Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар Мартын Хэкер: “Чаму нямецкія грамадзяне езьдзяць у Беларусь у трыцацць разоў меней, чым наадварот?”


Ул. інф. У часе часе разьвітальнай імпрэзы нямецкага амбасадара ў Менску доктара Гельмута Фрыка, якая адбылася ўчора ўвечары, беларускай грамадзкасьці быў прадстаўлены ягоны пераемнік доктар Мартын Хэкер.

Імпрэза, на якую былі запрошаныя 800 гасьцёў як ад афіцыйнага Менску, так і ад апазыцыі ды няўрадавых арганізацыяў, праводзілася на праспэкце Праўды 11 у новым, яшчэ недабудаваным корпусе будучай консульска-прававой службы нямецкай амбасады. Спадар Мартын Хэкер вітаў беларускую грамадзкасьць наступнымі словамі:

(Хэкер: ) “Штогоду Нямеччына выдае 120 тысяч нямецкіх візаў беларускім грамадзянам. Я думаю, што ў хуткай будучыні будзе рэальным і 140 тысяч візаў. Увогуле я знаходжу гэтую лічбу даволі цікавай. Напярэдадні майго прыезду ў Менск беларускі амбасадар у Бэрліне сказаў мне зь вялікім гонарам, што яны выдаюць штогод 32 тысячы беларускіх візаў грамадзянам Нямеччыны. Такім чынам, кожным 10 тысячам беларускіх грамадзянаў мы выдаем 120 візаў, у той час як кожным 10 тысячам нямецкіх грамадзянаў беларуская амбасада выдае 4 візы. Я задаю сабе пытаньне: чаму нямецкія грамадзяне ў 30 разоў меней робяць паездкі ў Беларусь, чым наадварот?

Мая жонка Ана-Мары і я прыехалі ў Беларусь са шматлікімі пытаньнямі. Зразумела, мы прачыталі шмат літаратуры пра Беларусь. Магу сказаць, што апошнім часам зьявіўся цэлы шэраг кнігаў пра вашую краіну. І цяпер мы будзем імкнуцца да дыялёгу — як да афіцыйнага, так і да дыялёгу з грамадзянамі. Я вельмі ўдзячны спадарам Пэтры і Гельмуту Фрыку за тое, што яны так цёпла прынялі нас тут”.

Мартын Хэкер нарадзіўся ў 1942 годзе на ўсходзе Нямеччыны, аднак у 1950-я гады ягоная сям’я пераехала з ГДР у ФРН. Спадар Хэкер мае юрыдычную адукацыю — вучыўся ва ўнівэрсытэтах ФРН, Аўстрыі, ЗША. У 1970 годзе ён абараніў дысэртацыю і стаў доктарам права. Акрамя ангельскай мовы дыплямат валодае расейскай і арабскай. Ён працаваў на Блізкім Усходзе, Нідэрляндах, ЗША, Расеі. Апошнія тры гады спадар Хэкер зьяўляўся амбасадарам ФРН у Ташкенце.

У Менск спадар Хэкер разам з жонкай прыбылі на запрашэньне доктара Фрыка, каб у тым ліку ўзяць удзел ва ўрачыстасьцях да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад фашызму, якія таксама ладзіць і нямецкая амбасада.

Афіцыйна спадар Хэкер яшчэ не прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. Гэта адбудзецца пасьля таго, як беларускае кіраўніцтва ўручыць яму даверчыя лісты. Некаторыя нямецкія назіральнікі называюць Хэкера дыпляматам з досьведам працы ва ўмовах “рэжыму эміра Карымава” і лічаць, што гэты досьвед будзе нялішнім для працы ў Менску. Тым часам на нямецкім сайце http://german-foreign-policy.com разглядаецца пэрспэктыва дачыненьняў Беларусі з Усходам і Захадам на гэтак званы пераходны пэрыяд, тэрмінам на 10–15 гадоў. Канцэпцыя прапанаваная дарадцам Бэрліна доктарам Гайнцам Тымэрманам. Паводле гэтае канцэпцыі, цягам пераходнага часу Беларусь ня мусіць належаць ні да Расеі, ні да Эўразьвязу, а выконваць свайго роду ролю мосту паміж імі. Гэты час дазволіць Менску, так і ягоным партнэрам нарэшце зразумець, з кім хоча гэтая краіна быць надалей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG