нагадаю, ён казаў, што ў Палаце павінна быць да 40 працэнтаў жанчын, і што больш у парлямэнце ня будзе аніводнага бізнэсоўца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG